Пару гадоў таму баец палка Каліноўскага з пазыўным Соня працаваў у дзіцячым садку, быў «ледзь не топавым выхавальнікам» і любіў сваю прафесію. Пра шлюб Соня тады нават не задумваўся. Затое нядаўна вырашыў: скончыцца вайна — і ён ажэніцца. Калі гэта здарыцца, малады чалавек не ведае. Ён не ваенны эксперт, а намеснік камандзіра кулямётнай групы. Нядаўна Соня прыехаў у адпачынак з доўгай камандзіроўкі з-пад Бахмута — і мы з ім пагаварылі пра тое, якім непрадказальным часам бывае жыццё.
Інтэрв'ю затрымлівалася на паўгадзіны: Соня праспаў. Некалькі дзён таму ён вярнуўся з-пад Бахмута са свайго другога баявога выезду, дзе правёў два з паловай месяцы. Сёння пяты дзень яго адпачынку. Наперадзе яшчэ сем.
— Не буду хаваць, я геданіст і наогул не вайсковы чалавек. Усе гэтыя абмежаванні мне не асабліва прыемныя, але калі трэба, я не прачынаюся, — элегантна тлумачыць ён сваё спазненне. — Каб вы разумелі: у апошнія нашыя выезды падчас баявых мы ўвесь час уставалі ў тры ночы. За гадзіну трэба было сабрацца і на досвітку выйсці на пазіцыю. Таму, калі перад адпраўкай у адпачынак камбат сказаў: «Можна паспаць да шасці раніцы», я падумаў: «Божа, нарэшце высплюся». Што да пазыўнога, я да гэтага несур’ёзна ставіўся. Хлопцы выбіралі сабе Варагаў, Ахілесаў, а мне было на гэта пляваць. Першую зарадку ў вучэбным лагеры я праспаў, і хлопцы такія: «Ну ты соня». Я кажу: якраз і пазыўны.
Пачуўшы, як я прадстаўляюся, украінцы ўвесь час смяюцца (тым больш мы ў кулямётным падраздзяленні, на перадавой, ходзім у разведку, на штурмы, адбіваем атакі), але потым знаходзім агульную мову. Рэч жа не ў пазыўным, а ў тым, як ты ваюеш. Калі ты кепскі баец, хоць дзесяць разоў назавіся Ахілесам, цябе гэта не ўратуе.
Соня — малады чалавек з ростам баскетбаліста і «дзіцячым тварам». Гаворыць па-англійску, чытае па-нямецку і перажывае, што прычоска ў яго сёння не вельмі. Па адукацыі ён юрыст, у душы — рамантык. Жыў у Беларусі, Польшчы, Расіі. Працаваў судовым выканаўцам, афіцыянтам, аўтамыйшчыкам, лесапільшчыкам, грузчыкам, кіраўніком кар’ерам, экскурсаводам, кіроўцам, кансультантам у кол-цэнтры. На пытанне, чаму так часта мяняў прафесіі, адказвае: «характар такі», доўга не мог знайсці сваё месца.
— А цяпер знайшоў, — кажа ён. — Гэта дзіўна, бо я заўсёды смяяўся з вайскоўцаў. Яны здаваліся мне дурнымі і бездапаможнымі. Тут жа я адчуў, што раблю патрэбную працу: ратую людзей, змагаюся за іх. Але, думаю, вайскоўцам я ўсё ж не стаў. Я трапіў на вайну, а гэта, напэўна, іншае, чым звычайная армія.
У войску Соня ніколі не служыў, затое працаваў у дзіцячым садку. Трапіў туды выпадкова, калі ў адзін з дзён, застаўшыся без працы, вырашыў адкрыць сайт з вакансіямі і паглядзець прапановы не па варыянтах у якасці спецыяліста, а па далёкасці ад месца, дзе жыў. Бліжэйшым за ўсё аказаўся дзіцячы садок. Туды і патэлефанаваў.
— Дырэктарка, убачыўшы мае дыпломы і характарыстыкі, здзівілася: «Навошта вам гэтая вакансія?» Я адказаў: «Хачу паспрабаваць», і прыйшоў. Ведаеце, дзеці мяне заўсёды раздражнялі — маленькія, крыклівыя, бесяць, але, калі я пазнаёміўся з дзецьмі ў маёй групе, закахаўся ў іх. Яны такія сапраўдныя, сумленныя, адкрытыя, — успамінае Соня, з чаго пачынаўся яго шлях у педагогі. — Яны мяне слухалі, бо, калі што, я крычаў, а калі крычыць мужык, гэта па-іншаму ўспрымаецца. І я стаў ледзь не топавым выхавальнікам. Мяне любілі дзеткі, мамы і таты.
