Паветраная бітва паміж Паўночнай і Паўднёвай Карэямі працягваецца. У адказ на пасылкі з Пхеньяна са смеццем і гноем актывісты з Сеула адправілі суседзям паветраныя шары з далярамі і культурнай прапагандай. Пра гэта паведаміў тэлеканал CNN.
У адпраўленых у Паўночную Карэю шарах, паводле актывістаў, паляцелі 200 тысяч улётак з крытыкай паўночнакарэйскага рэжыму, дзве тысячы купюр вартасцю адзін даляр, а таксама 5 тысяч флэшак з запампаванай на іх музыкай у жанры K-pop і паўднёвакарэйскімі серыяламі.
«Вораг народа Кім Чэн Ын адпраўляе бруд і смецце народу Паўднёвай Карэі, а мы, перабежчыкі, адпраўляем нашым братам у Паўночнай Карэі праўду і любоў!» — напісалі актывісты.
Многія гады паўднёвакарэйцы адпраўляюць паветранымі шарамі на тэрыторыю паўночнага суседа прадукты, лекі, радыёпрыёмнікі, прэсу і ўлёткі. Папярэдняя партыя была закінутая ў пачатку траўня. І нядаўняя акцыя паўночнакарэйскага кіраўніцтва з гноем і смеццем стала адказам на гэтыя дзеянні.
У Паўночнай Карэі за прагляд забароненых фільмаў, серыялаў і музычных кліпаў можна атрымаць сур’ёзнае пакаранне — у студзені 2024 года па гэтым артыкуле на 12 гадоў катаргі асудзілі двух 16-гадовых школьнікаў, паведамляла Бі-бі-сі.