З прэзідэнцкіх выбараў, якія змянілі жыццё многіх беларусаў, прайшло тры гады. Тое, што зрабілі ў той дзень (і наступныя) чыноўнікі і сілавікі — ад фальсіфікацыі вынікаў выбараў да гвалту супраць грамадзян, — уплывае на нашае жыццё вось ужо 1095 дзён. Тысячы палітвязняў, дзясяткі ахвяраў, сотні тысяч тых, хто з’ехаў з краіны, мільярдныя страты для эканомікі. «Люстэрка» расказвае, чым абярнуліся для нашай краіны падзеі апошніх трох гадоў.
Тысячы палітвязняў, праз што эканоміка страчвае мільярды даляраў
Паводле звестак праваабаронцаў, у Беларусі палітвязнямі прызналі амаль 1500 чалавек. Гэта людзі, якія проста цяпер знаходзяцца за кратамі. Усяго ж з 2020 года палітвязнямі прызналі больш за 2290 чалавек. Паводле ацэнкі прадстаўніцы па сацыяльных пытаннях Аб’яднанага пераходнага кабінета Вольгі Гарбуновай, колькасць людзей, якія знаходзяцца за кратамі па палітычных матывах, можа быць у тры разы вышэйшай і дасягаць 5 тысяч.
Гэта значыць, што праз рэпрэсіі тысячы дзяцей засталіся без аднаго, а ў некаторых выпадках — без абаіх бацькоў. А пажылыя беларусы — без падтрымкі сваіх дзяцей, якія аказаліся за кратамі. Многія з іх не ведаюць, ці ўбачаць яшчэ калі-небудзь сваіх сыноў і дачок, бо па палітычных справах беларусаў часам асуджаюць на вялізныя тэрміны.
Масавыя рэпрэсіі такога кшталту ў першую чаргу нясуць гора сем’ям палітвязняў, іх саміх пазбаўляюць здароўя, а часам і жыцця. Аднак яны не могуць не паўплываць і на эканоміку. Як адзначаў эканаміст Дзмітрый Крук, ад таго, што гэтыя людзі не могуць жыць сваім звычайным жыццём, працаваць і хадзіць у краму, эканоміка страчвае ад 14,4 да 48 млн даляраў у год.
Агулам жа ад масавага знаходжання за кратамі палітвязняў эканоміка, паводле ацэнак эксперта, страчвае як мінімум 3% ВУП, гэта 2,1 млрд даляраў. І гэта без уліку ўплыву санкцый.
Страты ад санкцый — да 14 млрд даляраў
З самага пачатку ўвядзення санкцый супраць Беларусі, якія сталі адказам на масавыя рэпрэсіі, гвалт пасля выбараў 2020 года і парушэнні правоў чалавека, улады рабілі шмат заяваў, што супярэчылі адна адной. У 2021 годзе Аляксандр Лукашэнка сцвярджаў, што ад санкцый пацярпіць сам Захад. У красавіку 2022-га, калі санкцыйны ціск узмацніўся праз спрыянне Мінска расійскай ваеннай агрэсіі, палітык заяўляў, што абмежаванні адкрываюць новыя магчымасці, і прапаноўваў проста забыцца на іх.
У той жа час прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка ў чэрвені гэтага года прызнаў, што пад санкцыі Захаду трапіла чвэрць беларускай эканомікі. А яшчэ раней ён сцвярджаў, што «санкцыі нам на руку», хоць прызнаваў, што ў сувязі з абмежаваннямі быў заблакаваны практычна ўвесь экспарт у краіны ЕС і Паўночную Амерыку.
Страты з прычыны санкцыі, якія ўводзіліся супраць Беларусі ў апошнія тры гады праз парушэнне правоў чалавека ў нашай краіне і праз суўдзел Мінска ў ваеннай агрэсіі, эканаміст Дзмітрый Крук ацэньваў у 7−14 млрд даляраў. Паводле яго звестак, негатыўны ўплыў на эканоміку ад уведзеных за гэты час абмежаванняў можа дасягаць 10−20% ВУП.