Праз некалькі месяцаў кар’еру выхавальніка давялося перапыніць праз хваробу. Соня доўга лячыўся і пасля гэтага ўжо не змог вярнуцца ў садок.
«Шмат гадоў я качаўся, хацеў падабацца дзяўчатам, але, як выявілася, гэта вельмі спатрэбілася, каб быць кулямётчыкам»
У 2022-м Соня вучыў дарослых і дзяцей англійскай і не збіраўся пакідаць Беларусь. Быў прынцып: «Усе з’язджаюць, а я застаюся». У лютым, калі пачалася вайна, малады чалавек змяніў рашэнне.
— У акопах мяне часта пытаюць, чаму цяпер я ва Украіне. Гэта ставіць мяне ў тупік, не ведаю, што адказаць. Ну, а як? Тут людзі гінуць, а я буду дома сядзець? — тлумачыць ён. — Фільм такі быў, «Востраў праклятых», Ды Капрыа там грае федэральнага маршала, які звар’яцеў. У канцы ён кажа добрую фразу: «Што лепш: жыць монстрам ці памерці чалавекам?» Ну вось я выбар зрабіў. Мой адлік пачаўся 24 лютага. Увечары я сказаў бацькам, што паеду. Што яны? А што скажуць нармальныя бацькі. Маці ў істэрыцы, бацька казаў: «Ты дэбіл? Падумай», хоць яны ведалі, што мяне не спыніць. Характар у мяне як у барана. Але праз хваробу таты паездку давялося адкласці.
З Беларусі Соня з’ехаў летам 2022-га. Калі дабраўся да Польшчы, яго затрымалі. Пяць гадоў таму ў гэтай краіне ён трапіў у аварыю і не выплаціў штраф. Кажа, тэлефанаваў тады ў суд, даведваўся пра сітуацыю, яму сказалі: «Справа закрытая». Пасля пачатку вайны, лічыць ён, папкі па беларусах паднялі, ягоную ў тым ліку. У выніку яму давялося пасядзець за кратамі, потым пахадзіць з электронным бранзалетам. Калі з усім разабраўся, пачалася зіма. Сябры прасілі застацца ў Польшчы, прапаноўвалі працу ў IT. Соня быў непахісны. «Я ўжо столькі перажыў, каб дабрацца да бою, што не гатовы адступаць», — раз за разам адказваў ён тым, хто хацеў яго спыніць.
У Варшаве добраахвотнік пайшоў ва ўкраінскае пасольства, папрасіўся ва УСУ. Яму адмовілі, але далі нумар палка Каліноўскага. У беларускім падраздзяленні байца прынялі, але «выпрабаванні» на гэтым не скончыліся: да ад’езду Соня злёг з вятранкай. Два тыдні ён праляжаў з тэмпературай. Толькі пасля гэтага была дарога ва Украіну, вучэбка, трэніравальны лагер — і пачаліся баявыя.
— Мае родныя заўсёды былі на спорце і мяне дзяўблі, каб я трэніраваўся. Шмат гадоў я качаўся, хацеў падабацца дзяўчатам, але, як выявілася, гэта вельмі спатрэбілася, каб быць кулямётчыкам, — жартуе Соня, успамінаючы, як трапіў у адпаведнае падраздзяленне. — За тое, каб пайсці ў кулямётчыкі, я тапіў з вучэбкі, добра паказаў сябе на трэніроўках. І пасля першага баявога неяк само сабой вызначылася, чым я буду займацца. У майго пабраціма Эрліка выйшла інакш. Ён малады і пяшчотны хлопец. Усе казалі: «Ой, гэтае дзіця, у яго нічога не атрымаецца. Аддайце яго максімум у мінамётку, няхай снарады носіць». А Эрлік аказаўся смялейшы за ўсіх астатніх. Калі яго ўзялі на абкатку ў бой у кулямётнае падраздзяленне, ён на «нулі» такіх сталёвых яек даў, што яго перавялі ў кулямётчыкі. Бо ўсвядомілі, што ён падыходзіць. Я, дарэчы, таксама, як выявілася, смелы.
