У мінскай кватэры знайшлі трупы двух мужчын. Высветлілася, што да сваёй гібелі яны ўжывалі наркотыкі, расказалі ў Дзяржкамітэце судовых экспертыз.
У сярэдзіне ліпеня кампанія з чатырох чалавек адпачывала ў адной са сталічных кватэр. У разгар балявання 34-гадовы гаспадар прапанаваў ужыць наркотыкі, і ўсе пагадзіліся.
Раніцай адзін з гасцей адчуў сябе кепска, убачыў двух прыяцеляў на падлозе без прытомнасці і выклікаў хуткую. Медыкі аказалі мужчыну першую дапамогу, у пары іншых канстатавалі смерць. Дактары паведамілі пра здарэнне ў міліцыю.
Загінулі 48-гадовы і 40-гадовы мужчыны. Для высвятлення дакладнай прычыны смерці прызначылі экспертызы.
Згодна з высновамі судовага эксперта, смерць старэйшага мужчыны наступіла ад «вострага атручання асабліва небяспечным наркатычным сродкам — метадонам, што пацвердзілася наяўнасцю смяротнай канцэнтрацыі ў крыві, у сценцы страўніка, у печані і ў скуры з ін'екцыяй».
У яго 40-гадовага таварыша таксама знайшлі метадон у крыві. «Аднак смерць наступіла ад кардыяміяпатыі (захворванне мышцы сэрца), якая ўскладнілася развіццём вострай сардэчна-сасудзістай недастатковасці», — паведамілі ў ДКСЭ.
Распачатая крымінальная справа.
Нагадаем, метадон разам з альфа-PVP апошнія пяць гадоў лідзіруюць у Беларусі як прычына смерці ад атручання наркотыкамі, выпадкі з іншымі рэчывамі вельмі рэдкія. У 2023 годзе ад метадону ў Мінску загінула больш за 30 чалавек.