Аднак беларускія ўлады ні разу публічна не прызналі, што абмежаванні, якія ўводзяць супраць Мінска многія развітыя краіны, наўпрост звязаныя з дзеяннямі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і яго нежаданнем пачуць беларускі народ. Адпаведна, яны не робяць нічога, каб нешта змяніць у гэтым кірунку. Замест гэтага чыноўнікі ўсё больш адмяжоўваюцца ад людзей, старанна хаваюць непрывабныя факты, закрываюць незалежныя медыя і забараняюць працаваць незалежным экспертам у розных галінах, уключаючы эканоміку. Робіцца гэта толькі для таго, каб дагадзіць палітыку, які ў 2020 годзе развязаў вайну супраць беларусаў, што захацелі на законных падставах звольніць яго з пасады прэзідэнта.
Ахвяры гвалту і рэпрэсій
Адлік ахвяраў масавых рэпрэсій пачаўся літаральна на наступны дзень пасля прэзідэнцкіх выбараў. Увечары 10 жніўня каля станцыі метро «Пушкінская» сілавікі застрэлілі мінчаніна Аляксандра Тарайкоўскага. Другой ахвярай стаў Аляксандр Віхор, які загінуў, як сцвярджалі сілавікі, «пасля пагаршэння самаадчування» і праблем з сэрцам пасля затрымання ў Гомелі. Малады чалавек памёр у бальніцы, куды трапіў у стане клінічнай смерці. Вядома, што пасля затрымання яго збівалі.
19 жніўня 2020-га пасля ранення ў галаву, атрыманага за восем дзён да гэтага, памёр брастаўчанін Генадзь Шутаў. 12 лістапада пасля збіцця невядомымі і трапляння ў РУУС у бальніцы памёр Раман Бандарэнка.
Падчас 52-й сесіі Савета па правах чалавека ААН заяўлялася, што ў 2020 годзе ў выніку незаконных дзеянняў праваахоўных органаў у Беларусі загінула пяць чалавек.
У верасні 2021 года сілавікі ў поўнай экіпіроўцы спрабавалі затрымаць IT-спецыяліста Андрэя Зельцэра, у выніку перастрэлкі загінулі два чалавекі: сам уладальнік кватэры і супрацоўнік КДБ Дзмітрый Федасюк.
Умовы, у якіх утрымліваюцца зняволеныя ў нашай краіне, без перабольшання можна назваць цяжкімі. А з улікам моцнага ціску і стварэння яшчэ цяжэйшага становішча для палітычных, многія з іх аказваюцца на мяжы выжывання. А некаторыя гінуць за кратамі. 11 ліпеня 2023 года стала вядома пра смерць палітзняволенага мастака Алеся Пушкіна. Ён памёр у рэанімацыі гродзенскай бальніцы і стаў трэцім палітвязнем (з вядомых грамадскасці выпадкаў), што загінуў за кратамі. Не дачакаліся выхаду на волю таксама Вітольд Ашурак і Мікалай Клімовіч. У пачатку 2022 года стала вядома, што ў Магілёве на «хіміі» скончыў жыццё самагубствам палітвязень Дзмітрый Дудойць.
Ні ў адным з выпадкаў вінаватыя ў смерці беларусаў не былі пакараныя, а ў выпадку з Генадзем Шутавым яго пасмяротна прызналі вінаватым па крымінальным артыкуле за «замах на забойства прадстаўнікоў сілавых структур».
Сотні тысяч беларусаў, якія з’ехалі, і выклікі для эканомікі праз гэта
Колькасць мігрантаў, якія пакінулі Беларусь пасля выбараў 2020 года, ідзе на сотні тысяч. Ацаніць дакладныя маштабы ад’езду беларусаў з краіны даволі складана. Звесткі ў розных крыніцах часам адрозніваюцца ў разы. Так, паводле звестак на сярэдзіну мінулага года, у Польшчы жыло 52 313 беларусаў з дакументамі, што даюць права на жыццё ў гэтай краіне, яшчэ 15 279 мелі нацыянальныя візы. З пачатку 2021 да сярэдзіны 2022 года Польшча выдала беларусам 31 709 ВНЖ. У Літве ў пачатку 2023 года жылі 48 804 беларусы, а на 1 ліпеня — трохі больш за 58 тысяч.
