У суботу, 24 чэрвеня, стала вядома, што Яўген Прыгожын, які арганізаваў мяцеж у Расіі, адыдзе ў Беларусь. У Крамлі заявілі: крымінальную справу супраць кіраўніка ПВК Вагнера спыняць. Даведаліся ў юрыста Беларускай асацыяцыі правоў чалавека, ці мусяць Яўгена Прыгожына прыцягнуць да адказнасці па законе нашай краіны.
З меркаванняў бяспекі мы не называем імені суразмоўцы.
Юрыст тлумачыць, што прыцягненне Прыгожына да адказнасці залежыць ад таго, ці захоча гэта зрабіць дзяржава.
— Я не ведаю ўсёй дзейнасці Прыгожына, але што да найміцтва — стварэнне фарміравання (гаворка пра ПВК. — Заўв. рэд.) і найму туды людзей можна кваліфікаваць па арт. 132 і 133 КК. [Дзеянні Прыгожына ў шэтым выпадку] - ваенныя злачынствы. Яны ўніверсальныя, адпаведна, гэтыя артыкулы распаўсюджваюцца як на грамадзян краіны, так і не. Найміцтва на тэрыторыі іншай краіны — гэта злачынства.
Арт. 132 КК — «Вярбоўка, навучанне, фінансаванне і выкарыстанне наймітаў». Караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад сямі да пятнаццаці гадоў.
Арт. 133 КК — «Найміцтва», прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад трох да сямі гадоў са штрафам або без штрафу.
Аднак больш важны момант, кажа юрыст, — гэта артыкул 136 КК «Злачынныя парушэнні нормаў міжнароднага гуманітарнага права падчас узброеных канфліктаў».
— Ёсць база расследаванняў ваенных злачынстваў. У ёй у тым ліку ўстаноўлена, што ваенныя злачынствы здзейсненыя на тэрыторыі Бахмута. Спецыяльны трыбунал яшчэ не створаны, але законы Украіны, гэтак жа, як і законы Беларусі, дазваляюць прыцягваць да адказнасці за ваенныя злачынствы. Я б на месцы Украіны выдала ордар на арышт Прыгожына і расследавала б у дачыненні да яго крымінальную справу (магчыма, такое ёсць, хоць мы гэтага не ведаем). І тады першае, што я б зрабіла, — запатрабавала б ад Беларусі выдаць яго.
Арт. 136 КК — «Злачынныя парушэнні нормаў міжнароднага гуманітарнага права падчас узброеных канфліктаў». Караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад пяці да дваццаці гадоў.
— Беларусь абавязаная яго выдаць?
— Тут як вырашыць Беларусь, але фармальна мусяць быць падставы, чаму яго не хочуць выдаваць. Гэта грамадзянін іншай краіны. Мы не ведаем якой, але, дапусцім, Расійскай Федэрацыі. Тады чаму не? У іншым выпадку, калі ўлічваць заявы Беларусі, што яна не ўдзельніца вайны, да яе ўзнікаюць пытанні.
Да таго ж калі ў Беларусі вядуцца перамовы з наймітамі і тымі, хто ўдзельнічае ў вайне ва Украіне, гэта апасродкавана ставіць Беларусь у сітуацыю, якую спрабуе ігнараваць Украіна. Цяпер будзе вельмі дзіўна, калі Украіна не папросіць выдаць Прыгожына.
— У Беларусі патэнцыйна яго таксама мусяць судзіць па арт. 136 КК?
— Так.
— У пачатку размовы вы сказалі, што для таго каб на Прыгожына завялі справу ў Беларусі, патрэбная воля дзяржавы. Што гэта значыць?
— У нас прыцягненне да адказнасці — гэта вотчына дзяржавы. Адпаведна, каб распачаць гэтую справу, мусіць быць жаданне Рэспублікі Беларусь. З 2020 года мы ведаем, што на адных падставах справы адкрываюць, а на іншых — не.
— Жаданне дзяржавы ў гэтым выпадку роўнае жаданню Аляксандра Лукашэнкі?
— Такога кшталту справа ў Беларусі не будзе распачатая на жаданне следчых органаў, як бы моцна яны гэтага ні хацелі. Думаю, тут будзе волевыяўленне органаў улады. Наколькі я разумею, Прыгожын спыніў свой паход пад нейкія гарантыі. Адна з іх — што яго не прыцягнуць да адказнасці. Таму ці можа тут вырашыць нешта следчы — не. Ці вырашае Лукашэнка? Мы не ведаем. Я дапускаю, што так, але не ведаю гэтага напэўна.
— Яшчэ пра закон. Дапусцім, калі б у Беларусі ўсе дзейнічалі строга па законе і з’явіўся следчы, які палічыў бы патрэбным завесці крымінальную справу на Прыгожына, змог бы ён гэта зрабіць?
— Па законе — так.
Чытайце таксама