У гэтым навучальным годзе 11-класнікаў чакае новае выпрабаванне — цэнтралізаваны экзамен. Плануецца, што выпускнікі будуць пісаць яго вясной. А пакуль жа даведацца, чаго чакаць ад ЦЭ, можна на рэпетыцыйным экзамене. Здаць яго прапануюць па 15 прадметах. Складанасць заданняў — базавы ўзровень. Адным з самых папулярных прадметаў у абітурыентаў традыцыйна з’яўляецца руская мова. Блог «Людзі» пагаварыў з рэпетытаркай-філолагам, якая напісала спробны ЦЭ, прааналізавала яго і ўстрывожылася: «Тэсты не мусяць быць такімі лёгкімі». Мы перадрукоўваем гэты тэкст.
Нашая суразмоўніца — рэпетытарка, за плячыма якой 25 гадоў педагагічнага стажу. 17 з іх яна працуе з ЦТ. На яе думку, заданні, якія Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў (РІКВ) звычайна прапаноўваў выпускнікам па рускай мове, па ўзроўні складанасці былі ідэальнымі. А вось да таго, што падрыхтаваў РІКВ да першага этапу рэпетыцыйнага ЦЭ, у яе ёсць пытанні.
— Я не раз здавала ЦТ, але на РТ (рэпетыцыйнае тэставанне. — Заўв. рэд.) да гэтага не хадзіла і дзецям запісвацца на першы этап не рэкамендавала. Ён праходзіць у кастрычніку-снежні. Выпускнікі, якія звычайна пачынаюць рыхтавацца да тэставання з верасня, да гэтага часу патрэбных ведаў яшчэ не маюць, — дзеліцца назіраннямі педагог. — Але сёлета, паколькі ЦТ замяняюць ЦЭ і ўводзяць новую структуру тэсту, мае вучні на першае спробнае выпрабаванне ўсё ж пайшлі. Я таксама. Хацелася хутчэй убачыць новы тэст. Паглядзець, што ён сабой уяўляе.
Рэпетыцыйны ЦЭ педагог пісала ў адной з навучальных установаў Мінска. У аўдыторыі, разлічанай на 30 чалавек, усе месцы былі занятыя. Пры гэтым, удакладняе суразмоўніца, асаблівых праблем з тым, каб зарэгістравацца, у яе не ўзнікла. З заданнямі, на якія адводзіцца 120 хвілін, яна справілася за паўгадзіны. З будынка выйшла ў шоку.
— Усё было вельмі лёгка. Заданні можна зрабіць нават не думаючы. Шчыра, потым сядзела ў парку на лаўцы, і хацелася плакаць, — не хавае эмоцый рэпетытарка. — Той узровень мовы, які быў у тэстах усе папярэднія гады, абрынуўся.
Яе сумную выснову пацвердзілі і вынікі вучняў. З 2019 года, калі РІКВ змяніў методыку падліку вынікаў на ЦТ, у краіне сярэдні бал на ЦТ па рускай трымаўся на ўзроўні 50. Да гэтага — каля 40. А цяпер многія дзеці, з якімі яна працуе, напісалі першы этап на 70−80 балаў.
— Мы з імі займаемся ўсяго два з паловай месяцы, і я ведаю: іх узровень пакуль недацягвае да такіх адзнак, — як ёсць кажа педагог. — Дзеці выйшлі пасля тэсту расслабленыя.
Што ж было ў тэстах?
Паводле словаў педагога, рэпетыцыйны ЦЭ, як і леташнія ЦТ, цалкам адпавядаў школьнай праграме. Але ў любой тэме, працягвае яна, ёсць словы і прапановы больш і менш складаныя для напісання. Цяпер усё было абрана з менш складанага. Напрыклад, у заданні на правапіс «нн».
