Міністэрства абароны Вялікабрытаніі апублікавала разведвальную зводку, у якой са спасылкай на расійскія крыніцы расказала пра «надзвычай вялікую» колькасць інцыдэнтаў, злачынстваў і смерцяў, звязаных з ужываннем алкаголю вайскоўцамі РФ. Калі верыць гэтым звесткам, то п’янства займае значнае месца ў структуры небаявых стратаў расійскай арміі. На думку брытанцаў, камандзіры УС РФ мусяць разумець, што спіртное дрэнна ўплывае на баяздольнасць, але вымушаныя мірыцца з гэтай з’явай, бо злоўжыванне алкаголем шырока распаўсюджанае ў расійскім грамадстве і разглядаецца як неад’емная частка жыцця вайскоўцаў — нават у баявых умовах. Каб зразумець, у чым мае рацыю брытанская разведка, а ў якіх высновах памыляецца, мы вывучылі няпростую гісторыю ўзаемаадносін расійскай арміі з алкаголем.
Да XX стагоддзя
Уздзеянне алкаголю на ваенную гісторыю Вялікага княства Маскоўскага прасочваецца як мінімум з другой паловы XIV стагоддзя. У 1377 годзе некалькі маскоўскіх палкоў выйшлі насустрач золатаардынскаму войску Араб-шаха і сталі лагерам на беразе ракі П’яна ў цяперашняй Ніжагародскай вобласці. Тут маскоўскія ваяводы атрымалі вестку пра тое, што ардынская армія яшчэ вельмі далёка, і вырашылі даць сабе адпачынак: «начаша ловы за зверми и птицами творити, и потехи деюще, не имея ни малейшаго сомнения». Прыклад з камандзіраў узялі і шараговыя воіны, якія звалілі на вазы зброю і даспехі і пачалі п’янстваваць.

Тым часам мясцовыя мардоўскія князі таемнымі сцежкамі вывелі войска Залатой Арды на маскоўскі лагер. Ардынцы імкліва атакавалі маскоўцаў, якія весела бавілі час. Не гатовыя да бою воіны спрабавалі знайсці ратаванне на іншым беразе ракі, але многія з іх, уключаючы князя Івана Дзмітрыевіча, які камандаваў войскам, патанулі. Пасля разгрому маскоўскага войска ардынцы разбурылі Ніжагародскае і Разанскае княствы. Сама ж бітва ў летапісе была адзначаная каламбурам: «поистине за Пьяною пьяни».
Праз 66 гадоў, у 1433-м, падчас барацьбы за маскоўскі пасад паміж нашчадкамі Дзмітрыя Данскога на берагах ракі Клязьмы сышліся два войскі. Адным з іх камандаваў 18-гадовы маскоўскі князь Васіль II, пасля празваны Цёмным, другім — яго дзядзька, князь звянігарадскі і галіцкі Юрый Дзмітрыевіч.
Бітва скончылася перамогай Юрыя Дзмітрыевіча — у тым ліку і таму, што маскоўскае войска з’явілася на поле бою п’яным пасля шматдзённага вяселля князя Васіля. Паводле летапісца, «а от москвич не бысть никоея помощи, мнози бо пьяни от них, а и с собою мед везяху, что пити еще»".
Нягледзячы на відавочныя праблемы, звязаныя са злоўжываннем алкаголем, «зялёны змей» трывала ўкараніўся не толькі ў феадальных атрадах Маскоўскай дзяржавы, але і пракраўся ў першае яго пастаяннае войска XVI-XVII стагоддзяў — стралецкае. Хоць фармальна п’янства сярод стральцоў забаранялася, алкаголь («віно хлебнае», то-бок самагон, выраблены са збожжа) уваходзіў у стралецкае «кармавое жалаванне». Напрыклад, у 1676 годзе для паходу з Масквы на Кіеў было загадана выдаць 327 літраў «хлебнага віна» на 2139 стральцоў — то-бок прыкладна 150 грамаў на чалавека. Асаблівыя гарэлачныя «выплаты» належплі стральцам-гарматнікам «за гарматную стральбу». У жніўні таго ж 1676 года 46 гарматнікаў атрымалі за гэта вядро гарэлкі — то-бок прыкладна па 200 грамаў на чалавека.
Акрамя таго, алкаголь выкарыстоўваўся як сродак матывацыі стральцоў у баявой абстаноўцы. Шатландскі афіцэр Патрык Гордан, які быў на маскоўскай службе ў 1661−1699 гадах, расказваў, як падчас абароны Чыгірына ад турэцкіх войскаў у 1678 годзе пераконваў стральцоў удзельнічаць у вылазках, абяцаючы ім вызваленне ад разнастайных абавязкаў, грошы, тавары (мяшкі з поўсцю) і «ўдосталь гарэлкі ў дадатак».