Паводле звестак Еўрастата, толькі ў 2021 годзе 149 тысяч беларусаў упершыню атрымалі ВНЖ у краінах Еўрасаюза. Звесткі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы ў разы вышэйшыя: там заяўлялі, што з 2020 года з Беларусі магло з’ехаць ад 200 да 500 тысяч чалавек. У 2022 годзе на міграцыю моцна паўплывала вайна ва Украіне. Аднак большая частка тых, хто з’ехаў з краіны, зрабіла такі выбар менавіта з прычыны рэпрэсій.
Нават калі грунтавацца на самых сціплых ацэнках, напрыклад пра тое, што за год з нашай краіны з’ехала каля 100 тысяч чалавек, то гэта крыху больш за 1% насельніцтва Беларусі. «Калі страчваць 1% на год, то за дзесяць гадоў з краіны з’едзе кожны дзясяты яе жыхар, або 920 тысяч чалавек», — такую ацэнку давала эканаміст Кацярына Барнукова.
Ужо цяпер відаць наступствы высокай міграцыі. Яна адбіваецца на дэмаграфіі, бо, з аднаго боку, з’ехалі сем'і з дзецьмі, з другога — маладыя людзі, што будуць будаваць сем'і і заводзіць дзяцей ужо не ў Беларусі. Дэмаграфічныя наступствы будуць адчувацца вельмі доўгі час. Улічваючы тэмпы старэння насельніцтва і імавернасць таго, што далёка не ўсе з тых, хто з’ехаў, вернуцца на радзіму, гэты працэс узмацняе рызыкі для пенсійнай сістэмы ў будучыні. Прасцей кажучы, становіцца ўсё больш актуальным пытанне, хто будзе плаціць пенсіі людзям, што выйдуць на заслужаны адпачынак у не такой і далёкай будучыні.
Зніжэнне занятасці, якое назіраецца апошнім часам, таксама вядзе да стратаў у эканоміцы, паводле ацэнкі эканамістаў, як мінімум 1% ВУП. Ужо цяпер на рынку працы адчуваецца дэфіцыт работнікаў, адной з прычын якога стала міграцыя.
Рэлакацыя IT і страта бізнесу
З Беларусі з’язджаюць не толькі людзі, але і цэлыя кампаніі. Самы яскравы прыклад — масавы адток фірмаў з IT-сектара. Паводле ацэнкі вядомага прадстаўніка галіны Паўла Лібера, можна казаць пра адток паловы IT-спецыялістаў, якія былі ў краіне да пачатку рэпрэсій. Толькі за 2022 год галіна страціла 16,5 тысячы такіх спецыялістаў. З драйвераў эканомікі галіна IT перайшла ў адсталую групу, а страты эканомікі, імаверна, можна ацэньваць у сотні мільёнаў даляраў.
Пераязджаюць не толькі айцішнікі, але і фірмы з іншых галін. У цэлым у Польшчы ў 2022 годзе адкрылася ў два разы больш фірмаў, заснаваных беларусамі, чым у 2021-м і ў 3,7 — чым у 2020-м. Усяго ў 2022 годзе беларусы адкрылі ў гэтай краіне больш за 1,7 тысячы фірмаў.
Статыстыка па адтоку бізнесу ў Беларусі становіцца ўсё больш закрытай, але калі паглядзець звесткі за першую палову 2022 года, там відаць, што эканоміка страціла каля 2% малых і сярэдніх кампаній. Гэта даволі высокая ступень страты бізнесу за паўгода.
Колькасць ІП за мінулы год скарацілася на 4,2% — да 262,7 тысячы.
«Чым даўжэй цягнецца цяперашняя сітуацыя з адтокам бізнесу, тым мацней падрываюцца перспектывы беларускай эканомікі», — рабіў выснову эканаміст Дзмітрый Данільчук. Паводле яго ацэнак, з кожным годам зніжаецца імавернасць вяртання кампаній, што рэлакаваліся з краіны.
Усе гэтыя лічбы, за часткай з якіх хаваецца шмат болю і пакутаў, паказваюць цану, якую плаціць краіна за тое, што ў беларусаў адабралі права голасу. Рэпрэсіі ў нашай краіне цягнуцца ўжо тры гады, і пра іх завяршэнне ў агляднай будучыні нішто не сведчыць. Гэта значыць, што ўсе гэтыя страты для эканомікі будуць расці.
Чытайце таксама