Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Падобна да таго, што беларускія партызаны або ўкраінскія дыверсанты ажыццявілі адну з найбольш паспяховых акцый супраць расійскіх войскаў за ўсю вайну — на аэрадроме «Мачулішчы», падаецца, пашкоджаны самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення (ДРЛВ) А-50. Расказваем, што асаблівага ў гэтым борце (а ён вельмі рэдкі і каштуе некалькі сотняў мільёнаў даляраў) і як такое магло здарыцца.

Што адбылося

26 лютага на аэрадроме ў Мачулішчах прагрымела некалькі выбухаў — пра гэта паведаміла ініцыятыва BYPOL, інфармацыю нам пацвердзілі чытачы.

Пра выбухі ініцыятыве паведамілі ўдзельнікі плана «Перамога». Інцыдэнт адбыўся раніцай 26 лютага, а ў выніку пацярпелі расійскі ваенна-транспартны самалёт і снегаўборачная тэхніка. Паведамленні ў мясцовых чатах дазволілі вызначыць прыкладны час — паміж 8.00 і 9.40 раніцы (праўда, некаторыя казалі, што выбухі былі чуваць уначы).

Паводле жыхароў навакольных населеных пунктаў у мясцовых тэлеграм-чатах, каля аэрадрома «Мачулішчы» пасля таго, што здарылася, заўважылі вялікую колькасць вайскоўцаў. Акрамя іх, як адзначалі карыстальнікі, былі прадстаўнікі Следчага камітэта і хуткай дапамогі. У прыватнасці, «уздоўж забітая тэхнікай з вайскоўцамі ў броніках» была вуліца Спартыўная, таксама адзначалася прысутнасць як мінімум сямі вайсковых машын з аўтаматчыкамі.

Паблізу былі відаць машыны ДАІ, якія правяралі багажнікі машын, што праязджалі міма, а пасля, паводле інфармацыі тэлеграм-канала «МотолькоПомоги», паведамленні ў мясцовых чатах пачалі выдаляцца, а па кватэрах стаў хадзіць АМАП у поўным абмундзіраванні «па сваіх БЧБ-спісах». Тэрыторыю Мачулішчаў паўтары гадзіны патруляваў верталёт.

Каля 20.00 26 лютага BYPOL удакладніў (зноў жа, паводле інфармацыі ад удзельнікаў плана «Перамога»), што падарваны борт — не транспартны, а расійскі самалёт ДРЛВ А-50. Паводле паведамлення, у выніку двух выбухаў пацярпелі пярэдняя і цэнтральная часткі самалёта, пашкоджаная авіёніка і радыёлакацыйная антэна.

«Пашкоджанні сур’ёзныя, самалёт дакладна ўжо нікуды не паляціць», — адзначаецца ў паведамленні BYPOL. Пазней кіраўнік ініцыятывы Аляксандр Азараў наўпрост назваў BYPOL арганізатарам дыверсіі, заявіўшы, што яна рыхтавалася «да чатырох месяцаў».

Расійскія крыніцы спачатку факт удару па аэрадроме прызнавалі, але адмаўлялі пашкоджанні самалёта А-50. Так, блогер FighterBomber, блізкі да расійскіх авіяцыйных колаў, напісаў, што прылёты па Мачулішчах былі, але «ніякія А-50 нідзе не пацярпелі» — аднак неўзабаве прыпісаў да паста кароткі дадатак «Не ўсё так вясёлкава і адназначна» і апублікаваў пост пра тое, якой бачыць абарону аэрадромаў ад беспілотнікаў, што ўскосна сведчыць пра тое, што самалёт усё ж удалося падбіць.

Ніякіх фатаграфій або відэа пашкоджанага борта ні адзін з бакоў пакуль не прадставіў.