Алкагольныя напоі былі настолькі папулярнымі ў стральцоў, што падчас стралецкага бунту 1682 года царэўна Соф’я змагла перавабіць з іх дапамогай паўстанцаў на свой бок. Мяцежныя салдаты атрымалі ад яе па цэбры піва і меры медавухі на кожны дзясятак (прыкладна па 2,4 літра піва і 2,6 літра медавухі на чалавека). Пасля гэтага яны «і думаць перасталі» пра ранейшыя свае планы «да побежали всякой десяток с своим ушатом, да перепилися пьяны». П’яныя стральцы пакінулі сваіх нядаўніх саюзнікаў-старавераў і прынеслі царэўне Соф'і свае «павінныя».
Маскоўская ўлада зрабіла пэўныя высновы з гэтых падзей. Хоць п’яныя стральцы «пакаяліся», самыя актыўна падчас паўстання стралецкія палкі былі высланыя з Масквы ў Кіеў, Чарнігаў, Бранск, Смаленск, Вялікія Лукі, Пскоў, Астрахань і іншыя памежныя гарады. Сярод прычын пераводу называлася і п’янства: «в тех полкех те <…> стрельцы быть негодны, потому что они пьяницы, и зернщики, и всякому злому делу пущие завотчики, и расколщики, и в с мутное время были убойцы и грабители». Замест «убойц и грабителей» у маскоўскі гарнізон былі выкліканыя стралецкія палкі, якія не заплямілі сябе мяцяжом, у тым ліку з Кіева, Батурына і Пераяслаўля.
Першая сусветная вайна
Як і ў Маскоўскай дзяржаве, у Расійскай імперыі стаўленне да ўжывання алкаголю на вайсковай службе было дваістым. З аднаго боку, улады разумелі, што п’янства згубна ўплывае на дысцыпліну ў войсках і іх баяздольнасць. Каб абмежаваць яго раскладальнае ўздзеянне, са студзеня 1903 года ніжнія чыны (то-бок салдаты і унтэр-афіцэры) пазбаўляліся нават права купляць віно і спірт у казённых вінных крамах без дазволу ў выглядзе запіскі з пячаткай ад свайго камандзіра роты. А «Памятка рускага салдата» абвяшчала, што «поўная цвярозасць для салдата — адна з вялікіх мэтаў, да якой ён мусіць імкнуцца».
З іншага боку, алкаголь часта лічыўся матывавальным, заахвочвальным сродкам — і да 1909 года ніжнія чыны атрымлівалі «казённыя вінныя порцыі» бясплатна, калі знаходзіліся ў палявых умовах (то-бок па-за пунктамі пастаяннай дыслакацыі). Для гэтага кожны салдат у паходзе насіў пры сабе спецыяльную медную або алюмініевую чарку.
Да практыкі выдачы алкаголю салдатам расіяне рэгулярна вярталіся падчас баявых дзеянняў. Напрыклад, у 1812 годзе імператар Аляксандр I распарадзіўся выдаваць ніжнім чынам па чатыры чаркі (прыкладна паўлітра) гарэлкі на тыдзень, а падчас Крымскай вайны 1853−1856 гадоў салдаты атрымлівалі па дзве-тры чаркі гарэлкі на тыдзень. Некаторыя часткі атрымлівалі гарэлку пастаянна, незалежна ад удзелу ў баявых дзеяннях. Напрыклад, у войсках, раскватараваных у губернях Царства Польскага (часткі Польшчы, якая трапіла пасля Напалеонаўскіх войнаў у склад Расійскай імперыі), салдаты і ў мірны час атрымлівалі па 156 чарак (каля 19 літраў) гарэлкі на год.
У выніку армія ператварылася ў своеасаблівы інстытут алкагалізацыі маладых мужчын: часта юныя салдаты пачыналі піць гарэлку толькі з боязі «апусціць» сябе ў вачах старэйшых таварышаў, якія да яе прывыклі.
У снежні 1909 года было зацверджанае хадайніцтва вайскова-медыцынскіх органаў пра адмену ў мірны час выдачы гарэлкі ніжнім чынам, замяніўшы апошнюю лёгкім вінаградным віном або півам. Паводле апытанняў, такое рашэнне падтрымлівала больш за 80% афіцэраў. Абмежаванні закранулі і іх саміх. Напярэдадні Першай сусветнай вайны з’яўленне афіцэра ў нецвярозым выглядзе перад падначаленымі лічылася цяжкай правінай, у асобных выпадках за гэта маглі звольніць са службы. У афіцэрскіх сходах забаранялася прадаваць спіртныя напоі па-за строга акрэсленымі гадзінамі, а таксама адпускаць іх афіцэрам у крэдыт.
