Днямі кіраўнік ЦВК Ігар Карпенка выступіў на рэспубліканскім семінары-нарадзе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ). У распараджэнне «Люстэрка» трапіў запіс яго выступу. Кіраўнік ЦВК крытыкаваў дэмсілы, не згадваючы пры гэтым імені Святланы Ціханоўскай, але параўноўваў яе з прэзідэнткай Малдовы. У сваім выступе былы міністр адукацыі апераваў фэйкамі, дэманстраваў няведанне гісторыі і блытаў факты, звязаныя з ЦВК. Расказваем, пра што ён гаварыў.
Ігар Карпенка, 59 гадоў. Старшыня Цэнтрвыбаркама (з 2021 года), міністр адукацыі (2016−2021), першы сакратар ЦК Кампартыі Беларусі (2012−2017).
Працаваў старшым піянерважатым у вясковай сярэдняй школе, сакратаром камітэта камсамола, начальнікам аддзела, упраўлення выхаваўчай работы, прарэктарам па выхаваўчай і сацыяльнай рабоце Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь трэцяга і чацвёртага скліканняў.
Мае дзве вышэйшыя адукацыі: у 1989 годзе скончыў Мінскі педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Горкага (цяпер — БДПУ імя Максіма Танка) па спецыяльнасці «Гісторыя і замежныя мовы», а ў 2008 годзе — Акадэмію кіравання пры прэзідэнце па спецыяльнасці «Міжнародныя адносіны».
Рэспубліканскі семінар-нарада ФПБ прайшоў у Мінску 5−6 лютага 2024 года. На ім прысутнічалі старшыні абласных, раённых і гарадскіх прафаб’яднанняў, старшыні галіновых прафсаюзаў і кіраўніцтва ФПБ — усяго каля 130 чалавек. Ігар Карпенка выступаў пасля абеду. Яго даклад называўся «Электаральная бяспека: абарона выбарчага працэсу ад вонкавага ўмяшання».
«Я прыйду, сяду ў крэсла прэзідэнта і потым прызначу новыя выбары»
Запіс выступу пачынаецца з разваг Ігара Карпенкі пра нейкую праграму беларускіх дэмакратычных сілаў. Складана зразумець, пра які менавіта дакумент гаворка, але Карпенка сцвярджае, што ён нядаўна з’явіўся ў інтэрнэце.
— Разрыў усіх адносін з Расіяй, еўрапейская інтэграцыя, NATO, адзіная дзяржаўная мова — беларуская і гэтак далей, — старшыня ЦВК пералічыў асноўныя пункты міфічнай праграмы апазіцыі. — Потым яны зразумелі, што людзі на гэта не рэагуюць, бо мы па ўсіх гэтых пытаннях праводзілі рэспубліканскі рэферэндум. Што яны зрабілі? Абвінавацілі Лукашэнку, што гэта ягоная прапаганда прыдумала гэтую праграму.
Пасля гэтага Карпенка прыступіў да больш прадметнай крытыкі дэмсіл, праўда, не пераходзячы на асобы.
— «Я прыйду, толькі сяду ў крэсла прэзідэнта і потым прызначу новыя выбары», — працытаваў чыноўнік нечыя словы, але не агучыў іх аўтарства. З кантэксту стала зразумела, што гэта намёк, відавочна, на Святлану Ціханоўскую. Прозвішча лідаркі дэмсіл на запісе так і не прагучала.
— Гэта ўсё ў стылі гэтай Маі Санду (прэзідэнтка Малдовы. — Заўв. рэд.). Цяпер гэта становіцца відавочным, бо яны гэтую праграму зноў агучваюць, — сказаў Карпенка, але так і не патлумачыў, хто і якую праграму агучвае.
Але адной Маяй Санду веды старшыні беларускага ЦВК пра жанчын у замежнай палітыцы не абмяжоўваюцца. Працягваючы сваю прамову, ён згадаў фэйкавую цытату былой спікеркі Дзяржаўнага дэпартамента ЗША Джэніфер Псакі (расійская прапаганда яшчэ ў 2014 годзе выдумала яе словы пра тое, што ў выпадку ўварвання Беларусі ва Украіну 6-ы флот ЗША будзе перакінуты да берагоў нашай краіны).
— Найлепшы спосаб даставіць нафту ў Наваполацк на нафтаперапрацоўчы завод — гэта трубаправод, які ідзе з Сургута, — працягнуў развагі пра праграму апазіцыі Ігар Карпенка. — Ці яны наіўна думаюць, што нам па Балтыйскім моры, як яна там кажа (відавочна, Джэніфер Псакі. — Заўв. рэд.), падганяць 6-ы флот да берагоў Беларусі?
Наступнай страшылкай з міфічнай праграмы беларускіх дэмсілаў Ігар Карпенка назваў абяцанне адключыць Новалукомльскую гідраэлектрастанцыю ад газаправода.