— Як вы гэта зразумелі?
— Першапачаткова мяне адправілі ў батальён «Волат», але калі я пазнаёміўся з Сенатам (намеснік камандзіра батальёна «Ліцвін» па баявой працы. — Заўв. рэд.), перапісаў дакументы, каб змагацца пад яго кіраўніцтвам. На першае баявое ён узяў мяне ў Харкаўскую вобласць. Перад ад’ездам я падышоў да яго і хлопцаў і сказаў: «Адразу папярэджваю, я ніколі не бываў у баі, магу аб******а». Вырашыў: лепш паведамлю, што я баязлівец. Калі не акажуся ім у выніку, гэта будзе ганарова, а калі акажуся, то таксама нядрэнна, бо я папярэдзіў. Увогуле, бравіраваць не стаў.
Калі мы прыехалі на месца і выйшлі з машыны, пачаўся абстрэл. Па нас працаваў танк. Мы спусціліся ў нейкі падвал. Нас было чацвёра: я, Сенат і яшчэ два вялікія чалавекі — Верас і Хельм. Усе яны былі ўжо дасведчаныя, а я пачатковец. І раптам проста пад гэтым абстрэлам я ўсвядоміў, што мне не страшна, я не баюся. У гэтым падвале мы прабылі чатыры дні. А начамі выходзілі на «нуль» капаць акопы і прыкрываць Хельма, каб ён, снайпер, каго-небудзь заваліў. Праз чатыры дні Сенат сказаў: «Будзеш на „перадку“, таму што не баішся». Як ён гэта вызначыў? А я заснуў. Побач з падвалам стралялі танкі і артылерыя, са столі сыпалася тынкоўка, я кажу: «Слухайце, нам тут сядзець доўга, мабыць, я пасплю». Зняў браню, шлем, залез у спальнік і заснуў. Сенат мне потым сказаў: «Я ніколі не бачыў такога смелага». Я яму адказаў: «Можа, ты ніколі не бачыў такога дурнога. Гэта звычайна побач».
— Вы, здаецца, яшчэ моцны. Колькі важыць ваш кулямёт?
— У мяне Minimi 5,56, ён важыць 12 кілаграмаў, і аўтамат CZ. Калі іду ў разведку, бяру аўтамат, на штурм — кулямёт плюс падсумкі. Усе сітуацыйна. Наогул на вайне маюць поспех людзі, якія валодаюць так званым экспромтам, бо ўсё тут заўсёды не па плане. Вось вы склалі схему атакі, абароны або заходу на пазіцыю, праінструктавалі людзей, дабіраецеся на месца — і п*****ц. БМП не прыехала, пазіцыя не тая, людзі не падтрымалі. І ўсё — імправізуй.
Дарэчы, кулямёт на вайне нават для байца з маёй спецыяльнасцю — рэч дзясятая. Рыдлёўка, спальнік, відэлец-лыжка, якім ты можаш есці тушонку, і вада — вось твая асноўная зброя. Страляніны на поле бою як такой няшмат, і яна не прыцэльная. Звычайна накрывае танкамі, мінамётамі, самалётамі, і, каб выратавацца, ты мусіш умець глыбока і хутка акапацца. Была сітуацыя, калі мы літаральна за дзвесце метраў ад варожых пазіцый давалі каардынаты ўкраінскім артылерыстам. Яны па іх навялі зброю, але пачалі мазаць і трапляць па нас. У мяне было літаральна трыццаць секунд паміж залпамі, каб паспець выкапаць сабе лагчынку і, як страус, схавацца туды галавой. Бо калі снарад закране ср**у ці нагу, то гэта не так страшна. А калі галаву — ты труп.
— Якія адчуванні, калі ў твой бок ляціць снарад?
— Гэта залежыць ад яго тыпу і далёкасці. Калі ён б’е вельмі блізка, цябе глушыць, скаланаецца ўсё цела. Адбываецца кантузія. Фізічныя адчуванні ад выбуху ёсць, а ў маральным плане мне п****ць. Гэтым я адрозніваюся ад Сената. Я больш баюся стралковага бою. Тут у мяне няма так шмат навыкаў, як у яго. Ён жа горш пераносіць артылерыйскі абстрэл, бо, як ён мне патлумачыў, у гэты момант ты нічога не можаш зрабіць. Ніколі не прадбачыш, куды паляціць снарад. Гэта пан ці прапаў. У стралковым баі, наадварот, твае навыкі вырашаюць, і ты можаш уплываць на сітуацыю.
