Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. «Амкодор» национализировали решением Мингорисполкома с грифом ДСП? BELPOL передал «Зеркалу» непубличный документ
  2. Лукашэнка паскардзіўся, што яго ў Расіі «перыядычна» абвінавачваюць ва «ўтрыманстве», і прывёў свае аргументы, чаму гэта не так
  3. Лукашэнка на сустрэчы з Пуціным завысіў яўку на мінулых выбарах і колькасць галасоў у сваю падтрымку
  4. Чыноўнікі шмат разважаюць, што зрабіць, каб медработнікі не з'язджалі з краіны. Медсястра з мінскай бальніцы дала ім просты адказ
  5. Улады перажываюць праз адток моладзі і думаюць, як яе ўтрымаць. Расказваем пра ідэі з закрытага дакумента (вам не спадабаецца)
  6. Путин согласен с предложением прекратить боевые действия в Украине, «но есть нюансы»
  7. Прадстаўнік Крамля: Масква супраць часовага перамір'я
  8. «Я бы сделала это и бесплатно». Поговорили с беларуской, которая сыграла в фильме, получившем пять наград на «Оскаре»
  9. Навошта Лукашэнку паклікалі ў Маскву, дзе ён заявіў, што Беларусь не ўвойдзе ў склад Расіі? Спыталі ў аналітыка
  10. «Занадта блізкі да Украіны». Трамп адхіліў галоўнага прадстаўніка ЗША на перамовах праз прэтэнзіі Крамля — СМІ
  11. Эксперты проанализировали вчерашнее согласие Путина на прекращение огня, но «с нюансами» — вот их выводы
  12. «Обоим грозит исключительная мера». Застреленного в прошлом году мужчину заподозрили в подготовке теракта, по делу проходят его родители
Читать по-русски


/

Соф’я — медсястра адной з бальніц Мінска. Хутка ў жанчыны заканчваецца кантракт, і пытанне, што рабіць, калі гэта здарыцца, ужо не дае спакою. Яна дакладна не хоча сыходзіць з прафесіі, бо любіць працаваць з пацыентамі, але і заставацца ў беларускай ахове здароўя ёй складана. Кажа, пасля 2020-га ў дзяржмедыцыне стала столькі «палітыкі», што гэта адцягвае ад дапамогі людзям. З’явілася ідэя — з’ехаць за мяжу і там пацвердзіць дыплом ці атрымаць новы. Цяпер яна ўзважвае плюсы і мінусы магчымага рашэння. Пра тое, якія яны, Соф’я расказала «Люстэрку».

Изображение носит иллюстративный характер. Фото: pexels.com
Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: pexels.com

З меркаванняў бяспекі імя суразмоўніцы змененае.

«Тлумачыла сабе: дзяржава ў нас небагатая»

Медсястрой Соф’я працуе больш за дзесяць гадоў. Калі ішла ў медыцыну, ілюзій наконт прафесіі не мела, таму пасля каледжа прыкладна ўяўляла, з чым можа сутыкнуцца.

— Праца цяжкая. Асабліва калі трапляеш у аддзяленне рэанімацыі ці, напрыклад, хірургіі. Вакол хварэюць людзі, на цябе выліваюцца іх пакуты. Не магу сказаць, што я моцна стамлялася і стамляюся. Часам нешта робіш на адрэналіне, толькі потым разумееш: як я наогул дала рады?! — успамінае яна першыя ўражанні ад зменаў. — Ужо тады заўважала, што ў аддзяленні можа не хапаць прэпаратаў, пальчатак і нават банальных анучаў (смяецца), але неяк працавалі. Я ставілася да гэтага лёгка. Тлумачыла сабе: дзяржава ў нас небагатая.

З калектывам Соф'і тады пашанцавала. На працы яна знайшла сяброў і людзей, з якімі можна і пагаварыць, і пасмяяцца. Начальства (загадчык аддзялення і старшая медсястра) таксама трапілася нядрэннае: падтрымлівала і пры неабходнасці ўваходзіла ў становішча. Заробак не захапляў, але на неабходнае на бытавым узроўні хапала. Магла дазволіць сабе і вопратку, якая падабалася, і што-небудзь смачнае.

— Але самы вялікі плюс у прафесіі — гэта пацыенты. Іх аддача і стаўленне, — усміхаецца яна. — Відаць, дзеля гэтага і працуем.

З таго часу жанчына паспела змяніць некалькі бальніц. Прызнаецца, што ў кожнай з іх у яе быў добры калектыў, але, нават нягледзячы на гэта, здараліся моманты, праз якія накрывала мімалётнае пытанне: «А ці варта заставацца ў медыцыне?» Асноўных з іх два: усё зводзіцца да таго, «каб было ціха», і статыстыка.

