Апублікаваны ўказ Аляксандра Лукашэнкі, якім зацверджаны тэкст прысягі грамадзяніна і парадак яе прынясення. Тым жа дакументам вызначаная працэдура перадачы Лукашэнку «матэрыялаў пра страту грамадзянства за ўдзел у экстрэмісцкай дзейнасці або нанясенне цяжкай шкоды інтарэсам Рэспублікі Беларусь асобамі, якія знаходзяцца за межамі краіны».
У апублікаваным указе ўсе ўзоры дакументаў спачатку ідуць у рускім варыянце, а толькі потым — у беларускім. Так і з прысягай.
Тэкст прысягі на рускай мове
Я, добровольно и осознанно приобретая гражданство Республики Беларусь,
торжественно клянусь:
- соблюдать и уважать Конституцию Республики Беларусь и иные акты законодательства,
- защищать независимость, суверенитет и территориальную целостность Республики Беларусь,
- быть патриотом Республики Беларусь, уважать ее государственные символы, духовные, исторические, культурные и национальные традиции,
- сохранять историческую память о героическом прошлом белорусского народа,
- уважать достоинство, права, свободы и законные интересы других лиц.
Тэкст прысягі па-беларуску:
Я, добраахвотна і свядома набываючы грамадзянства Рэспублікі Беларусь,
урачыста прысягаю:
- выконваць і паважаць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь і іншыя акты заканадаўства,
- абараняць незалежнасць, суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Рэспублікі Беларусь,
- быць патрыётам Рэспублікі Беларусь, паважаць яе дзяржаўныя сімвалы, духоўныя, гістарычныя, культурныя і нацыянальныя традыцыі,
- захоўваць гістарычную памяць пра гераічнае мінулае беларускага народа,
- паважаць годнасць, правы, свабоды і законныя інтарэсы іншых асоб.
Ва ўказе напісана, што вызваляюцца ад прысягі няпоўнагадовыя, дарослыя пад апекай, узростам ад 80 гадоў і больш, людзі, якія не могуць вымавіць тэкст або паставіць подпіс, а таксама «іншыя асобы па рашэнні прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».
Нагадаем, змены ў законе «Пра грамадзянства» ўступілі ў сілу 11 ліпеня. Улады атрымалі магчымасць пазбаўляць грамадзянства людзей, якія з’ехалі з краіны, за «экстрэмісцкую дзейнасць» і «нанясенне цяжкай шкоды інтарэсам Беларусі».