У Беларусь прыляцеў самалёт былога ўкраінскага прэзідэнта Віктара Януковіча, паведаміў праект «Беларускі Гаюн». Мінулы раз экс-прэзідэнт наведваў Беларусь у 2022 годзе, прыкладна праз два тыдні пасля пачатку расійскага поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну.
«У 12.50 у аэрапорце Гомель прызямліўся самалёт Віктара Януковіча Dassault Falcon 900C (RA-09617)», — паведаміў тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн».
Сервіс Flightradar24 пацвярджае, што такі самалёт сёння прыляцеў у Гомель з Масквы.
Апошні раз Януковіч, які ў 2014 годзе збег у Расію, быў у Беларусі ў сакавіку 2022 года — тады ягоны самалёт двойчы прылятаў з Масквы ў Мінск за некалькі гадзін да пачатку другога (2 сакавіка) і трэцяга (7 сакавіка) раўндаў расійска-ўкраінскіх перамоваў.
8 сакавіка 2022 года Януковіч прапанаваў цяперашняму прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму здацца Расіі.
Нагадаем, сёння, 24 траўня, у Беларусі знаходзяцца прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, міністр абароны РФ Андрэй Белавусаў і гендырэктар «Расатама» Аляксей Ліхачоў. Напярэдадні прэс-служба Лукашэнкі паведамляла, што на ягонай сустрэчы з Пуціным у пятніцу, 24 траўня, «пытанні бяспекі таксама будуць падымацца».
Раней прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін не раз заяўляў, што лічыць «рэвалюцыю годнасці» 2014 года ва Украіне «дзяржаўным пераваротам», а Віктара Януковіча — прэзідэнтам Украіны. Старшыня рады прарасійскага руху «Іншая Украіна» Віктар Медвядчук у лютым 2024-га называў Януковіча апошнім легітымным прэзідэнтам Украіны.