— Ну, добра, можа, мы і адключым гэтую станцыю, можа, яна нам і не патрэбная — у нас ёсць АЭС, энергіі хопіць, — заявіў кіраўнік ЦВК. — А з горадам што рабіць будзем? Інфраструктура, бальніцы, паліклінікі, дзіцячыя садкі, школы — мы што, іх падымем і будзем перавозіць у Бешанковічы?
Гэтак жа страшна, паводле Карпенкі, дэмакратычныя сілы пасля прыходу да ўлады збіраюцца зрабіць з горадаўтваральнымі прадпрыемствамі Мазыра, Гродна і іншых населеных пунктаў Беларусі. Калі каротка, то чыноўнік заявіў, што мэта апазіцыі — закрыць усе буйныя заводы, бо яны — канкурэнты аналагічных прадпрыемстваў ЕС і ЗША. На гэтым моманце стала зразумела, чаму беларускі чыноўнік раней згадаў прэзідэнтку Малдовы Маю Санду.
— Гэта прыкладна тое, што цяпер адбываецца ў Малдове, — канстатаваў Ігар Карпенка. — Яны рэальна разумеюць, што нікому ў Еўрасаюзе не патрэбныя, але ідуць на еўраінтэграцыю. Адсюль усе гэтыя падыходы.
Відаць, Ігар Карпенка мае на ўвазе, што пасля таго як у 2020 годзе прэзідэнткай Малдовы стала лідарка дэмакратычнай партыі «Дзеянне і салідарнасць» 48-гадовая Мая Санду, улады гэтай постсавецкай рэспублікі ўзялі курс на еўрапейскую інтэграцыю краіны. 15 траўня 2023 года спікер малдаўскага парламента Ігар Гросу заявіў пра намер Малдовы выйсці са складу СНД.
«Гіпатэтычна меркаваная Мая Санду можа ўтрымацца ва ўладзе»

Старшыня ЦВК адразу ж супакоіў прысутных на семінары: такога ў Беларусі ніколі не здарыцца, бо «ў краіне пастаўленая заслона нядобрасумленнаму палітыку, які сядзе ў крэсла прэзідэнта і будзе здольны перавярнуць краіну з ног на галаву».
Для гэтага, паводле яго словаў, ёсць Усебеларускі народны сход, які вызначае стратэгію развіцця і канцэпцыю нацыянальнай бяспекі, асноўныя напрамкі ўнутранай і знешняй палітыкі.
— Калі гіпатэтычна дапусціць, што ў 2025 годзе мы раптам абіраем такую Маю Санду, то што ёй трэба зрабіць, калі яна хоча ўтрымацца ў гэтым крэсле? — задаў пытанне Карпенка і тут жа паспяшаўся на яго адказаць: — Яна павінная прыйсці на Усебеларускі сход і скарэктаваць стратэгічны шлях развіцця, які будзе вызначаны. Калі яна адкарэктуе і народ гэта падтрымае, то ў такім выпадку гіпатэтычна меркаваная Мая Санду можа ўтрымацца ва ўладзе. У выпадку, калі яна гэтага не робіць, а проста пачынае выконваць заказ сваіх гаспадароў, як яна робіць гэта цяпер у Малдове, то Усебеларускі сход адхіліць яе ад пасады.
Старшыня ЦВК таксама адзначыў, што пакуль не ведае, наколькі працаздольны гэты механізм стрымлівання, але выказаў упэўненасць у яго неабходнасці.
— Таму што ўжо вельмі шмат абалваненых і навучаных за мяжой, якія пражылі там пэўны час і вырашылі ашчаслівіць свае краіны сваёй прысутнасцю ў крэсле прэзідэнта, — растлумачыў Ігар Карпенка.
Сярод гэтых краін старшыня ЦВК назваў краіны Балтыі і згаданую вышэй Малдову. Нечакана ў адзін шэраг з імі ён паставіў і цалкам прыязны Беларусі Казахстан.
— Вы памятаеце, як яны захапляліся, што рыхтуюць новую кіраўнічую эліту за мяжой? — сказаў Карпенка. — А сёння яны вярнуліся, і там ужо пачынаюць падымаць галаву і фашысты, і ўсё што заўгодна!
Нейкіх канкрэтных выпадкаў таго, як фашысты «падымаюць галаву» ў Казахстане, кіраўнік ЦВК не назваў.
«Мы самі падвяргалі небяспецы сябраў выбаркамаў»
Пасля гэтага старшыня ЦВК перайшоў да пытання бяспекі электаральнага працэсу. Але звузіў яго толькі да тэмы гарантый для сябраў камісій, якіх, паводле Карпенкі, у гэтай кампаніі — каля 70 тысяч чалавек. Нагадаем, што ў лістападзе 2023 года ЦВК заявіў, што на блізкіх парламенцкіх і мясцовых выбарах спісы сябраў камісій публікавацца не будуць.