Я рэлігійны чалавек і веру ў лёс, таму спакойна стаўлюся да артылерыйскіх абстрэлаў. Веру, што ў мяне не трапіць, бо я не выканаў сваё прызначэнне.
— Якое яно?
— Абараніць гэтую краіну і вярнуцца да блізкіх, у дом, які паспеў пабудаваць, у сад, які пасадзіў.
«Калі ты пабываеш у сапраўдным баі, у прамым кантакце, астатняе жыццё — яно ўжо нуднае»
Пасля першага баявога Соня на тры дні вярнуўся ў Кіеў, каб прайсці курсы парамедыкаў. Тады ж ён даведаўся, што яго пабрацімы з’ехалі пад Бахмут, і папрасіў камандаванне адправіць яго туды ж. Яму адказалі: «Пачакай, знойдзем машыну», чакаць давялося нядоўга.
— Там былі нашыя байцы, якім трэба было дапамагаць, з якімі трэба было быць побач, — тлумачыць ён рашэнне з ходу паехаць у адно з самых гарачых месцаў гэтай вайны. — А што да ўнутраных перажыванняў, то ў мяне іх не было. Пасля Харкаўскай вобласці я канчаткова ўсвядоміў, на што здольны, і, наадварот, рваўся ў бой. Ведаеце, адзін з маіх пабрацімаў не так даўно атрымаў кантузію. У іх машыну стрэлілі з гранатамёта. У яго разарвала барабанную перапонку. З таго часу кожны дзень ён кажа толькі пра тое, каб хутчэй завяршыўся адпачынак і ён зноў змог адправіцца да хлопцаў і з імі змагацца.
— Гэта ўжо нейкая залежнасць? Чалавек падсаджваецца на «іголку» Бахмута?
— Не буду хітраваць, частка залежнасці ёсць, бо калі ты пабываеш у сапраўдным баі, у прамым кантакце, усё астатняе здаецца прэсным. Астатняе жыццё — яно ўжо нуднае. Але галоўны матыватар — гэта не залежнасць, а абавязак. Ты бачыш людзей, якія дзеля цябе рызыкуюць, і проста не можаш іх падвесці.
— Вы сказалі, што ваявалі на «нулі». Раскажыце, як гэта.
— Праца падчас баявых складаецца з камандзіровак: чатыры дні ў акопах, потым столькі ж мы знаходзімся на базе [у іншым населеным пункце], дзе ад’ядаемся і адсыпаемся.
На перадавой мы ваюем у палях і лясах у ваколіцах Бахмута, зусім побач з п******і. Калі, дапусцім, працуем з цяжкім станковым кулямётам, то, як правіла, усталёўваем яго на ўзгорку або ўмацаваным бліндажы і чатыры дні трымаем сектар. Акрамя таго, мы можам падняць дрон і пабіць цэль за ўзгоркам за пару кіламетраў.
На пазіцыі нас звычайна шэсць-восем чалавек. Двое дзяжураць (калі гэта дзень, глядзяць у бінокль, ноччу — у «цяплак»), астатнія адпачываюць. Дзяжурных трэба мяняць кожныя дзве-тры гадзіны, бо калі больш, чалавек губляе канцэнтрацыю. Хоць гэтыя нормы — гэта ўсё толькі на паперы, па факце часам даводзіцца быць напагатове і па шэсць, і па восем гадзін.
Ну, а яшчэ тут трэба разумець маю спецыфіку. Я, скажам так, паехаў. Я не магу сядзець на месцы, бо, як вучыў мяне бацька, ваўка ногі кормяць. Звычайна, калі мы прыязджаем на пазіцыю, я бяру з сабой кучу цыгарэт, іду знаёміцца з украінскімі сумежнікамі, даведваюся сітуацыю на фронце і чым магу быць ім карысны: адным патрэбная разведка, іншым — дапамога ў штурме. Кулямётчык спатрэбіцца заўсёды. Плюс я яшчэ прайшоў медыцынскія курсы. Але як медык я праявіў сябе толькі раз, і тое не змог выратаваць чалавека. Пазыўны — Грос, ён украінец. Яго абстралялі з верталёта, прабілі лёгкае. Калі яго параніла, я быў недалёка на перадку. Украінцы не падрыхтавалі эвакуацыі, таму мы з пабрацімам цягнулі яго з пазіцыі паўтара кіламетра. На нашых руках ён памёр. Раненні аказаліся цяжкія, стабілізаваць яго не ўдалося. Калі мы перадавалі яго медыкам, яны дзякавалі, а я хацеў толькі праваліцца пад зямлю. Гэта быў найгоршы момант у маім жыцці. У Гроса засталіся жонка і маленькая дачка.
