Магутная залева абрынулася на Мінск раніцай 18 ліпеня. Тэлеграм-каналы публікуюць наступствы непагадзі.
Як паведаміў тэлеграм-канал «Мерзкий Кокобай», моцны дождж падтапіў вуліцы ў Новай Баравой. Акрамя таго, чытачы «Люстэрка» паведамілі пра падтапленні ў раёне станцыі метро «Маладзёжная», вуліцы Кальцова і на іншых гарадскіх артэрыях.
Як паведамляе «Мінсктранс», на некалькіх маршрутах прыпынялі рух грамадскага транспарту. Неўзабаве рух быў адноўлены.
Паводле звестак МНС, у сталіцы зафіксавалі дзесяць падтапленняў у розных частках горада.
«Падраздзяленні МНС сумесна з Гаррамаўтадарам аператыўна праводзяць работы па аднаўленні руху грамадскага транспарту, таксама ратавальнікі выязджалі на распілоўванне дрэва, якое звалілася на аўтамабіль на вуліцы Сацыялістычнай. Працягваецца маніторынг становішча», — паведамілі ратавальнікі.
Сіноптыкі папярэджвалі пра непагадзь. На аўторак абвясцілі аранжавы ўзровень небяспекі праз навальніцу і дажджы.
«У аўторак на большай частцы тэрыторыі Рэспублікі і ў Мінску чакаюцца навальніцы», — гаварылася ў паведамленні Белгідрамета.
Залівае сёння і Гомель: праз залеву падтопленыя ўчасткі дарог, часова спынялі грамадскі транспарт. Цяпер гарадскія службы працуюць над ліквідацыяй наступстваў непагадзі.
«Па вуліцы Барыкіна ў раёне прыпыначнага пункта „3-я школа“ падтапленне ліквідаванае, рух грамадскага транспарту на лініі адноўлены», — паведаміў старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Прывалаў.