Польскія дальнабойгчыкі 9 траўня пачалі блакаваць рух грузавікоў на памежным пераходзе «Карошчын — Казловічы». Гэта адзіны мытны тэрмінал, праз які цяпер могуць праязджаць фуры. У сацсетках ужо з’явіліся фота і відэа акцыі пратэсту, піша партал Reform.by.
У аўторак у сярэдзіне дня польскія перавозчыкі пачалі акцыю пратэсту. На відэа з месца відаць, што грузавікі стаяць каля вёскі Добрынь Дужы, дзе знаходзіцца паркоўка для буйнагабарытных аўто. Яны закрылі праезд для тэхнікі, якая ўязджае ў краіну.
Яны таксама працягваюць пратэставаць ля пропуску «Дарахуск» на мяжы з Украінай. Раней паведамлялася, што там фуры блакуюць рух дальнабойшчыкаў, якія ўязджаюць, і прапускаюць па адным на гадзіну. Праз гэта расце чарга. Як перадае Telegraph, тое самае яны збіраюцца рабіць на мяжы з Беларуссю.
#strajkprzewoźników pic.twitter.com/3zRUg3WpTT
— Maks Łukasiuk (@MaksUkasiuk) May 9, 2023
#strajkprzewoźników pic.twitter.com/3zRUg3WpTT
— Maks Łukasiuk (@MaksUkasiuk) May 9, 2023
Арганізатары акцыі расказалі, што блакадай памежнага пераходу яны спрабуюць процідзейнічаць «нядобрасумленнай канкурэнцыі транспартных кампаній з расійскім і беларускім капіталам». Паводле звестак польскіх перавозчыкаў, у краіне летась зарэгістравалі больш за дзве тысячы такіх кампаній. Праз гэта, на іх думку, упалі тарыфы і з’явілася нядобрасумленная канкурэнцыя. Таксама яны ўпэўненыя, што беларусы і расіяне такім чынам абыходзяць санкцыі.
Нагадаем, польскія транспартнікі не згодныя з «захопам рынку аўтамабільных грузаперавозак на ўсход беларускімі і расійскімі кампаніямі». Яны патрабуюць забараніць уезд у Польшчу паўпрычэпам з беларускай і расійскай рэгістрацыяй, прыпыніць дзейнасць беларускіх і расійскіх кампаній, якія былі заснаваныя ў краіне, а таксама абмежаваць ільготы для перавозчыкаў з Украіны.
Арганізатарам дазволілі праводзіць акцыі да 9 чэрвеня.