— Вы плачаце? Як для вас прайшоў той дзень?
— Ніяк. Сядзеў, курыў, плакаў.
— Мужчыны часта плачуць на вайне?
— Вядома, мы ж людзі. Што вы з нас робіце нейкіх камянёў.
— Вы сказалі, што не раз удзельнічалі ў штурмах. Які быў самы страшны?
— Мне не бывае асабліва страшна. Магу апісаць самае цяжкае заданне. Тады нам спатрэбілася пайсці ў разведку праз замініраваную тэрыторыю. Нас было трое — я, канадзец і амерыканец. Трэба было зразумець, ці ёсць у меркаваным месцы ворагі, і ў залежнасці ад гэтай інфармацыі перарабіць абарону пазіцый. Да мэты трэба было прайсці трыста метраў. Я ішоў першы, яны — след у след. А я не прафесійны мінёр. Робячы кожны крок, я тросся. Разумеў, што магу наступіць на «дыванок». «Дыванок» — гэта сістэма з дзвюх пластыкавых штук, у цэнтры якой нешта накшталт магнітнай батарэйкі. Іх усталёўваюць у траве. Калі на яе трапляеш, яна перадае сігнал на міну, закапаную за пару метраў, — і вас усіх разрывае. Плюс ёсць яшчэ «міны-жабы», расцяжкі, сістэма «Паляванне». Гэтыя трыста метраў мы ішлі, можа, гадзіну.
Ворагаў на той пазіцыі не аказалася. Таму мы пайшлі іншым, таксама замініраваным, шляхам. Хацелі сабраць больш інфармацыі для штурмавой брыгады. На наступны дзень, калі гэтымі маршрутамі пайшлі штурмавікі з сапёрамі, высветлілася, што там вельмі шмат мін.
«Большасць акопнага жыцця — гэта не абарона і атакі, а выжыванне»
За час пад Бахмутам Соня схуднеў кілаграмаў на пяць. У адрозненне ад кароткага адпачынку пасля першага баявога, гэтым разам ён «выпрасіў у Сената цэлых 12 дзён» адпачынку. Зразумеў: арганізму трэба аднавіцца.
— Большасць акопнага жыцця — гэта не абарона і атакі, а выжыванне. Знайсці што паесці, знайсці як сагрэцца, знайсці магчымасць напісаць ці патэлефанаваць блізкім, заварыць чаю. Гэта не так прыгожа, як у відэа, якія я гляджу, дзе чувакі з кулямётамі ідуць на штурм і ўсіх адстрэльваюць. Не. Гэта бруд, боль, холад і мышы. Апошнія — нашая галоўная напасць. Ноччу, калі ты спіш, яны проста поўзаюць па табе. Па целе, твары. Мы спрабавалі іх забіваць, але на месца адной забітай прыходзяць тры жывыя. Гэта сізіфава працу. Яны з кожным днём павялічваюцца ў памерах і з’ядаюць усю нашую ежу, якую цяпер можна хаваць толькі ў жалезных або драўляных скрынях. У заплечнікі, пакеты, нават падвешаныя — яны залазяць. А адна мыш наогул мяне абгадзіла. Гэта нармальна? Па-чалавечы?
— Вы з ёй абмеркавалі гэтую сітуацыю?
— Я яе знайду (смяецца). Я ведаю, дзе яна жыве.
— Час на баявых ідзе па-іншаму?
