У Беларусі за рысай беднасці жыве 3,5% насельніцтва. Пра гэта паведамляе Белстат па выніках выбарачнага абследавання хатніх гаспадарак што да ўзроўню жыцця ў ліпені — верасні гэтага года.
Даведка «Люстэрка». Сярэднядушавы даход — агульны аб’ём даходаў, падзелены на колькасць насельніцтва. Падчас разліку даходаў на душу насельніцтва ўлічваецца ўсё насельніцтва, у тым ліку беспрацоўныя, пенсіянеры, няпоўнагадовыя.
Станам на пачатак года ў цэлым у краіне жыло 9 200 617 чалавек. То-бок за рысай беднасці ў трэцім квартале гэтага года было каля 322 тысяч чалавек. У гэтых беларусаў сярэднядушавы даход быў ніжэйшы за бюджэт пражытачнага мінімуму. Цяпер ён складае 367,79 рубля.
Самы высокі ўзровень малазабяспечанасці зафіксаваны ў Магілёўскай вобласці — 5,4%, а самы нізкі — у Мінску (1,1%). Для параўнання: у Гомельскай вобласці гэты паказчык трымаецца на ўзроўні 5,1%, у Брэсцкай і Віцебскай — па 4,9%, Гродзенскай і Мінскай — па 2,6%.
Пры гэтым сярод гарадскога насельніцтва ўзровень малазабяспечанасці трымаецца на ўзроўні 2,8%, а вясковага — 6,2%.
Чытайце таксама