Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн выбачыўся перад прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім за шматмесячную затрымку ў пастаўцы ваеннай дапамогі. Як паведамляе CNN, гэта адбылося падчас двухбаковай сустрэчы прэзідэнтаў у Парыжы.
«Я прашу прабачэння за тое, што некалькі тыдняў мы не ведалі, што будзе прынята з пункту гледжання фінансавання, бо ў нас былі праблемы з прыняццем законапраекта, у якім былі грошы, праз некаторых нашых вельмі кансерватыўных чальцоў, якія яго затрымлівалі, але мы зрабілі гэта», — сказаў Байдэн.
Прэзідэнт ЗША адзначыў стойкасць украінскага народа і заявіў пра далейшую яго падтрымку.
«Вы ведаеце, вы не скарыліся, вы наогул не саступілі, вы працягваеце змагацца спосабам, які проста дзівосны, проста цудоўны, — і мы не збіраемся вас пакідаць», — запэўніў Байдэн.
Ён таксама абвясціў пра новы пакет дапамогі на 225 мільёнаў даляраў для аднаўлення электрасетак Украіны.
Прэзідэнты прыбылі ў Францыю, каб узяць удзел у мерапрыемствах, прысвечаных 80-годдзю высадкі войскаў саюзнікаў у Нармандыі. Гэта падзея таксама атрымала назву Дзень Д.
Нагадаем, Кангрэс ЗША пяць месяцаў не мог узгадніць вылучэнне ваеннай дапамогі Украіне. Яго блакавалі ультраправыя прыхільнікі Дональда Трампа, якія патрабавалі звязаць вылучэнне грошай Украіне то з міграцыяй праз мексіканскую мяжу, то з ліцэнзаваннем экспарту звадкаванага газу.
Чытайце таксама