У лютым улады Беларусі прынялі закон пра перагляд крытэраў што да прыдатнасці прызыўнікоў. Мяркуючы з усяго, ваенкаматы пачалі актыўна ім карыстацца. У рэдакцыю «Люстэрка» напісалі людзі з розных гарадоў Беларусі, якіх нядаўна паклікалі прайсці медкамісіі зноў, а некаторых ужо прызвалі ў войска.
Імёны суразмоўцаў змененыя з меркаванняў бяспекі.
Уладзіславу 25 гадоў, ён з Віцебска і ваенны білет атрымаў на рукі 8 гадоў таму. Праз кіфоз (скрыўленне верхняй часткі пазваночніка) і плоскаступнёвасці яго прызналі непрыдатным да службы ў войску з пазнакай «не падлягае медыцынскаму пераагляду».
— Па хатнім адрасе прыйшла позва — 17 кастрычніка з’явіцца на медкамісію. Думаю, за ёй будзе і прызыў. Ехаць і даведвацца ахвоты няма, — кажа малады чалавек. — Цяпер я працую за мяжой і збіраўся з’ездзіць у Беларусь. Позва прыйшла за тыдзень да таго, як я планаваў ехаць дадому. Пашанцавала, што не паехаў раней — трэба свечку ў царкве паставіць.
У 22-гадовага Вячаслава з Мінска быў падобны дыягназ — кіфоз трэцяй ступені. У 2020 годзе яго не ўзялі ў войска. Далі ваеннік з загадам прайсці паўторную медкамісію цягам трох гадоў.
— Па дурасці пайшоў у ваенкамат і цяпер прыдатны, — наракае хлопец. — Медкамісія пацвердзіла дыягназ, але, мабыць, цяпер ён ужо не дае права на адтэрміноўку. Праз тыдзень прызыўная камісія, у канцы кастрычніка ўжо забіраюць у войска. У сяброў, у якіх былі адтэрміноўкі, сітуацыя такая ж. Новых адтэрміновак не далі, амаль усе ідуць служыць у кастрычніку.
Вячаслаў планаваў пераезд у Польшчу, але «фінансы не дазволілі». Кажа, што са сваёй доляй «змірыўся».
— Выйсця няма — давядзецца ісці ў войска. Да сваёй хваробы я прывык (хоць чым старэйшы раблюся, тым больш яна пра сябе нагадвае). Кіфоз — гэта згорбленасць. Праяўляецца як пастаянны лёгкі боль у спіне. Узмацняецца пры нагрузках і ад доўгай працы седзячы, — заключае малады чалавек.
Запрасілі ў ваенкамат і 24-гадовага мужа Алены. Муж і жонка жывуць у невялікім горадзе ў Гомельскай вобласці. Мужа ў войска не прызвалі — таксама праз хваробу пазваночніка. Паўторную медкамісію ён мусіў прайсці да 2024 года. Са словаў жанчыны, позвы яны не атрымлівалі. З ваенкамата ім проста патэлефанавалі.
— Спачатку сказалі, каб прыйшоў восенню. Калі не атрымаецца — у студзені. Позву з дакладнай датай муж так і не забраў, на камісію не хадзіў і не плануе, — тлумачыць Алена. — У ваенкамаце сказалі, што такія праверкі — звычайная практыка. Паабяцалі не адпраўляць у частку да заканчэння адтэрміноўкі. Правяраць не хочам — наш знаёмы пайшоў у войска ў траўні, хоць адтэрміноўка была да восені. Яе адмянілі.
Атрымаў позву і 23-гадовы Аляксандр з раённага цэнтра ў Магілёўскай вобласці. Год таму медкамісія паставіла яму дыягназ: нерэўматычны парок сэрца. У кастрычніку хлопцу трэба будзе прайсці паўторнае абследаванне.
Ваенкамат: «Мы звычайныя выканаўцы»
Пад выглядам кіраўніка прадпрыемства, супрацоўнікам якога прыйшлі позвы, журналіст «Люстэрка» датэлефанаваўся ў ваенны камісарыят Магілёўскай вобласці.
— Прыходзяць позвы людзям, якія раней атрымлівалі адтэрміноўкі на некалькі гадоў па стане здароўя. Наколькі гэта масавая практыка? Да чаго рыхтавацца?
— Няправільна называць гэта адтэрміноўкай. Людзі былі залічаныя ў запас па стане здароўя. Паводле беларускага заканадаўства яны абавязаныя прайсці медыцынскі пераагляд цягам пэўнага тэрміну. Адтэрміноўка даецца толькі прызыўнікам. Вы апісваеце выпадак не прызыўніка, а вайсковаабавязанага з ваенным білетам на руках.
Так, згодна з пастановай Савета Міністраў № 868 аб ваенна-медычнай экспертызе, вайсковаабавязаныя падлягаюць пераагляду цягам трох гадоў. У пачатку гэтага года ў пастанову былі ўнесеныя змены. І цяпер мы выклікаем вайсковаабавязаных на пераагляд па пэўных медыцынскіх артыкулах.
Калі вашыя супрацоўнікі паўторна будуць прызнаныя непрыдатнымі, то ўсё будзе з імі нармальна — працягнуць добрасумленна працаваць на карысць вашай арганізацыі. Калі ж пацвердзіцца, што па новых медыцынскіх артыкулах яны прыдатныя да службы, будуць перададзеныя на вайсковы ўлік прызыўнікоў і накіраваныя для праходжання тэрміновай службы.
— У супрацоўніка медкамісія праз некалькі дзён. Яго могуць забраць у войска ўжо ў гэты восеньскі прызыў?
— Гэта вырашаецца індывідуальна ў кожным выпадку. Што за чалавек? Якія ў яго былі хваробы? Якія сямейныя абставіны? Не ведаючы ўсёй карціны, не магу канкрэтна сказаць.
— Напэўна, вельмі многіх цяпер выклікаюць на паўторныя медкамісіі? Людзей, якіх раней не бралі ў войска праз блізарукасць, плоскаступнёвасць, скаліёз.
— Разумееце, не прадстаўнікі абласнога ваенкамата ўносілі змены ў спіс хвароб. Гэта медыкі вызначалі. Пытанне да іх, а не да вайскоўцаў. Мы звычайныя выканаўцы. Робім усё, што нам загадана нормамі заканадаўства. Самі нічога не выдумляем.
З якімі захворваннямі цяпер бяруць у войска?
Згодна з пастановай Мінабароны, прыдатнымі для праходжання тэрміновай вайсковай службы і службы ў рэзерве прызнаюцца людзі з атлусценнем другой ступені і індэксам масы цела 37 кг/м2. Раней ім прысвойваўся статус НПМ (непрыдатны да вайсковай службы ў мірны час, абмежавана прыдатны да вайсковай службы ў ваенны час).
Таксама паводле новай інструкцыі для тэрміновай службы ў войску падыходзяць людзі з блізарукасцю любога вока ў адным з мерыдыянаў больш за 6 дптр і да 8 дптр, з гемароем без выпадзення вузлоў, з лёгкім цячэннем бранхіяльнай астмы (або пры адсутнасці прыступаў больш за пяць гадоў), з некаторымі формамі плоскаступнёвасці і дэфармацыі ступні (падрабязней пра гэта можна пачытаць у графе «г» тлумачэнняў да падпункту 13.5 інструкцыі).
Удакладненне што да ступені прыдатнасці таксама закранула прызыўнікоў з захворваннямі эндакрыннай сістэмы, разладам харчавання, захворваннямі нервовай сістэмы і сардэчнымі хваробамі, хваробамі скуры, пазваночніка.
Чытайце таксама