Гісторыя самалётаў ДРЛВ

Па сваёй сутнасці самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення — гэта лётны радар, то-бок борт, на якім ўсталяваная магутная радыёлакацыйная станцыя з круткай антэнай. Падняўшыся з ёй на вялікую вышыню, самалёт можа аглядаць велізарную тэрыторыю, фіксаваць і суправаджаць дзясяткі цэляў, а пры неабходнасці наводзіць на іх знішчальнікі і ўдарныя самалёты. Перавагі такога падыходу відавочныя: у параўнанні з большасцю наземных РЛС борт ДРЛВ «бачыць» нашмат далей, бо яго поле яго «зроку» не абмежаваная крывізной зямлі і рознымі перашкодамі — проста з прычыны таго, што самалёт лётае вельмі высока, акрамя таго, яго можна адправіць сачыць у любое месца планеты.

Ідэя распрацоўкі такіх самалётаў нарадзілася яшчэ падчас Другой сусветнай вайны, а першымі яе паспяхова рэалізавалі брытанцы. Пастаянную пагрозу для Вялікабрытаніі ўяўляла авіяцыя нацысцкай Германіі, якая бамбіла гарады, замінала суднаходству, а ў апошнія гады вайны яшчэ і актыўна запускала па Брытанскіх астравах самалёты-снарады «Фау-1» (фактычна, першыя крылатыя ракеты).

Каб своечасова выяўляць самалёты Рэйха, асабліва над Атлантычным акіянам, для Каралеўскіх ваенна-паветраных сіл быў створаны спецыяльны варыянт бамбардзіроўшчыка «Вікерс Велінгтан»: ён нікога не бамбіў, затое абсталёўваўся круткай антэнай над фюзеляжам. Менавіта такая форма самалёта ДРЛВ — з «грыбам» антэны над корпусам — у выніку стала класічнай (хоць сам «Велінгтан» з радарам у серыю так і не пайшоў), паводле яе пабудаваны і А-50, і іншыя аналагічныя самалёты.

Бмбардировщик Wellington, переделанный в самолет ДРЛО, годы Второй мировой войны. Фото: RAF, «History Of Air Intercept Radar And The British Nightfighter: 1935-1959», Public Domain, commons.wikimedia.org
Бамбардзіроўшчык Wellington, перароблены ў самалёт ДРЛВ, гады Другой сусветнай вайны. Добра відаць антэна над фюзеляжам. Фота: RAF, History Of Air Intercept Radar And The British Nightfighter: 1935−1959, commons.wikimedia.org

Пасля з такімі самалётамі (іх называлі па-рознаму, напрыклад «самалётамі ранняга выяўлення» і інакш, але мы будзем выкарыстоўваць менавіта звыклую фармулёўку ДРЛВ) эксперыментавалі многія краіны. Гэтаму спрыяў і час: ішла халодная вайна паміж краінамі NATO і Варшаўскай дамовы, пастаянная ваенная пагроза змушала бакі распрацоўваць усё больш дасканалыя ўзбраенні — і «лётныя радары» займалі сярод іх годнае месца.

Найбольш вядомыя сёння самалёты ДРЛВ — савецкія/расійскія і амерыканскія. Першым такім бортам у ЗША стаў перароблены з бамбардзіроўшчыка Lockheed EC-121 Warning Star, які вырабляўся з 1949 года.

Американский EC-121D Warning Sta в небе над Таиландом, 1972 год. Фото: Bwmoll3 , Public Domain, commons.wikimedia.org/
Амерыканскі EC-121D Warning Star у небе над Тайландам, 1972 год. Антэна РЛС над фюзеляжам выглядае трохі інакш, чым на большасці самалётаў ДРЛВ, і больш нагадвае горб, чым шапачку грыба. Фота: Bwmoll3, commons.wikimedia.org

Пазней свой такі ж захацелі і ваенна-марскія сілы краіны, і давялося рабіць для флоту самалёт ДРЛВ з нуля — патрабаванні да бартоў, якія ўзлятаюць з палубы авіяносца, традыцыйна высокія, і большасць «сухапутных» самалётаў ім не адпавядае. Так з’явіўся адзіны на планеце палубны самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення E-2 Hawkeye, які эксплуатуецца і цяпер.

Ужо ў 1960-я Warning Star састарэў, і на змену яму на аснове знакамітага пасажырскага «Боінга 707» пабудавалі новы самалёт E-3 Sentry AWACS (Airborne Warning and Control System — «сістэма паветранага папярэджання і кантролю»). Хоць абрэвіятура AWACS датычыла толькі мадэлі E-3, тэрмін амерыканцам спадабаўся, і цяпер словам «авакс» часта акрэсліваюць у англійскай мове ўсе самалёты ДРЛВ незалежна ад мадэлі.

