У Генштабе УСУ паведамілі, што аператыўная абстаноўка на ўсходзе і поўдні Украіны застаецца складанай. У Міністэрстве абароны РФ заявілі, што расійскія падраздзяленні палепшылі становішча ў раёне населенага пункта Новаягораўка Харкаўскай вобласці. Расказваем, пра што яшчэ гаворыцца ў зводках штабоў і справаздачах экспертаў на 562-і дзень вайны ва Украіне.
Генштаб УСУ: Армія РФ правяла няўдалыя атакі ў раёнах Кераміка і Аўдзееўкі
За мінулыя суткі расійская армія нанесла сем ракетных, 74 авіяцыйныя ўдары, правяла 46 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях УСУ і населеных пунктах. Пра гэта паведамляе ўкраінскі Генштаб.
За мінулыя суткі адбылося 39 баявых сутыкненняў з праціўнікам.
— На Северскім і Слабажанскім напрамках армія РФ нанесла авіяцыйныя ўдары па шасці населеных пунктах, абстраляла з артылерыі і мінамётаў больш чым 25 населеных пунктаў Чарнігаўскай, Сумскай і Харкаўскай абласцей.
— На Купянскім напрамку Сілы абароны адбілі атакі праціўніка ў раёне Сінькоўкі. Артылерыйскім і мінамётным абстрэлам падверглася больш чым 15 населеных пунктаў Харкаўскай вобласці.
— На Ліманскім напрамку УСУ адбілі расійскія атакі ў раёне Новаягораўкі Луганскай вобласці. Праціўнік нанёс авіяцыйныя ўдары каля Белагораўкі Луганскай вобласці, на захад ад Дзібровы, Спірнога Данецкай вобласці. Артылерыйскім і мінамётным абстрэлам падвергліся больш чым 15 населеных пунктаў Данецкай вобласці.
— На Бахмуцкім напрамку ўкраінскія войскі адбілі атакі ў раёнах Арэхава-Васільеўкі, Кляшчэеўкі і Андрэеўкі Данецкай вобласці. Расійская армія нанесла авіяцыйны ўдар непадалёк Маёрска Данецкай вобласці. Артылерыйскім і мінамётным абстрэлам падвергліся больш чым 15 населеных пунктаў Данецкай вобласці.
У выніку штурмавых дзеянняў Сілы абароны маюць частковы поспех на поўдзень ад Бахмута, выцясняюць праціўніка з займаных пазіцый і замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах.
— На Аўдзееўскім напрамку расійскія войскі няўдала атакавалі ў раёнах Данецкай вобласці і Аўдзееўкі Данецкай вобласці. Нанеслі авіяўдар паблізу Аўдзееўкі, з артылерыі і мінамётаў абстралялі больш чым 10 населеных пунктаў Данецкай вобласці.
— На Мар'інскім напрамку Сілы абароны працягваюць стрымліваць наступ расійскіх войскаў у раёнах Мар'інкі і Новаміхайлаўкі Данецкай вобласці і адбілі тут за суткі больш чым 10 атак. Праціўнік нанёс авіяцыйны ўдар у раёне Краснагораўкі, абстраляў каля 15 населеных пунктаў Данецкай вобласці.
— На Шахцёрскім напрамку УСУ адбілі расійскія атакі ў раёне на поўдзень ад Прачыстоўкі. Праціўнік нанёс авіяўдар каля Ураджайнага. Артылерыйскім і мінамётным абстрэлам падвергліся каля 10 населеных пунктаў.
— На Запарожскім напрамку расіяне нанеслі авіяцыйныя ўдары ў раёнах Малой Такмачкі, Залатой Нівы, Рабоціна, Новаданілаўкі і Амельніка Запарожскай вобласці, абстралялі з артылерыі больш чым 20 населеных пунктаў.