— Гэта адна з самых складаных тэмаў у арфаграфіі, — нагадвае рэпетытарка. — Усе гады ў тэстах яна выглядала прыкладна аднолькава і была ідэальна прапісаная. Вучням прапаноўвалі назоўнікі, дзеепрыметнікі, прыслоўі і іншыя часціны мовы. З іх, напрыклад, трэба было выбраць словы, дзе мусяць быць дзве «н». Гэтым жа разам мне прапанавалі вызначыць колькасць «н» у адным слове. Выходзіць, тэма раскрытая не цалкам.
Педагог кажа, што змянілася і структура тэстаў. Раней у рускай было 30 заданняў у частцы А, у іх трэба было выбраць правільны варыянт з прапанаваных, і 10 — у частцы B, тут адказ школьнік пісаў сам. Цяперашнія суадносіны — 18 і 22 адпаведна. Паводле яе словаў, калі ў матэматыцы і фізіцы гэта мае сэнс (дадзенае тэставанне, кажуць, цяпер больш нагадвае кантрольную), то ў рускай — не. Чаму?
— У частцы А ў рускай мове правільнымі маглі аказацца нават чатыры пункты з пяці прапанаваных. То-бок імавернасць адгадвання была мінімальная, — тлумачыць нашая суразмоўніца. — Цяпер яны перанеслі некаторыя заданні з часткі А частка ў частку В, дзе правільны адказ толькі адзін. І што атрымліваецца? Дапусцім, заданне на правапіс мяккага знака. Раней, калі яно стаяла ў частцы А, чалавеку з пяці ці дзесяці словаў трэба было выбраць прыдатныя, а цяпер з пяці словаў трэба вызначыць адно, у якім прапушчаны мяккі знак. Па законе ўсіх латарэй што прасцейшае: назваць адзін варыянт з пяці або ад аднаго да чатырох — з пяці-дзесяці?
Былі, кажа педагог, у яе варыянце і заданні, дзе «проста немагчыма адказаць няправільна». Даваўся лёгкі прыметнік з пытаннем, ад якога слова ён утвораны. У якасці прыкладу да пытання яна прыводзіць слова «вражеский».
— Любы вучань скажа, што ён утвораны ад слова «враг». Аналагічная простая сітуацыя сустрэлася і ў маім варыянце, — адзначае суразмоўніца. — Вядома, былі і заданні, над якімі варта было падумаць. І гэта выдатна. Частка А засталася вельмі падобнай да той, што прапаноўвалі раней. У асноўным высокія балы дзеці набралі дзякуючы заданням, што перамясцілі з часткі А ў частку В і спрасцілі.
На пытанне, ці былі ў тэстах нейкія новыя віды заданняў, напрыклад эсэ, якое ёсць у расійскім ЕГЭ, педагог адказвае: «Не».
— Чула, у кулуарах пагаворваюць пра з’яўленне часткі С, але толькі ў наступным годзе, — кажа яна.
«Калі ўсе баяцца напружыцца і вывучыць нешта складанае, то навошта наогул экзамены»
Раней у Міністэрстве адукацыі гаварылі, што складанасць тэстаў зменяць. Гэта будзе базавы ўзровень. Магчыма, гэтае новаўвядзенне і тлумачыць тое, што тэст педагогу падаўся лёгкім. Але што кепскага ў прасцейшых заданнях?
— Я з тых педагогаў, якія падтрымліваюць тое, што ЦТ і школьны экзамен сумясцілі. Як на мяне, рабіць гэта варта было, не змяняючы ўзроўню складанасці тэстаў, — разважае педагог. — Але ў нас пайшлі іншым шляхам. Чаму? Таму што ў Міністэрстве перажываюць, што, здаўшы ЦЭ, дзеці не пацвердзяць школьныя адзнакі. У выніку замест таго, каб прызнаць, што нашая адукацыя знаходзіцца на ўзроўні плінтуса, і вырашаць гэтае пытанне, яны спрабуюць стварыць экзамен, які пацвердзіў бы нацягнутыя адзнакі. Але ў школе нам заўсёды адзнакі трохі дарылі. Нават мне дарылі. Я ішла на медаль, але па хіміі і матэматыцы ў мяне была далёка не пяцёрка (тады вучыліся па пяцібальнай сістэме. — Заўв. рэд.). Аднак, скажам так, на агульным фоне я вылучалася, таму мне далі медаль.