Американский самолет ДРЛО E-3 Sentry. Фото: U.S. Air Force, af.mil, commons.wikimedia.org
Амерыканскі самалёт ДРЛВ E-3 Sentry. Фота: U.S. Air Force, af.mil, commons.wikimedia.org

Магутны радар E-3 Sentry дае магчымасць выяўляць цэлі на адлегласці да 650 кіламетраў і суправаджаць да сотні паветраных аб’ектаў адначасова. На сайце NATO адзначаецца, што ўсяго тры такія барты могуць «перакрыць» назіраннем усю Цэнтральную Еўропу.

У СССР неабходнасць ва ўласным самалёце ДРЛВ усвядомілі ў 1950-х гадах. Велізарная мяжа Саюза ўздоўж Паўночнага Ледавітага акіяна (менавіта з гэтага напрамку чакалі налётаў амерыканскіх бамбардзіроўшчыкаў з ядзернымі бомбамі) не магла быць «прыкрытая» сеткай наземных РЛС, будаваць іх было б занадта дорага і цяжка. У 1965 годзе на ўзбраенне паступіў першы савецкі «лётны радар» Ту-126 на базе пасажырскага самалёта Ту-114. Ён умеў выяўляць варожыя самалёты на адлегласці да 350 кіламетраў і быў цалкам перадавой мадэллю для свайго часу.

Ту-126 на авиабазе Зокняй, Литовская ССР. Фото: amon goeths. ru-aviation.livejournal.com/, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org
Ту-126 на авіябазе Закняй, Літоўская ССР. Фота: amon goeths. ru-aviation.livejournal.com, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org

Аднак Ту-126 меў незнішчальны недахоп: апаратура самалёта не дазваляла выяўляць цэлі, якія ляцяць на нізкай вышыні, — яны «губляліся» на фоне зямной паверхні. Таму ў 1966 годзе ў СССР пачаліся даследаванні па новым комплексе ДРЛВ, які мусіў засякаць паветраныя аб’екты на фоне зямлі, вызначаць іх вышыню і наводзіць на праціўніка знішчальнікі.

А-50 — галоўны самалёт ДРЛВ Расіі

Самалёт ствараўся на базе самага знакамітага ваеннага транспартніка Саюза — Іл-76. Для яго выкарыстання ў якасці «лётнага радара» борт мадэрнізавалі, каб усталяваць на яго антэну і электронную апаратуру. Мадэль атрымала назву А-50.

У 1978 годзе найноўшы самалёт падняўся ў паветра, а ў 1984 годзе пачаў паступаць у войскі СПА СССР (хоць афіцыйна на ўзбраенні аказаўся толькі праз год). Самалёты вырабляліся на авіязаводзе ў Ташкенце, радарамі іх абсталёўвалі ў Таганрогу. Для баявой працы лётны апарат падымаўся на вышыню каля 10 кіламетраў і выпісваў «васьмёркі», бесперапынна назіраючы за навакольнай прасторай з дапамогай радара.

Самалёт аказаўся вельмі ўдалым — так, ён мог выяўляць цэлі малых памераў (кшталту крылатых ракет «Тамагаўк», якія з’явіліся да таго часу). Калі А-50 засякаў паветраныя аб’екты, ён выводзіў на іх знішчальнікі, калі наземныя — ударныя самалёты. Усяго адначасова можна было сачыць за 50−60 цэлямі і наводзіць да 10−12 самалётаў.

Ужо ў 1988 годзе на аснове А-50 быў зроблены самалёт ДРЛВ «Абадон» для рэжыму Садама Хусэйна ў Іраку — менавіта ён стаў першай версіяй савецкага «лётнага радара», якая паўдзельнічала ў рэальнай вайне (спроба адбіцця атакі войскаў кааліцыі падчас аперацыі «Бура ў пустыні» зімой 1991 года). Праўда, адбіцца Хусэйну самалёты не дапамаглі, і ў выніку два іракскія барты пераляцелі ў Іран, дзе знаходзяцца дагэтуль.