— Калі трапляе нехта з «блатных», то ўсе астатнія хай хоць памруць, ты мусіш круціцца вакол яго. Бо галоўнае, каб было ціха. Для такога чалавека рэзка ўсё знаходзіцца. Адразу з’яўляюцца месцы ў чэргах на КТ і МРТ. Здаралася, мы сваіх стацыянарных пацыентаў не маглі запхнуць на тамаграфію, даводзілася чакаць. Не месяцамі, вядома, але суткі-двое. А для гэтых усё знаходзіцца за секунды. Гэтая сітуацыя — першае, што тады мяне ўразіла ў працы, — расказвае яна. — У маім разуменні прыярытэт усё ж таму, каму больш трэба. Не ведаю, можа, я няправільна стаўлюся да сваіх родных, але нават для іх ніколі не прасіла калег: «Кідайце ўсё і бяжыце дапамагаць». Калі праблема чакае, значыць, пачакаем, нічога страшнага. А гэтае вечнае выслугоўванне… Калі якая-небудзь праверка ці візіт чыноўнікаў, кідай хворых і бяжы шараваць аддзяленне, у якім, дарэчы, раптам рэзка ўсё знаходзіцца. Бывала, няма пальчатак твайго памеру. Але толькі абвяшчаюць, што прыходзіць кантроль, — табе іх літаральна засоўваюць у кішэню са словамі: «Трымай, яны не павінныя бачыць, што ты ў вялікіх працуеш». Праверка сыходзіць, пальчаткі зноў знікаюць. Як такое магчыма? Пытанне.

Наступны момант — гэта статыстыка. Запоўненасць аддзялення і смяротнасць павінныя ўкладвацца ў нормы, тлумачыць медсястра. З яе назіранняў, нярэдка медыкі працуюць, каб усё атрымлівалася паводле акрэсленых лічбаў, нават калі па-чалавечы варта зрабіць інакш.

— Разумею, дапамагаць трэба ўсім. Мне ўсіх людзей шкада. Але калі 90-гадовы мужчына некалькі месяцаў ляжыць на ШВЛ, узнікае пытанне: а чаго мы хочам? Зняць яго з апарата? Вы рэальна на гэта разлічваеце? Па-добраму, прабачце, гэта здзек з яго, яго родных і медработнікаў. Але будзем цягнуць, пакуль цягнецца, бо гэта статыстыка, працягласць жыцця, — не хавае эмоцый суразмоўніца. — Шчыра, часам глядзіш на чалавека, і ўсведамляеш: яго не выратуеш. Але лічбы складаюцца такія, што не дай бог памрэ ў гэтым месяцы. І ўсё, рабіце што хочаце, скачыце, бегайце вакол яго. Вось мы і стараемся. Трацім шалёную колькасць дзяржаўных грошай. Ліць тую самую кроў, калі ў гэтым сэнсу няма, нятанна.

Няпростыя справы і з паказчыкам запоўненасці некаторых аддзяленняў пацыентамі.

— Ад знаёмых з псіхіятрыі, напрыклад, не раз чула, што ў іх вайна за ложка-месцы: іх трэба закласці, утрымаць, каб, не дай бог, не закрылі аддзяленне, — тлумачыць Соф’я. — А гэтыя выпіскі са словамі: «Я вам дакументы сёння падпішу, але заўтрашнім днём». І ўсё гэта таму, што колькасць пацыентаў трэба выконваць.

Жанчына кажа, што, калі пра гэтыя факты расказваеш адразу, яны палохаюць, але з часам у працы робяцца часткай штодзённасці.

— Паступова да статыстыкі, паказухі, недахопу больш-менш прывыкаеш. Разумееш: яно не асабліва класнае, але мірыцца можна. Часам мы з калегамі нават самі выступаем ініцыятарамі нейкага рамонту, хоць, здавалася б, гэта нашыя грошы, але разважаем: «Бог з ім, давайце зробім лепш сабе — пафарбуем, адрамантуем. Урэшце, гэта наш другі дом», — як ёсць кажа суразмоўніца. — Пасля 2020-га да гэтых момантаў дадаліся іншыя. Яны і сталі апошняй кропляй, праз якую я задумалася пра звальненне.

«У маім калектыве дакладна ніхто не пойдзе стукаць»

Изображение носит иллюстративный характер. Фото: pexels.com
Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: pexels.com

З назіранняў Соф'і, пасля 2020-га ў дзяржмедыцыне шмат што змянілася. Першае і галоўнае — значнасць работнікаў. Яна пачала заўважаць, што нярэдка асноўнай каштоўнасцю рабілася не тое, наколькі класны спецыяліст, а якія ў яго палітычныя погляды.