— Праз тое, што ў цябе няма рэжыму сну і харчавання, усё перамешваецца. Напрыклад, ты дзяжурыш тры гадзіны, потым столькі ж адпачываеш. За гэтыя тры гадзіны адпачынку ты мусіш дайсці да бліндажу, паесці і заснуць. Пакуль заснуў, засталося паспаць гадзіну. Гэта ў найлепшым выпадку, бо можа прыляцець снарад і цябе абудзіць. Потым трэба зноў засынаць. І так чатыры дні. І праблема не ў тым, што ты не спіш, а ў тым, што не спіш запар. Уявіце, што адбываецца з арганізмам. На гэта ўсё накладваецца нераўнамернае харчаванне, цыгарэты, якія курыш пачкамі. Да канца чатырохдзённай камандзіроўкі ў цябе ад гэтага ўсяго пачынае глузды адбіваць.
Каб на «нулі» трымацца, мы стараемся як мага больш смяяцца. Стрэл, усе леглі, і хтосьці крычыць: «Хто з вас н****ў мне ў штаны?» Без гумару там ніяк. Калі пачнеш усур’ёз успрымаць усё, што адбываецца, то праз пару гадзін звар’яцееш.
— Калі вы прыехалі пад Бахмут, быў яшчэ красавік, то-бок досыць холадна. Як сядзець у акопе ці бліндажы ў такіх умовах, асабліва ноччу?
— Спіш у тэрмабялізне і адзенні. Наверх надзяваеш браню і з усім гэтым залазіш у спальнік. Каб вы разумелі, нават цяпер ночы халодныя. У мой апошні выезд з намі былі ўкраінцы. У іх камандзіра вельмі смешны пазыўны — Тамат. Так што Соня — гэта яшчэ не самае страшнае. Прычым Тамат — гэта двухметровы прасмалены штурмавік з сур’ёзным тварам. Я яшчэ ржаў, кажу, давай ужо не па-буйному: назавём цябе Сіньёр Памідор. Дык вось, у яго не было спальніка, і мы з ім ноччу спалі ў абдымку пад маім. Тут няма месца для гей-жартаў. Вы замярзаеце, і вам проста трэба сагрэцца.
— Пра што гавораць, седзячы ў акопах?
— Пра жанчын.
— Раскажыце.
— Я асабіста ніколі не задумваўся пра шлюб. Баяўся адказнасці, што не змагу забяспечыць дзяцей. А я яшчэ і гуляка. А тут на вайне вырашыў, калі бог дазволіць і я выжыву, то ажанюся. Ажанюся, бо хочацца спакою і цяпла. Тут, на вайне, ты пачынаеш цаніць такія простыя рэчы, якіх раней не заўважаў. Даходзіць да смешнага: радуешся ўнітазу. Прыязджаеш на базу, а там унітаз, і ты такі: «Божа мой, я не ў кустах». Радуешся магчымасці памыцца, паесці гарачага супу, каўбасы. І такая гэтая каўбаса смачная, вы не ўяўляеце. Я ў сваім цывільным жыцці хадзіў з усялякімі сэксуальнымі жанчынамі па рэстаранах і наогул не звяртаў увагі на тое, што было на сталах. А тут ты пасля чатырох сутак, двое з якіх не жэр, бо не было часу, прыязджаеш і бачыш гэтую каўбасу. Божа! Проста неверагодна. А яшчэ глядзіш на ўсмешлівых сяброў, якія перажылі з табой гэтыя чатыры дні, — і ты такі шчаслівы (на вачах Соні з’яўляюцца слёзы).
Калі ты ў акопе, табе самотна, і ўсё, пра што ты марыш, — адчуць сябе патрэбным і каханым, таму ўсе размовы там толькі пра жанчын. І гаворка не пра нейкія пахабныя рэчы. Хочацца, каб цябе нехта чакаў. І ты так зайздросціш… Вось у мяне пабрацім Скальп, ён украінец, у яго жонка і сын. Калі мы вяртаемся з баявых, ён тэлефануе ім, а мне так па-добраму зайздросна, што яму ёсць каму патэлефанаваць. Гэтыя званкі ратуюць, каб не звар’яцець. Бо вялікія справы — абараніць краіну, адстаяць праўду — гэта прыгожа гучыць, але два дні сам-насам з абстрэламі і мышамі — і любы чалавек задасца пытаннем: навошта я тут, што я тут раблю, зараз я памру, і ніхто пра мяне не ўспомніць. А каханне — яно ратуе.
— Пасля таго як вы прыехалі на вайну, вашыя пошукі другой паловы неяк узмацніліся?
