Яшчэ крыху — і Мінск запоўніцца студэнтамі, а таксама іх бацькамі, якім давядзецца вырашаць пытанне з дахам над галавой для любімага дзіцяці (месцы ў інтэрнатах, на жаль, пакуль ёсць не для ўсіх). Прадчуваючы наплыў іншагародніх і разгубленых, ашуканцы не дрэмлюць. На інтэрнэт-пляцоўках раз-пораз з’яўляюцца абвесткі пра арэнду кватэры: сімпатычнай, зручна размешчанай і, самае галоўнае, недарагой. На прывабную прапанову натыкнулася мінчанка Яна.
— За аднапакаёўку на праспекце Пушкіна «ўладальнікі» прасілі ўсяго 175 даляраў па курсе. Гэта пры тым, што кватэра з добрым рамонтам і каля метро. За такія цяпер хочуць ад 260 даляраў. Паколькі цана неадэкватная рынку, я вырашыла праверыць, ашуканцы гэта ці не, і вось што выйшла, — расказала дзяўчына, якая паспела заскрыніць перапіску. — Самае галоўнае: нумар тэлефона беларускі, картка беларуская, пашпарт беларускі. Усё гэта выклікае давер. Шкада нашых людзей. Можна толькі ўявіць, колькі людзей паспела перавесці ім грошы. Бо цяпер уступная кампанія скончылася, і сем'і з іншых гарадоў сапраўды шукаюць жыллё. Заўтра пайду пісаць заяву ў міліцыю!
Уважлівасць да дэталяў і недаверлівасць дзяўчыны раз’юшылі аферыстаў. З дыялогу яны самаўхіліліся. І зрабілі гэта досыць нервова.
Апетыты ашуканцаў сталі сціплейшымі: раней у якасці перадаплаты за права жыць у кватэры, якую ніхто ў вочы не бачыў, прасілі ў раёне 250 рублёў. А тут — зніжка.
Нагадаем, што пераводзіць грошы за метры, якія вы не ацанілі асабіста, не варта. І верыць фатаграфіям дакументаў (паказаць гатовыя нават тэхпашпарт і пасведчанне рэгістрацыі) таксама нельга: сучасныя праграмы дазваляюць так «нафаташопіць», што не падкапаешся. Толькі асабістая сустрэча, праверка дакументаў, заключэнне дамовы — і тады ўжо перадача грошай.