— Калі яны «правільныя», то можна практычна ўсё. Ты можаш, умоўна, нічога не ўмець, але будзеш добры, — разважае яна. — У той жа час ёсць дактары ад бога, якія не хочуць удзельнічаць ва ўсёй гэтай ерасі. Але яны ў такім выпадку часта сядзяць на меншых заробках і аказваюцца хлопчыкамі для біцця. Хоць калі нешта здарыцца з табой ці блізкім, будзеш імкнуцца да іх, а не да тых, хто гучней на мерапрыемствах выступаў.

Тое самае, паводле жанчыны, і з медсёстрамі. Кажа, у яе ёсць калегі, якія нядаўна выпусціліся з каледжа і амаль нічога не ўмеюць.

— Вядома, прыходзяць і добрыя, таленавітыя дзяўчаты, але ёсць і тыя, за каго даводзіцца рабіць проста ўсё. Добра, мы таксама адразу пасля навучання шмат чаго не ўмелі, але яны ж (і гэта самае страшнае) і вучыцца не хочуць, — абураецца медык. — У іх расклад: «А куды вы падзенецеся, я ўсё роўна тут буду, цярпіце». Такія людзі заўсёды былі, але цяпер іх стала больш. Часам даходзіць да смешнага, чалавек кажа: «Я не магу кроў узяць, прытомнасць страчваю». Гэта наогул нармальна? Ты ж медсястра! Калі кажаш пра гэта начальству, табе адкрытым тэкстам тлумачаць, што зрабіць нічога не могуць: недахоп медработнікаў і звальняць нікога нельга. Хіба што з палітычных прычын.

З досведу медсястры і яе калег-знаёмых, лёгка сысці з бальніцы атрымаецца толькі калі скончыўся кантракт. За апошнія чатыры гады каля 20% медработнікаў, з якімі Соф’я мела зносіны, забралі працоўныя. Кажа, многія з іх — тыя, хто аддаваў душу на працы. Хтосьці сышоў сам, кагосьці прыбралі праз палітычныя погляды. Значная частка з іх з’ехала.

— З аднаго калектыву ў іншы мала пераходзяць, бо, у прынцыпе, ва ўсіх бальніцах плюс-мінус тое самае. Ды і неяк прывыкаеш да свайго, — дзеліцца назіраннямі суразмоўніца. — Засмучае, што часта звальняюцца найлепшыя. Многія з тых, каму я магла даверыць сваё здароўе, цяпер за мяжой. І гэта таксама трывожыць. Не толькі ў плане лячэння, але і ў думках: раз калегі, якія з сябе нешта ўяўляюць, з’язджаюць, то і мне трэба. Чым я горшая? Неяк перад медсёстрамі ва ўзросце выдала, што, напэўна, дапрацую да канца кантракту і таксама пайду, мяне ўсе падтрымалі. Сказалі: правільна, ты яшчэ маладая.

Прабралася палітызаванасць і ў будні калектываў. Удзел у флэшмобах, праўладных і дзяржаўных мерапрыемствах робіцца часткай руціны. Хоць апошняе, удакладняе, і да 2020-га было: на аддзяленне прыходзіла разнарадка, што на такой і такой падзеі мусіць прысутнічаць столькі і столькі супрацоўнікаў. Медыкам прапаноўвалі знайсці ахвотных або рабіць лёсаванне.

— Зноў жа, пачнеш увесь час адмаўляцца — будзеш не на добрым рахунку ў начальства, — як ёсць кажа Соф’я.

З назіранняў медсястры, ступень удзелу ў праўладных мерапрыемствах шмат у чым залежыць ад кіраўнікоў установы на розных узроўнях.

— Адна з сябровак працуе ў аддзяленні, дзе загадчык хоча выслужыцца на гэтай тэме. У іх праз гэтую палітычную інфармацыю пяціхвілінкі часам расцягваюцца на паўгадзіны. Ён вяшчае, у якой добрай краіне мы жывём, яны сядзяць і слухаюць, — апісвае яна. — Але хіба чалавеку, які адпрацаваў суткі, трэба яшчэ паўгадзіны такой лухты? Да таго ж супрацоўнікам там відавочна не па 15 гадоў, і яны неяк самі могуць разабрацца са сваімі палітычнымі поглядамі. Тым не менш… Кіраўніцтву, мабыць, спускаюць разнарадку зверху, вось яно і тарабаніць. Майму аддзяленню ў гэтым плане пашанцавала. У нас дырэктар вельмі добры.