— Так, Я Tinder Platinum усталяваў (смяецца).
Я ў пачатку гэтых пытанняў сказаў, што саспеў для шлюбу, але давайце будзем сумленнымі: каму я патрэбны? Я, вядома, перапісваюся, але, паўтаруся, нармальная дзяўчына наўрад ці звяжа сваё жыццё з салдатам, асабліва з такім, як я. З кулямётчыкам, які ў любы момант можа памерці. Ну што я ёй наабяцаю? Што мы ажэнімся? Што ў нас будзе куча дзяцей? Вядома, можа, мне пашанцуе сустрэць тую, хто скажа: «Соня, я гатовая чакаць цябе х*й ведае колькі гадоў (бо я не ведаю, колькі працягнецца вайна), і бачыць цябе раз на месяц, і, калі што, перажыць тваю смерць».
У глыбіні душы я разумею, што наўрад ці перажыву гэтую вайну. Я нібыта падзяліўся. Адна частка мяне застаецца дзіцем, якое будуе планы на жыццё, на свабоду. А другая — насамрэч разумее, як усё ўладкаванае, і кажа: «Слухай, месяц, два, год, але ты ўсё роўна памрэш, бо не з нашай працай».
— Якое з гэтых двух вашых «я» перамагае?
— Па-рознаму. Цяпер — першы, у якога ёсць надзея.
— Раз ужо мы загаварылі пра маральны стан. Зрывы ў байцоў на фронце здараюцца?
— Безумоўна. Прычым людзей, якія могуць сарвацца, як правіла, можна заўважыць да бою. Калі чалавек прыязджае і такі: «Я вас усіх парву, усіх п*****ў накрышу ў салату», значыць, што ён засцыць. Гэта ўжо аж праверана.
— Канфлікты ў акопах паміж пабрацімамі здараюцца?
— Тут я зноў згадаю Сената. Гэта чалавек, які аб’яднаў нас і вядзе за сабой. Ён устанавіў дысцыпліну. Наогул ніякага рукапрыкладства, гэта забаронена. Калі ўзнікае канфлікт, то хлопцы збіраюцца, і два чалавекі, у якіх ёсць прэтэнзіі, паміж сабой пры ўсіх абмяркоўваюць, у чым рэч. Па чарзе выказваюць усё адзін аднаму і выслухоўваюць апанента. Гэта ў мірны час. Калі мы на полі бою, то там субардынацыя. Я, як намеснік камандзіра кулямётнай групы, проста кажу: «Я твой камандзір», і баец саступае.
— У інтэрв'ю вы часта кажаце пра Сената. Гэты намеснік камандзіра не медыйны. Раскажыце, што гэта за чалавек.
— Я не ведаю, як яго апісаць. За сваё жыццё я сустракаў тысячы людзей, але ніколі не бачыў чалавека, які настолькі перакананы ў правільнасці свайго шляху і пісьменна ідзе сваёй дарогай. Ён сумленны, адкрыты. Уявіце, ты суткамі ў акопах. Ты дзяжурыў на сектары, стаміўся і нарэшце можаш паўгадзіны паспаць. Але не, ён замест сну расказвае мне, як мы будзем вызваляць Беларусь. Ён проста гарыць гэтай справай.
«Сам я разумею, наколькі башкой ад’ехаў, што пераблытаў краму касметыкі з крамай электронікі. І гэта страшна»
Дні, калі байцы знаходзяцца на базе — так называюць размяшчэнне ў іншым населеным пункце, — часцей за ўсё праходзяць менш напружана. Для пачатку з поля бою па традыцыі вайскоўцы едуць у саўну, адмываюцца.
— Мы знайшлі знаёмых, якія мыюць нам вопратку. Гэта ўкраінцы, яны на гэтым зарабляюць. Спім мы ў закінутых дамах, у спальніках. Хто на падлозе, хто на раскладанцы, — апісвае Соня свой побыт у гэты перыяд. — Ездзім у краму па прадукты. Звычайна ў гэтыя чатыры дні нармальнага жыцця я гляджу серыялы, хаджу на дзіцячую пляцоўку, каб качавацца, езджу з хлопцамі на палігон.
— Расказвалі, што пра гібель пяцярых пабрацімаў вы таксама даведаліся, калі былі на базе.
