Сілавікі затрымалі генеральнага дырэктара ТДА «Беллесвыраб» Віталя Васілевіча. Набліжаны да сілавікоў тэлеграм-канал апублікаваў 29 лістапада яго «пакаяльнае» відэа.
Праўладныя крыніцы назвалі затрыманага «даляравым мільянерам» і абвінавацілі ў тым, што ён «не пусціў супрацоўнікаў міліцыі на аб’ект прадпрыемства». Нібыта праз гэта да мужчыны з’явіліся прэтэнзіі і «падчас дбайнай праверкі» ў яго знайшлі «агнястрэльную зброю і сляды ўдзелу ў масавых парушэннях грамадскага парадку і перакрыццях дарог, учыненых у жніўні 2020».
Затрыманага таксама прымусілі зняцца ў «пакаяльным» відэа. Віталь Васілевіч сказаў, што ўдзельнічаў у «несанкцыянаваным мітынгу» і «ствараў перашкоды руху транспарту».
— Учора на прадпрыемства прыязджалі супрацоўнікі міліцыі. Я ў гэты час знаходзіўся дома. Мне патэлефанаваў начальнік аховы, і я даў указанне супрацоўнікаў міліцыі не прапускаць, а запрасіць работніка і тым самым стварыў перашкоду дзеянням супрацоўнікаў міліцыі. У чым шчыра раскайваюся. За дадзеныя дзеянні затрыманы супрацоўнікамі міліцыі, — сказаў затрыманы.
Belwoodoors займаецца вытворчасцю дзвярэй, існуе з 1999 года і экспартуе прадукцыю ў больш чым 20 краін свету. Сярод іх — Расія, Украіна, ЗША, Нарвегія, краіны Еўрасаюза. У 2021 годзе прадпрыемства занеслі на дошку гонару Заводскага раёна горада Мінска.