Сам жа А-50 з 1994 года браў удзел у першай чачэнскай вайне, каардынуючы працу расійскай авіяцыі, а потым — у той самай якасці — у другой чачэнскай і сірыйскай войнах. Некалькі бартоў прадалі Індыі, вяліся перамовы пра пастаўку некалькіх самалётаў Кітаю, але кантракт заключаны не быў. У выніку сёння прыдатныя да выкарыстання А-50 ёсць толькі ў РФ і Індыі.

Индийский А-50, 2009 год. Фото: Michael Sender. jetphotos.net, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org
Індыйскі А-50, 2009 год. Фота: Michael Sender. jetphotos.net, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org

У 2003 годзе самалёт пачалі мадэрнізаваць да версіі А-50У з больш шырокім выкарыстаннем лічбавай «начынкі», першую такую машыну ВКС Расіі атрымалі ў 2011 годзе. Спробы краіны абзавесціся новым самалётам А-100 выніку пакуль не далі — у авіяцыі РФ іх няма.

Вялікая колькасць радыёэлектроннага абсталявання, магутны радар і іншыя тэхнічныя рашэнні зрабілі машыну шалёна дарагой. Паводле ацэнак, яна каштуе да 330 мільёнаў даляраў за штуку, Кітаю самалёты прапаноўваліся, паводле некаторых звестак, за 180−200 мільёнаў за борт. Усяго спраўных самалётаў у Расіі да інцыдэнту на аэрадроме было дзевяць.

У пачатку расійскага ўварвання ва Украіну чатыры расійскія А-50 пераляцелі ў Беларусь і з 24 лютага 2022 года бралі ўдзел у ваенных дзеяннях, наводзячы на аб’екты Украіны расійскія самалёты і ракеты. Пасля «лётныя радары» ажыццяўлялі ратацыю — і з 3 студзеня ў Беларусі базуецца толькі адзін мадэрнізаваны А-50У на аэрадроме «Мачулішчы» (ён ужо прылятаў 24 лютага 2022 года). ВаенТБ Беларусі здымала пра яго рэпартаж, адзначаючы, што ў палётах самалёт ахоўваюць у тым ліку беларускія знішчальнікі. Менавіта гэты борт і быў, падобна, пашкоджаны беларускімі партызанамі (ці кімсьці іншым).

Як самалёт мог быць падарваны?

Звестак пра гэта пакуль мала. Паводле паведамленняў абодвух бакоў, хутчэй за ўсё, па аэрадроме быў нанесены ўдар дронамі, аднак якімі і пры якіх абставінах — пра гэта дакладна не вядома.

Найбольш імаверным спосабам атакі на аэрадром можна лічыць, мабыць, удар невялікага (магчыма, цывільнага) беспілотніка, запушчанага ў непасрэднай блізкасці ад Мачулішчаў. Абсталяваўшы БПЛА прыдатнай баявой часткай (да прыкладу, стрэлам для супрацьтанкавага гранатамёта РПГ-7), можна было скінуць груз на цэль (або скіраваць сам коптар на самалёт, калі гаворка пра FPV-дрон) і паспрабаваць вывесці яго з ладу.

Предполагаемые места повреждений самолета А-50 в Мачулищах - антенна в центре корпуса и передняя часть. Фото: t.me/By_Pol
Меркаваныя месцы пашкоджанняў самалёта А-50 у Мачулішчах — антэна, прыкрытая абцякальнікам, у цэнтры корпуса і пярэдняя частка. Фота: t.me/By_Pol

Самая важная частка самалёта ДРЛВ — уласна радар — прыкрытая толькі параўнальна нетрывалым пластыкавым абцякальнікам, які ніяк не зможа абараніць ад выбуху. Другі выбух у насавой частцы А-50 (калі арыентавацца на паведамленні BYPOL) можа сведчыць пра спробу трапіць, напрыклад, у кабіну.