Са словаў суразмоўніцы, яе першым вучням цяпер па 35 гадоў. Узровень ведаў па рускай, які быў у іх і ёсць у цяперашніх адзінаццацікласнікаў, адрозніваецца.
— Цяпер дзеці з васьмёркамі і дзявяткамі па рускай могуць непісьменна пісаць, не ўмець працаваць з правіламі. А ўсё чаму? Па-першае, са школ сышло шмат моцных настаўнікаў, — разважае рэпетытарка. — Па-другое, дзеці не хочуць працаваць, але пры гэтым іх бацькі ціснуць на педагогаў і патрабуюць, каб у дачок і сыноў былі высокія адзнакі. Настаўнікі саступаюць, таму што ім трэба берагчы нервы. Атрымліваецца замкнёнае кола. І ў выніку высокія адзнакі ёсць, а ведаў за імі няма. Гэта як дзьмутае золата. Здаецца, і золата, а ўнутры пустата.
Пры гэтым педагог упэўненая: у цяперашніх дзяцей «мозг ёсць», але ў школе яго часта не напружваюць. Дзеці, кажа яна, нярэдка педагагічна закінутыя.
— А калі ты дзіцяці тлумачыш, што ў мове ёсць такія з’явы і яны так працуюць, мозг у яго пачынае варушыцца, — дзеліцца назіраннямі яна. — І хоць у крытыкаў заўсёды знаходзіліся пытанні да ЦТ, заданні, якія РІКВ раней прапаноўваў па рускай, былі годнымі. Калі я ўбачыла новы тэст, то знервавалася. Але, трохі адышоўшы, падумала: калі ў Інстытуце прааналізуюць вынікі першага этапу і ўбачаць высокі сярэдні бал (а я ўпэўненая, ён будзе менавіта такім), варыянты ўсё ж ускладняць. На гэта я настройваю і дзяцей, з якімі працую.
Паводле назіранняў педагога, у яе вучняў, якія здалі спробныя тэсты, «здарыўся дысананс». Аказалася, матэрыял, які прапануе ім настаўнік, шырэйшы і складанейшы, чым тое, што яны ўбачылі ў заданнях.
— Давялося ім тлумачыць, што ў гэтай лёгкасці няма нічога добрага. А значыць, так не мусіць быць, — кажа суразмоўніца. — Просты прыклад. У мяне ёсць вучань, які летась на ЦТ набраў 80 балаў. Цяпер ён збіраецца перапаступаць, таму пайшоў на рэпетыцыйны ЦЭ і атрымаў сто балаў. Гэта разумнае, стараннае дзіця, але пакуль яго ўзровень — 80−85 балаў. Аднак з цяперашняй складанасцю тэстаў ён трапляе ў адну групу з тымі, у каго максімум. Выходзіць, ранжыраванне па ўзроўні ведаў сціраецца. Калі заданні не ўскладняць, многія абітурыенты прынясуць у ВНУ 100-бальныя сертыфікаты. Што ў такім выпадку будуць рабіць універсітэты? Як змогуць адабраць мацнейшых вучняў?
Тэсты, кажа педагог, не мусяць быць занадта простымі, інакш яны страчваюць усялякі сэнс.
— Усё ж такі хацелася б, каб у ВНУ ішлі моцныя дзеці, — рэзюмуе яна. — А калі ўсе баяцца напружыцца і вывучыць нешта складанае, то навошта наогул экзамены?
Калі вы настаўнік матэматыкі, замежнай мовы ці гісторыі Беларусі, хадзілі на рэпетыцыйны ЦЭ і гатовыя пра гэта расказаць, напішыце нам на пошту [email protected] або ў тэлеграм.