— Сітуацыя была складаная, бо адзін з іх — таварыш, з якім добра пасябравалі. Мы разам хадзілі ў качалку, у нарады. Ён зусім малады хлопец. Гэта быў яго першы баявы, астатнія бывалыя байцы. Гэта не пра тое, што мне іх менш шкада. Не, вядома. Проста яны ведалі, на што ідуць… Ён паказаў сябе годна ў гэтым баі. Забіў некалькі п*****ў і загінуў. На вайну ён прыехаў з найлепшым сябрам, але сябар не пайшоў у гэты бой, бо за дзень да гэтага, калі яны адступалі, напароўся на калючы дрот і жорстка парэзаўся. Яго зашывалі. Я патэлефанаваў гэтаму хлопцу, а ён ні жывы ні мёртвы. Сказаў яму, што ўсё будзе добра. Мы за іх адпомсцім.
— Калі ўжо гаворка зайшла пра расіян, як бы вы апісалі іх як праціўнікаў?
— Добрыя. У тым плане, што я цярпець не магу, калі кажуць: «Рускія х***а ваююць». Яны шараць за вайну. Можа, спачатку яны кепска ваявалі, але цяпер навучыліся, спрактыкаваліся. Калі ў мяне пытаюцца: «Чаго вы іх не задушыце?», адказваю: «Прыязджай і душы».
Падчас майго баявога выезду за месяц мы прасунуліся на два кіламетры. Колькі нам трэба, каб дабрацца да Крыма? Не слухайце д*******ў, якія кажуць, што рускія ваяваць не ўмеюць і закідваюць мясам. Я бачу на свае вочы: ваяваць яны ўмеюць, і дронамі кіраваць умеюць, і пазіцыі трымаць умеюць. І зброі, і боепрыпасаў у іх хапае, таму не спадзявайцеся на хуткую перамогу.
— Давайце пра добрае. Вы цяпер у адпачынку, як гэта — праз 2,5 месяца ў Бахмуце трапіць у адносна мірнае жыццё?
— У першы дзень я заблукаў у касметычным аддзеле. Мне патрэбны быў супрацьударны чахол для планшэта. А побач з домам, дзе я зняў кватэру на суткі, велізарны гандлёвы цэнтр. Мы з сяброўкай пайшлі туды, заходжу, а там люстэрка, усё блішчыць — і я губляюся. Не разумею, дзе знаходжуся, бо яшчэ 20 гадзін таму быў у акопе. І вось хаджу я, як мне здаецца, па краме электронікі і не магу знайсці чахол. У нейкі момант сяброўка мяне тузае і пытае: «Табе тут нешта трэба?» — «У сэнсе?» — здзіўляюся я, азіраюся і разумею, што шукаю чахол сярод памад і тушаў. Аджартоўваюся, і мы сыходзім. Але сам я разумею, наколькі башкой ад’ехаў, што пераблытаў краму касметыкі з крамай электронікі. І гэта страшна.
— А як было ў астатнія дні?
— Здаецца, так больш не завісаў.
— Летам у вас дзень нараджэння, ужо прыдумалі жаданне?
— Так, канструктар Lego. Я ўсё дзяцінства ў яго гуляў, мама дарыла. Потым падрос, і стала ўжо нязручна купляць яго самому. А калі дабраўся да вайны, зразумеў, што зноў хачу Lego. Цяпер у мяне няма месца, дзе яго захоўваць (падчас адпачынку Соня здымае кватэру на суткі. — Заўв. рэд.), для гэтага патрэбны свой дом ці кватэра. Спадзяюся, калі вайна скончыцца, куплю яго сабе і буду збіраць.
— Што першым зробіце пасля вайны?
— Калі выжыву? Вярнуся ў Беларусь. У мяне там дом пабудаваны, сад, участак. Я пасаджу яшчэ дрэваў. Пастаўлю сцяг, нават два сцягі — беларускі і ўкраінскі, бо маю права. Я ж змагаўся. І буду там жыць. Хачу быць егерам, буду ахоўваць жывёл, як мяне вучыў бацька. І жонку знайду маладую, прыгожую. Такую, ведаеце, каб я з ёй ішоў вуліцай, а іншыя мужчыны азіраліся. І дзяцей завяду. Гэта, вядома, усё фантазіі, але памарыць жа не шкодна?
— Зноў працаваць у садку не хацелі б?
— Таксама варыянт.
Чытайце таксама