Але гэтых захадаў было недастаткова, каб перамагчы складзеныя за многія пакаленні піцейныя традыцыі. З пачаткам Першай сусветнай вайны ў арміі Расійскай імперыі быў абвешчаны «сухі закон» з поўнай і «найстражэйшай» забаронай ужываць спіртныя напоі. Практычна адразу пасля гэтага натоўпы салдат атакавалі сотні піцейных установаў па ўсёй краіне.
Нягледзячы на жорсткія забаронныя меры, п’янства стала пастаянным спадарожнікам расійскай імператарскай арміі ў гэтай вайне. І малодшыя чыны, і афіцэры пілі ў тыле і на перадавой, у акопах пад абстрэлам і на адпачынку. У ход ішлі віно і гарэлка, а калі яны заканчваліся, то праз палкавога лекара або ветэрынара здабываўся чысты медыцынскі спірт. Удачай лічылася здабыча трафейнага алкаголю — часам, знайшоўшы яго, салдаты напіваліся да поўнай непрытомнасці. Для барацьбы з гэтымі з’явамі камандзірам даводзілася ісці на непапулярныя меры. Напрыклад, 9 жніўня 1914 года пасля заняцця расійскімі часткамі нямецкага горада Шырвінта (цяпер пасёлак Кутузава ў Калінінградскай вобласці) афіцэры загадалі ніжнім чынам разбіць усе знойдзеныя ў горадзе бутэлькі з віном.
Калі ў полі зроку расійскіх салдат не аказвалася нармальнага алкаголю, у ход ішоў сурагатны. У канцы 1914 года ў загадзе галоўнакамандуючага войскамі Паўночна-Заходняга фронту адзначалася, што ніжнія чыны пры адсутнасці лепшага ўжывалі адэкалон, дэнатураты і перагнаную палітуру (спіртазмяшчальную вадкасць для аздобных працаў па дрэве). Такая практыка прыводзіла да масавых атручванняў і смерцяў.
Усе апісаныя вышэй неардынарныя падзеі адносяцца да 1914-га — першага года вайны. Негатыўны ўплыў забароненага алкаголю на баяздольнасць частак расійскай арміі, які з’явіўся ў той час, пазней толькі павялічыўся.
Увесну 1915 года адбыўся «набег» Асобнага марскога батальёна на Мемель (цяпер — Клайпеда). Падраздзяленне, ахопленае п’янствам, буяніла яшчэ падчас руху на фронт з Петраграда, а пасля ўступлення ў нямецкі горад у адкрытую перайшло да марадзёрства і рабаванняў гараджан.
Увесну 1916 года рост выпадкаў п’янства ў расійскай арміі быў прымеркаваны да Вялікадня: салдаты пачалі п’янстваваць, калі наступіла разгавенне. Зрэшты, заканчэнне рэлігійнага свята не спыніла іх — цяпер вінныя падвалы ў занятых гарадах «засвойваліся» ўжо пад выглядам святкавання 1 траўня. Улетку 1916 года 127-ы пяхотны полк удзельнічаў у фарсіраванні ракі Прут у Букавіне. Пераправа была сарваная праз тое, што на дарозе часткі аказаўся вінны склад — і полк аддаў перавагу гарэлцы, а не выкананню баявой задачы.
У 1917 годзе п’янства стала штодзённым не толькі ў салдацкім і унтэр-афіцэрскім асяроддзі. Афіцэрскія абеды часта ператвараліся ў банальныя папойкі. Да мярцвяцкага стану маглі напівацца цэлыя брыгады (злучэнні колькасцю 3−5 тысяч чалавек). У гэты перыяд баяздольнасць расійскіх войскаў знізілася да такога ўзроўню, што палкі маглі самавольна сыходзіць з пазіцый або адмаўляцца ад наступу.
Другая сусветная вайна
У міжваенны перыяд ужыванне алкаголю ў Чырвонай арміі не заахвочвалася. П’янства лічылася недаравальнай цяжкай правінай, формай маральнага распаду, праз які чырвоных камандзіраў у 30-я гады тысячамі звальнялі з шэрагаў узброеных сіл.
