Прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў заклікаў арыентавацца на афіцыйную інфармацыю пра здароўе Аляксандра Лукашэнкі, адзначыўшы, што Мінск не паведамляў пра якія-кольвек праблемы з ягоным станам здароўя, перадае ТАСС.
«Трэба арыентавацца на афіцыйныя паведамленні. Ніякіх такіх афіцыйных паведамленняў з боку Мінска не было. І тут мы лічым, што вельмі важна менавіта арыентавацца на афіцыйную інфармацыю», — так ён адказаў на пытанне, ці занепакоеныя ў Крамлі чуткамі пра магчымыя праблемы са здароўем у Лукашэнкі.
Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка ўжо шосты дзень не паказваецца на публіцы.
Апошні раз палітык відавочна кепска сябе адчуваў на парадзе ў Маскве 9 траўня, а на ўрачыстасцях на 9 траўня ў Мінску замест яго прамову гаварыў міністр абароны Віктар Хрэнін. На Дзень сцяга, герба і гімна ён наогул не прыйшоў, а яго віншаванне зачытваў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка.
У нядзелю дэпутат расійскай Дзярждумы заявіў, што Лукашэнка хварэе. Ён таксама адзначыў, што яму вядомы дыягназ, і дадаў, што гэта не кавід. Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета па транзіце ўлады Павел Латушка паведаміў, што, паводле інфармацыі НАУ, у Лукашэнкі інфекцыйна-алергічны міякардыт. Гэта запаленчае паражэнне сардэчнай мышцы як адказ на інфекцыю. Сімптомы інфекцыйна-алергічнага міякардыту ўключаюць дыхавіцу, недамаганне, сэрцабіццё, болі ў сэрцы, умераныя болі ў суставах.