Соф’я не хавае, што часам ад начальства яны з калегамі могуць пачуць: «Думайце, што і каму гаворыце». Але кажа, што ў самім калектыве даносіць адно на аднаго не прынята.

— У калектыве мы не баімся абмяркоўваць цяперашнюю сітуацыю. У нас усе ўсведамляюць, дзе жывём, таму дакладна ніхто не пойдзе стукаць, — лічыць суразмоўніца. — Мне здаецца, пра такое сілавікам можа сказаць толькі найвышэйшае кіраўніцтва ўстановы ці чыноўнікі, а астатнім медыкам або загадчыку аддзялення гэта навошта? Ім за гэта грошай ніхто не дасць. Проста страцяць супрацоўніка і, магчыма, яшчэ самі атрымаюць, што недагледзелі і ў іх «экстрэміст» зачасаўся. Можа, калі б стукацтва заахвочвалася, яно б і было, але пакуль гэта ўсё хутчэй на ідэалагічных пачатках.

«Дайце медыкам займацца сваёй працай, чорт з ім, за тыя самыя грошы»

Изображение носит иллюстративный характер. Фото: pexels.com
Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: pexels.com

Яшчэ адзін важны момант — грошы. Сваёй дакладнай зарплаты Соф’я не называе, кажа, што гэта больш за тысячу рублёў. На заробак жанчына не скардзіцца.

— Але вось гэтыя бясконцыя паборы… Добра, мы скідаемся на сваё аддзяленне, напрыклад, каб купіць мыйныя сродкі, бо тое, што выдаюць, няякаснае. Але тут жа яшчэ ТРВАД, Фонд міру, Чырвоны Крыж, суботнікі. Сумы там невялікія, але за месяц часам рублёў на 20 збіраецца, — пералічвае яна. — А навошта бяруць грошы за падпіску? У мяне няма часу на працы чытаць газеты.

Паводле Соф'і, ад пацыентаў і знаёмых яна часам чуе фразы накшталт: «Медыкам шмат плацяць, таму працуй». Пасля студзеньскіх навінаў пра тое, што некаторым дактарам павялічылі аклад на 300%, такія выказванні сталі гучаць часцей.

— Пацыенты слухаюць пафасныя заявы і як разумеюць? Калі была зарплата тысяча — значыць, стала тры. Але гаворка ідзе пра аклад, а ён нашмат меншы. У выніку, умоўна, з гэтай надбаўкай ён будзе рублёў 300, — тлумачыць медсястра. — Пры гэтым у нас знялі напружанку — даплату за складанасць і напружанасць працы. Некаторыя знаёмыя дактары проста шпурляліся гэтымі разліковымі лістамі са словамі: «Што за маразм?» Гэтыя навіны настолькі запудрылі людзям галаву, што, калі хтосьці з майго атачэння даведаецца, што я медработнік, яны рэальна лічаць, што я ў грашах купаюся. І на маю фразу: «Я не магу купіць дзіцяці красоўкі», — дзівяцца: «Ты што, не можаш знайсці 100 рублёў?» Не магу, бо не так шмат у маім заробку гэтых сотак. А трэба ж яшчэ заплаціць за кватэру, заправіць машыну.

Усё, што адбылося ў медыцыне за апошнія чатыры гады, для сябе Соф’я лічыць пераломнымі абставінамі. Жанчына задумалася пра магчымы пераезд у Еўропу.

— Хутчэй за ўсё, так і здарыцца, — адзначае яна. — Адзінае — мне б хацелася застацца ў медыцыне. Калі мы сям’ёй эмігруем, хачу перавучыцца, давучыцца ці знайсці нешта калямедыцынскае. Праца з пацыентамі мне падабаецца.

Ці ёсць нешта, што магло б змяніць яе жаданне сысці з беларускай аховы здароўя?

— Так, калі прыбраць палітыку з медыцыны. Яна там не патрэбная абсалютна. Дайце медыкам займацца сваёй працай, чорт з ім, за тыя самыя грошы. Я не прашу вышэйшай зарплаты. Проста не чапайце людзей, якія прыходзяць ратаваць жыцці і Здароўе іншых! — эмацыйна адказвае яна. — Не чапайце мяне з гэтымі галасаваннямі. Калі прыязджаюць нейкія правяральнікі, можна я не буду сустракаць іх з чырвона-зялёнымі шарыкамі? Пры чым тут я? Я хачу проста выконваць свае абавязкі ў аддзяленні. І ўсё.

Чытайце таксама