Сітуацыя змянілася з пачаткам Другой сусветнай вайны. 30 лістапада 1939 года Чырвоная армія напала на Фінляндыю, але загразла ў трывалай абароне фінаў. У студзені 1940 года народны камісар абароны СССР Клімент Варашылаў звярнуўся да Іосіфа Сталіна з прапановай праз цяжкія ўмовы надвор’я выдаваць байцам і камандзірам у дадатак да наяўнага пайка па 100 грамаў гарэлкі і 50 грамаў сала. Сталін пагадзіўся — пры гэтым танкістам норму выдачы гарэлкі падвоілі, а лётчыкам як эліце Чырвонай арміі вырашылі выдаваць па 100 грамаў каньяку.
Пасля нападу Германіі на СССР у чэрвені 1941 года савецкая ўлада вярнулася да старой царскай практыкі. Прычым надвор’е гэтым разам было ні пры чым — гарэлку чырвонаармейцы атрымалі ўжо ў самым пачатку восені. 22 жніўня 1941 года Іосіф Сталін загадаў з 1 верасня штодня выдаваць па 100 грамаў 40-градуснай гарэлкі чырвонаармейцам і камандзірам перадавых частак дзейнай арміі. Такая доза адпавядае 40 грамам чыстага спірту. Адзначым, што паводле сучасных уяўленняў ужыванне 30−50 грамаў спірту ў складзе розных алкагольных напояў лічыцца злоўжываннем алкаголем, калі адбываецца хаця б пяць разоў на месяц. А сістэматычнае злоўжыванне прыводзіць да развіцця алкагалізму.
Падчас вайны алкаголь у Чырвонай арміі выкарыстоўваўся як стымул і своеасаблівае заахвочванне. Гэта відаць па загадзе Дзяржаўнага камітэта абароны ад 11 траўня 1942 года. Ён прадугледжваў, што штодзённая выдача гарэлкі захаваецца толькі для вайскоўцаў частак перадавой лініі, якія маюць поспехі ў баявых дзеяннях. Пры гэтым для такіх салдат і афіцэраў норма выдачы гарэлкі павялічвалася да 200 грамаў у дзень. Усім астатнім (то-бок тым, што не адзначыліся) вайскоўцам перадавой лініі 100 грамаў гарэлкі прадпісвалася выдаваць толькі ў святы.
Парадак выдачы моцнага алкаголю чырвонаармейцам неаднаразова мяняўся. У чэрвені 1942 года Сталін вызначыў, што штодня на 100 грамаў гарэлкі маглі разлічваць вайскоўцы частак, якія наступаюць, і такі парадак пратрымаўся да лістапада. З гэтага месяца 100 грамаў гарэлкі належала часткам, якія непасрэдна вялі баявыя дзеянні — у тым ліку ў абароне. Салдаты і афіцэры, якія знаходзіліся ў тыле, але непадалёк ад лініі фронту, атрымлівалі па 50 грамаў. У асаблівым становішчы аказаліся чырвонаармейцы Закаўказскага фронту: ім замест 100 грамаў гарэлкі выдавалася 200 грамаў мацаванага або 300 грамаў сталовага віна. Нормы віна-гарэлачнага забяспечання суправаджаліся лімітамі расходу алкаголю па франтах. Напрыклад, Заходні фронт мог расходаваць 980 тысяч літраў гарэлкі за месяц, а Сталінградскі — 407 тысяч.
Улетку 1943 года правілы зноў змяніліся — на штодзённыя 100 грамаў зноў маглі прэтэндаваць толькі байцы, якія ўдзельнічалі ў наступленні. Астатнім трэба было чакаць святаў. Але ўвосень кола салдат і камандзіраў, якія атрымлівалі гарэлку, зноў быў пашыраны — гэтым разам праз блізкія халады. У халодную пару года 100 грамаў гарэлкі на чалавека ў суткі мусілі атрымліваць непасрэдныя ўдзельнікі баявых дзеянняў, а 50 грамаў — падраздзяленні ў палкавым і дывізіённым рэзерве, а таксама параненыя. Пасля гэтага да канца вайны армія двойчы на год пераводзілася на летні і зімовы расклад спажывання алкаголю.