— На Херсонскім напрамку войска Расіі нанесла авіяўдар непадалёк ад Казацкага. Артылерыйскім і мінамётным абстрэлам праціўніка падвергліся Антонаўка, Херсон, Веляценскае, Томіна Балка Херсонскай вобласці.
У той жа час Сілы абароны Украіны працягваюць наступальную аперацыю на Мелітопальскім напрамку і крок за крокам вызваляюць акупаваныя тэрыторыі, маюць поспех у раёне на поўдзень ад Рабоціна, замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах.
— За мінулыя суткі авіяцыя Сіл абароны нанесла 10 удараў па раёнах канцэнтрацыі асабовага складу, узбраення, ваеннай тэхнікі і па пазіцыях зенітна-ракетных комплексаў расійскіх войскаў.
— Падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі пабілі склад боепрыпасаў, шэсць артылерыйскіх сродкаў, два пункты кіравання, два зенітна-ракетныя комплексы праціўніка.

Мінабароны РФ: Пабілі камандна-назіральныя пункты падраздзяленняў УСУ
— На Данецкім напрамку падраздзяленні Паўднёвай групоўкі войскаў ва ўзаемадзеянні з авіяцыяй і артылерыяй адбілі 12 атак падраздзяленняў 3-й штурмавой, 77-й аэрамабільнай, 110-й механізаванай брыгад УСУ, а таксама 241-й брыгады тэрытарыяльнай абароны ў раёнах населеных пунктаў Андрэеўка, Арцёмаўск (Бахмут), Арэхава-Васілеўка і Вясёлае Данецкай вобласці.
Акрамя таго, у раёне населенага пункта Аўдзееўка знішчаны камандна-назіральны пункт 110-й механізаванай брыгады УСУ.
— На Запарожскім напрамку падраздзяленні расійскай групоўкі войскаў цягам сутак адбілі пяць атак штурмавых груп 82-й дэсантна-штурмавой брыгады УСУ ў раёне населенага пункта Вербавае Запарожскай вобласці.
— На Купянскім напрамку падраздзяленні Заходняй групоўкі войскаў падчас актыўных дзеянняў палепшылі становішча па пярэднім краі, а таксама пры падтрымцы авіяцыі і агню артылерыі адбілі тры атакі 95-й дэсантна-штурмавой брыгады УСУ ў раёне населенага пункта Новаягораўка Харкаўскай вобласці.
— На Чырвоналіманскім напрамку падраздзяленні групоўкі войскаў «Цэнтр» ва ўзаемадзеянні з авіяцыяй і артылерыяй адбілі дзве атакі штурмавых груп 63-й механізаванай брыгады УСУ ў раёне населенага пункта Чырвоная Дзіброва Луганскай вобласці.
У раёнах населеных пунктаў Серабранка і Ямпалоўка Данецкай вобласці нанесенае агнявое паражэнне падраздзяленням 12-й брыгады спецыяльнага прызначэння і 21-й механізаванай брыгады УСУ.
— На Паўднёва-Данецкім напрамку падраздзяленні расійскай групоўкі войскаў «Усход» пры падтрымцы авіяцыі і артылерыі адбілі атаку штурмавой групы 38-й механізаванай брыгады УСУ. Акрамя таго, у раёне населенага пункта Новаданецкае Данецкай вобласці знішчаны палявы склад боепрыпасаў падраздзялення УСУ.
Усяго за суткі, паводле МА РФ, авіяцыяй, ракетнымі войскамі і артылерыяй нанесенае агнявое паражэнне жывой сіле і ваеннай тэхніцы УСУ ў 113 раёнах.
У раёне населенага пункта Трудавое Запарожскай вобласці знішчаная радыёлакацыйная станцыя выяўлення і суправаджэння малавышынных цэляў СТ-68У. у раёне населенага пункта Серабранка Данецкай вобласці пабітыя камандна-назіральныя пункты падраздзяленняў 63-й механізаванай брыгады УСУ і 100-й брыгады тэрытарыяльнай абароны.
