У Службе бяспекі Украіны заявілі пра «затрыманне агента беларускага КДБ, які шпіёніў за паўночнай мяжой Украіны». Пра гэта паведамляе прэс-служба ведамства.
«Інфарматарам аказаўся грамадзянін Беларусі, які мае від на пастаяннае пражыванне ў нашай дзяржаве і доўгі час жыве ў Ровенскай вобласці. У пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ён быў завербаваны супрацоўнікам беларускага КДБ і ажыццяўляў разведвальна-падрыўную дзейнасць супраць Украіны. Задачай агента быў збор звестак пра абарону паўночных межаў нашай дзяржавы і маршруты перамяшчэння ваеннай тэхнікі», — сцвярджаюць ва ўкраінскім ведамстве.
Яго затрымалі на месцы яго жыхарства «падчас чарговай спробы перадачы разведдадзеных». Мужчына знаходзіцца пад вартай.
Беларуса падазраюць у тым, што ён абыходзіў памежную тэрыторыю і назіраў за перамяшчэннем украінскага войска ў Ровенскай вобласці.
У СБУ расказалі, што раней затрыманы быў камандзірам падраздзялення дэсантна-штурмавых войскаў СССР і актыўна ўдзельнічаў у баявых дзеяннях у Афганістане.
Нагадаем, 1 чэрвеня стала вядома, што ва Украіне затрымалі і арыштавалі на два месяцы грамадзяніна Беларусі па падазрэнні ў перадачы інфармацыі пра перамяшчэнне на ўкраінска-беларускай мяжы жывой сілы і ваеннай тэхнікі.
Затрыманы — беспрацоўны, нарадзіўся і жыве ў Ровенскай вобласці Украіны, але мае беларускае грамадзянства. У матэрыялах справы адзначаецца, што падазраваны перадаў іншаму беларусу праз тэлефон інфармацыю, якая адсутнічае ў адкрытых крыніцах, пра падрыхтоўку да абароны ўкраінскай мяжы на выпадак уварвання з беларускай тэрыторыі. Інфармацыю ён пачаў перадаваць у красавіку 2023 года.
Раней быў судзімы за апраўданне і падтрымку расійскай агрэсіі супраць Украіны.