Збіць такі дрон сіламі звычайнай СПА амаль нерэальна, маленькі беспілотнік дрэнна бачны на радарах, можа ляцець нізка, а сама атака зойме нікчэмна малы час — асабліва пры выкарыстанні гоначнага FPV. Праўда, наколькі вядома, аэрадром «Мачулішчы», акрамя іншай аховы, абаронены супрацьдронавымі комплексамі «Навальніца» («Гроза»).

Мяркуючы па ўсім, прыклады паспяховага выкарыстання такіх комплексаў супраць беспілотнікаў ёсць: так, незадоўга да вайны МЗС Беларусі заявіла, што спецыялісты Узброеных сіл здолелі пасадзіць дрон, які прыляцеў з боку Украіны. Паколькі іншых комплексаў процідзеяння БПЛА на ўзбраенні ў Беларусі няма, хутчэй за ўсё, гаворка ішла пра выкарыстанне адной з версій «Навальніцы».

Аднак пра тое, наколькі эфектыўны комплекс і наколькі ён здольны забяспечыць стоадсоткавую абарону ваеннага аб’екта, звестак няма. Магчыма, з нейкай прычыны «Навальніца» не спрацавала — і дроны трапілі па цэлі.

Варыянт, што дрон прыляцеў праз сотні кіламетраў з Украіны, практычна нерэальны. Па-першае, для гэтага беспілотніку давялося б праляцець міма ўсёй беларускай сістэмы СПА. Па-другое — і гэта галоўнае — запусціць падобным чынам маленькі робат не атрымаецца, не хопіць далёкасці. Адзіная вядомая зброя УСУ, здольная наносіць такія ўдары, — БПЛА Ту-141 «Стрыж»: менавіта такімі, хутчэй за ўсё, былі пабітыя аэрадромы расійскай стратэгічнай авіяцыі ў Энгельсе і Дзягілеве.

Аднак «Стрыж» — велізарны апарат, падобны да вялікай крылатай ракеты, і нясе шмат выбухоўкі. Трапіўшы ў А-50, ён бы, хутчэй за ўсё, ператварыў увесь самалёт у гару абломкаў, прычым адзіным выбухам (у той час як жыхары навакольных населеных пунктаў чулі некалькі). Акрамя таго, «аўтапілот» Ту-141 наўрад ці мае дастатковую дакладнасць, каб трапіць у адзінокі самалёт: машына досыць старая і абсталяваная яшчэ савецкімі сістэмамі навігацыі. Тэарэтычна ўкраінцы маглі сур’ёзна мадэрнізаваць апарат, зрабіўшы яго дакладнейшым, але пра гэта нічога не вядома.

Ту-141 "Стриж" в музее ВВС, город Винница, Украина. Фото: wikipedia.org
Ту-141 «Стрыж» у музеі ВПС, горад Вінніца, Украіна. Фота: wikipedia.org

Ужо згаданы прарасійскі блогер FighterBomber, паказваючы, як мусіць будавацца супрацьдронавая абарона аэрадрома, напісаў, што сродкі радыёэлектроннай барацьбы, якія абараняюць аб’ект, павінныя працаваць па частотах кіравання камерцыйнымі дронамі, уключаючы гоначныя FPV. І дадаў, што «мусіць стаць нормай, што любы дрон і чалавек, які запусціў дрон у радыусе 10 км ад вайсковага аэрадрома, — гэта вораг». Падобна, атаку сапраўды ажыццявілі з блізкай адлегласці. Як невядомым аператарам БПЛА ўдалося падабрацца так блізка і нанесці ўдар — незразумела, імаверна, неідэальная не толькі праца «Навальніцы», але і ахова аб’екта ў цэлым.

Так ці інакш, з высокай доляй імавернасці можна канстатаваць: падобна, беларускія партызаны (ці нехта іншы, вызначыць, хто быў аператарам дрона, на аснове наяўнай інфармацыі немагчыма) сапраўды здолелі ажыццявіць самую паспяховую акцыю супраць расійскай баявой тэхнікі на тэрыторыі нашай краіны.

Пацярпелы самалёт — самы або адзін з самых дарагіх у ВКС Расіі. Кошт борта ў 330 мільёнаў даляраў — гэта прыкладна 40% ад кошту патопленага УСУ ў красавіку мінулага года ракетнага крэйсера «Масква».