Сродкамі СПА перахопленыя чатыры рэактыўныя снарады сістэмы залпавага агню HIMARS. Знішчаны 31 беспілотны лётны апарат.
Інстытут па вывучэнні вайны: Расійскія лініі абароны — сур’ёзная перашкода для УСУ
7 верасня ўкраінскія войскі працягнулі наступальныя дзеянні пад Бахмутам і на захадзе Запарожскай вобласці і дамагліся чарговых поспехаў на абодвух участках фронту. На спадарожнікавых здымках, атрыманых 6 верасня, відаць падпаленая лістота на лініі дрэваў прыкладна за кіламетр на паўночны захад ад вёскі Вербавое ў Запарожскай вобласці, што дазваляе дапусціць, што расійскія войскі вядуць агонь па ўкраінскіх сілах, што наступаюць у гэтым раёне. Кадры з геалакацыяй, апублікаваныя 7 верасня, сведчаць, што ўкраінскія сілы дамагліся невялікіх поспехаў на паўночны захад ад Кляшчэеўкі (7 км на паўднёвы захад ад Бахмута). Генштаб Украіны паведаміў, што ўкраінскія сілы дасягнулі поспехаў на поўдзень ад Бахмута і ў раёне Рабоціна (10 км на поўдзень ад Арэхава) і Вербавога на захадзе Запарожскай вобласці.

Дырэктар па аналізе разведкі Пентагона Трэнт Мол заявіў, што існуе «рэальная імавернасць» таго, што ўкраінскія сілы прарвуць расійскую абарону на поўдні Украіны да канца 2023 года, у той час як украінская крыніца дапусціла, што расійскія абарончыя пазіцыі за першай лініяй слабейшыя, чым тыя, якія ўкраінскія сілы прарвалі раней.
ISW папярэджвае, што гэтая здагадка можа быць памылковай з прычыны недахопу інфармацыі.
УСУ дамагаюцца тактычных поспехаў і паспяхова знясільваюць абарончыя расійскія сілы, контрнаступленне Украіны можа прывесці да аператыўных поспехаў у 2023 годзе, але наступныя лініі расійскіх абарончых пазіцый па-ранейшаму ствараюць сур’ёзныя праблемы для ўкраінскіх сіл і на асобных участках могуць быць трывала ўмацаваныя, кажуць эксперты.
6 верасня прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін павысіў да генерал-палкоўніка камандуючага Цэнтральнай групоўкай войскаў Расіі ва Украіне Андрэя Мардвічава і камандуючага 8-й агульнавайсковай арміяй (Паўднёвая вайсковая акруга) Генадзя Алашкіна, а начальніка Галоўнага аўтабранятанкавага ўпраўлення Мінабароны Аляксандра Шастакова — да генерал-лейтэнанта. Цэнтральная групоўка войскаў у асноўным дыслакуецца ва Украіне на лініі Купянск — Сватава — Крамянная, а 8-я агульнавайсковая армія — у раёне Бахмута і на лініі Аўдзееўка — Данецк.
У Інстытуце кажуць, што Пуцін, хутчэй за ўсё, павысіў іх у званнях для таго, каб узнагародзіць за лаяльнасць і паслухмянасць найвышэйшаму расійскаму вайсковаму камандаванню, а не ў выніку прызнання заслуг на поле бою.

На што яшчэ звярнулі ўвагу эксперты:
- у ноч з 6 на 7 верасня расійскія войскі правялі яшчэ адну маштабную атаку і ўдарылі беспілотнікамі «Шахед-136/131» па Сумскай і Адэскай абласцях;
- расійскія войскі працягнулі наступальныя дзеянні на лініі Купянск — Сватава — Крамянная, на Бахмуцкім напрамку, на лініі Аўдзееўка — Данецк і ля мяжы Данецкай і Запарожскай абласцей, але пацверджанняў, што гэтыя аперацыі былі паспяховымі, няма.