Гадавая інфляцыя ў Беларусі ў другім квартале можа замарудзіцца да 4% гадавых, прагназуюць аналітыкі Еўразійскага банка развіцця. Аднак да канца 2023-га яна можа разагнацца да 8%. Цяперашняе падзенне цэн шмат у чым звязанае з тым, што насельніцтва працягвае бяднець, а бізнес працуе пад пагрозай атрымаць крымінальную справу за павышэнне цэн тавараў.
Чаму ў Беларусі падаюць цэны
У сакавіку гадавая інфляцыя ў Беларусі запаволілася да 6% да аналагічнага месяца мінулага года. Эксперты бачаць у гэтым як мінімум тры прычыны.
Першая — дзяржрэгуляванне цэн. Нагадаем, у Беларусі крыху больш за паўгода дзейнічае жорсткае дзяржрэгуляванне цэн на тавары і паслугі: спачатку чыноўнікі забаранілі павышэнне цэн, а потым — увялі столь на іх. На гэтым фоне ў гандлі па ўсёй краіне зладзілі маштабныя рэйды. На бізнес штампавалі крымінальныя справы, праводзілі суды (да прыкладу, за павышэнне цаны на сыр на 26 капеек дырэктару крамы далі два гады з адтэрміноўкай). У гэтай сітуацыі можа адбыцца эфект адкладзенага росту цэн, калі пасля ўвядзення паслабленняў цана тавараў і паслуг можа падскочыць.
Другая прычына запаволення росту цэн на тавары і платныя паслугі — слабы ўнутраны попыт. Дзве гэтыя прычыны абумоўліваюць умераную інтэнсіўнасць інфляцыйных працэсаў, адзначаюць у ЕАБР. Нагадаем, рознічны гандаль Беларусі працягвае дэманстраваць падзенне продажаў. Скарачэнне гэтага паказчыка адбываецца ў тым ліку праз скарачэнне рэальных даходаў насельніцтва. То-бок беларусы ўразаюць свае выдаткі на фоне падзення рэальных даходаў.
Яшчэ адна прычына запаволення інфляцыі — нюансы падліку звестак Белстатам.
«Рэзкае скарачэнне паказчыка шмат у чым адлюстроўвае статыстычны эфект: выключэнне з разліковага перыяду звестак за сакавік 2022 года, калі назіраўся рэзкі рост спажывецкіх цэн», — тлумачаць у ЕАБР.
Што будзе далей з цэнамі
Аналітыкі прагназуюць, што ў другім квартале чакаецца далейшае запаволенне гадавой інфляцыі — да 4%. Гэта ўмоўна добрая навіна. Але да канца года яна можа вырасці (гэта ўмоўна дрэнная навіна).
«Аднак па меры вычарпання дэзінфляцыйнага эфекту цэнавага рэгулявання, а таксама ва ўмовах паступовага аднаўлення ўнутранага попыту да канца года гадавая інфляцыя можа паскорыцца. Наш базавы прагноз інфляцыі ў Беларусі па выніках 2023 года — 8%», — прагназуе ЕАБР.
Чытайце таксама