Праз інтэрнэт-аўкцыён Беларусі выставілі амаль восем тысяч лотаў з баністычнымі таварамі — старыя і новыя банкноты, каштоўныя паперы, купоны і нават касеты для банкаматаў. «Люстэрка» паглядзела, за колькі прадаюць гэтыя тавары.
Аўкцыяніст з Гомеля выставіў на продаж 100-рублёвую купюру, у якой ёсць брак абрэзкі. Стартавая цана лота — 150 рублёў.
Ёсць набор «Мая краiна Беларусь» узору 2009 года, ён уключае чатыры банкноты — наміналам 5, 10, 20 і 50 рублёў. За яго просяць 350 рублёў.
Пяцірублёвая купюра 2009 года прадаецца за 14,99 рубля. Яна таксама з цікавым нумарам — пяць разоў паўтараецца лічба «4».
Ёсць бракаваная 100-рублёвая купюра — з аднаго боку на ёй «паехалі» лічбы і графічны сімвал. Цана лота — 315 рублёў, можна абмяняць банкноту на беларускія манеты.
За 120 рублёў можна купіць 100-рублёвую банкноту, выпушчаную летась. Прадавец адзначае, што яе ўнікальнасць — у «цікавым» нумары.
Банкноты, што ўжо выйшлі з абароту
У 1992 годзе ў Беларусі хадзілі грашовыя знакі з выявай звяроў. Сёння на аўкцыёне прадаюць шмат такіх купюр, нават цэлымі пачкамі. Напрыклад, ёсць нераспакаваная заводская «цагліна» з тысячы купюр наміналам 50 капеек. Стартавая цана лота — 589,99 рубля. Аднак прадавец паведамляе, што гатовы саступіць у цане ці памяняцца на што-небудзь.
Прадаецца юбілейная банкнота на 20 рублёў 2000 года выпуску, прысвечаная 10-годдзю Нацбанка Беларусі. Прадавец прызначыў цану 499 рублёў, але гатовы патаргавацца.
Прадаецца рублёвая купюра, выпушчаная ў 2000 годзе (яна ўжо не ходзіць у абароце). Прадавец адзначыў, што ў яе прыгожы нумар з паўтаральнымі лічбамі — БД 4177777. Аўкцыён стартуе ад 1,10 рубля.

Таксама выстаўленыя на продаж банкноты «Васількі», за якія можна было раней купіць што-небудзь на «Славянскім базары» ў Віцебску. Пяць купюр прадаюць за 185 рублёў.
Прадаюць цэлы набор банкнот узору 1992−1999 гадоў, якія ў народзе называлі «зайчыкамі». У дадатак да купюраў ідуць купоны, па якіх раней куплялі ў крамах розныя тавары. Набор каштуе 100 рублёў.
Незапоўнены чэк з карэньчыкам ужо нядзейнага «Джэм-банка» прадаюць ад 21 рубля.
Прадавец з Рэчыцы выставіў на аўкцыён дзве касеты для банкамата, якія калісьці запаўняліся банкнотамі. Стартавая цана за абедзве — 85 рублёў.