— Мы раней самі падвяргалі іх небяспецы, друкуючы велізарныя спісы з усімі персанальнымі звесткамі, і гэтыя спісы рабіліся аб’ектам вывучэння спецслужбаў, — сказаў чыноўнік, падкрэсліўшы, што шараговаму выбаршчыку імёны сябраў камісій нецікавыя, а вось «шпіёнаў яны могуць зацікавіць».
— Мы цяпер фіксуем, што «збеглыя» больш за ўсё лямантуюць па гэтым пытанні, — працягнуў Карпенка. — У іх выбітая глеба з-пад ног — яны не бачаць рэальна гэтых людзей і не могуць псіхалагічна на іх уздзейнічаць. Так, як было на мінулых выбарах, — і на дзяцей, сваякоў ціснулі, і лісты сябрам камісій пісалі. Добра, што цяпер ідзе судовы працэс за арганізацыю спробы зрыву рэферэндуму атрадам людзей.
Відавочна, старшыня ЦВК мае на ўвазе спецыяльную вытворчасць па артыкуле пра «супрацьдзеянне выбарам» у дачыненні да дарадцы Святланы Ціханоўскай Аляксандра Дабравольскага, стваральніка платформы «Голас» Паўла Лібера, кіраўніцы ініцыятывы «Сумленныя людзі» Алены Жываглод і кіраўніка Malanka Media Паўла Марыніча.
Ігар Карпенка таксама паведаміў удзельнікам семінара, што ў адзіны дзень галасавання ўсе памяшканні выбарчых участкаў і камісій будуць абсталяваныя сістэмамі відэаназірання. Асобна ён падкрэсліў, што зроблена гэта будзе не для таго, каб арганізаваць жывыя трансляцыі і такім чынам забяспечыць празрыстасць выбарчага працэсу, а акурат для бяспекі сябраў выбаркамаў. Акрамя таго, на ўсіх участках будзе дзяжурыць міліцыя.
Таксама старшыня ЦВК патлумачыў, чаму было прынятае рашэнне не запрашаць на блізкія выбары міжнародных назіральнікаў ад АБСЕ.
— А чаго іх запрашаць? — заявіў Карпенка. — Наноў абраны ЦВК яны тут жа ўнеслі ў спіс неўязных і ўвялі супраць усіх нас санкцыі. Вы мяне ганіце, лаеце, а я мушу запрашаць вас да сябе ў госці?
Насамрэч Ігар Карпенка быў прызначаны (а не абраны) на пасаду старшыні ЦВК 13 снежня 2021 года. У санкцыйны спіс Еўрапейскага саюза ён трапіў праз паўгода — 3 чэрвеня 2022 года, а санкцыі ЗША супраць яго і іншых чальцоў беларускага Цэнтрвыбаркама былі ўведзеныя толькі 24 сакавіка 2023 года.

«„Як усё добра было пад Польшчай!“ — гэта ўсё прапагандысцкія міфы»
Паводле Карпенкі, парады і рэкамендацыі ад АБСЕ беларускаму ЦВК не патрэбныя, як і дапамога суседніх краін на шляху да дэмакратыі.
— Калі нам сёння пачынаюць расказваць, «як усё добра было пад Польшчай і як дрэнна пад Расіяй», то гэта ўсё — прапагандысцкія міфы, — разважае чыноўнік. — Сёння кажуць, што першая ў Еўропе і другая ў свеце Канстытуцыя Рэчы Паспалітай 1791 года — гэта ледзь не шэдэўр юрыдычнай думкі. Але гэты шэдэўр цалкам перакрэсліваў спадзяванні беларускага народа на сваю нацыянальную дзяржаўнасць. Бо гэтая Канстытуцыя была надрукаваная толькі на трох мовах — польскай, літоўскай і іўрыце. А першая Канстытуцыя БССР была на чатырох мовах — беларуская, руская, польская і іўрыт.
Пра тое, чаму Канстытуцыя 1791 года не перакрэслівала спадзяванні беларускага народа на сваю дзяржаўнасць, «Люстэрка» пісала раней. Адзначым, што дакумент быў прыняты Соймам Рэчы Паспалітай толькі на адной мове — польскай. Пазней тэкст быў перакладзены спачатку на французскую, а потым на нямецкую і англійскую мовы. Дзяржаўнай мовай БССР іўрыт ніколі не быў, і Канстытуцыя на ім не друкавалася. Мабыць, Ігар Карпенка (дарэчы, гісторык па адукацыі) пераблытаў яго з ідышам (у даслоўным перакладзе — «габрэйскі»), які быў афіцыйнай мовай Беларусі ў 1920-х гадах нароўні з беларускай, рускай і польскай.
Пасля гістарычнага экскурсу, які, мяркуючы з усяго, мусіў падкрэсліць наяўнасць у Беларусі ўласнага шляху да дэмакратыі, старшыня ЦВК завяршыў свой выступ і заклікаў удзельнікаў семінара-нарады задаваць яму пытанні. Але ні ў кога са 130 прысутных у зале не знайшлося што спытаць у Ігара Карпенкі.
Чытайце таксама