За некалькі гадоў вайны многія салдаты прывыклі да пастаяннага ўжывання спіртнога і кепска пераносілі перыяды, калі заставаліся без яго. Як успамінаў ветэран Анатоль Пашукевіч, экіпажы савецкіх самаходных артылерыйскіх установак прыдумалі, як змагацца з адсутнасцю гарэлкі на адпачынку — то-бок калі іх падраздзяленне не мусіла атрымліваць алкаголь. Яны злівалі бензінава-спіртавую сумесь з бакаў сваіх баявых машын (спірт дадаваўся ў паліва, каб палегчыць запуск рухавікоў на холадзе). Вядро сумесі падпальвалася і гарэла, пакуль агонь меў чырвоны колер — самаходчыкі лічылі, што гэта выгарае бензін. Калі колер агню мяняўся на сіні, лічылася, што полымя дайшло да спірту. Пасля гэтага яго гасілі і разводзілі варэннем з падвалаў пакінутых нямецкіх дамоў («рэцэпт» адносіцца да завяршальнага этапу вайны).
«І вось мы бяром паўвядра варэння, наліваем туды спірту — разбоўтаў-разбоўтаў і гатова. Узяў, выпіў чарачку і адрыжка бензінчыкам. Вось такі лікёр! Як толькі дзесьці сталі, адразу выганяем сабе вядро. Разлілі па посудзе, выпілі. Тут жа кабанчыка прыстрэлілі — вось табе сала, мяса», — расказваў ветэран.
У баявых умовах схільнасць да алкаголю, зразумела, прыводзіла да непрыемных сітуацый. Напрыклад, у лютым 1945 года падчас Ніжне-Сілезскай наступальнай аперацыі адзначаны выпадак, калі артылерысты нейкай з частак 6-й арміі выправіліся на пошукі спіртнога. Відаць, мерапрыемства скончылася паспяхова — афіцэры, якія знайшлі кінутыя без аховы гарматы і аўтамабілі, не змаглі знайсці ніводнага чалавека з іх разлікаў.
Вядома, п’яны салдат не можа быць добрым салдатам. Рэжысёр Пётр Тадароўскі, які ваяваў у складзе 1-га Беларускага фронту, так апісваў практыку ўжывання алкаголю ў баявых умовах: «Наогул выдавалі іх толькі перад самай атакай. Старшына ішоў па траншэі з вядром і кубкам, і тыя, хто хацеў, налівалі сабе. Старэйшыя і больш дасведчаныя адмаўляліся. Маладыя і неабстраляныя пілі. Спачатку яны загінулі. „Старыя“ ведалі, што ад гарэлкі дабра чакаць не даводзіцца».
Тым не менш алкаголь масава выдаваўся вайскоўцам Чырвонай арміі практычна з пачатку нямецкага ўварвання і да канца вайны.
Дарэчы, пасля першага раўнда расійска-ўкраінскай вайны і анексіі Крыма ў 2014 годзе ў расійскіх узброеных сілах зноў пачала распаўсюджвацца практыка ўзаконенага ўжывання алкаголю. Да гэтага яго адзінымі легальнымі спажыўцамі там былі маракі-падводнікі, якія атрымлівалі сухое віно ў далёкіх марскіх паходах. А з 2015 года віно пачалі атрымліваць усе расійскія ваенныя маракі, якія выходзяць з базы на вайсковых караблях на больш чым 6 гадзін. Матросам-тэрмінавікам належыць 50 грамаў віна на суткі, а афіцэрам і кантрактнікам — 75 грамаў.
У чым брытанскія разведчыкі маюць рацыю, а ў чым — не
Калі брытанцы кажуць, што злоўжыванне алкаголем шырока распаўсюджанае сярод расійскіх вайскоўцаў, якія ўдзельнічаюць ва ўварванні ва Украіну, — яны з вялікай доляй імавернасці не памыляюцца. І ўзровень расійскіх стратаў, звязаных з п’янствам, сапраўды можа аказацца значным.
Іншае пытанне, наколькі рэгулярнае п’янства турбуе расійскіх камандзіраў і змушае іх мірыцца з такім становішчам рэчаў. Прыклады вышэй пацвярджаюць, што п’янства для расійскай арміі стала даўняй гістарычнай традыцыяй. Недахопы, якія алкаголь нясе для дысцыпліны і баяздольнасці войскаў, у вачах расійскіх военачальнікаў дзіўным чынам могуць перавешвацца плюсамі.
Чалавек, які прыняў 100−200 грамаў «для адвагі», мае ўжо зусім іншы ўзровень крытычнага мыслення. І яго значна прасцей адправіць, напрыклад, у самазабойчую атаку. Шмат у чым менавіта таму рэгулярнае ўжыванне алкаголю ў расійскай арміі не толькі не выкараняецца, а час ад часу — пры неабходнасці — пераводзіцца на цалкам законныя рэйкі. Лагічна дапусціць, што і цяпер сітуацыя наўрад ці моцна адрозніваецца.
Чытайце таксама


