Падставы для закрыцця мяжы Літвы для грамадзян Беларусі адсутнічаюць. Пра гэта заявіў віцэ-спікер сейма Літвы Вітаўтас Міталас, піша LRT.
Вітаўтас Міталас заявіў, што не падтрымлівае ідэю абмежавання паездак грамадзян Літвы ў Беларусь, а таксама ўзмацнення жорсткасці кантролю ў дачыненні да беларусаў, якія хочуць прыехаць у Літву.
«Ініцыятывы палітыкаў з заклікам усё забараніць выклікаюць пытанні пра тое, ці ёсць падставы для такіх рашэнняў», — сказаў ён.
Паводле яго, хоць рэжым Лукашэнкі актыўна падтрымлівае вайну Расіі супраць Украіны, акцыі пратэсту ў Беларусі ў 2020 годзе паказваюць імкненне беларусаў да дэмакратыі. Таму сітуацыю з Беларуссю і паездкамі яе грамадзян у Літву ён ацэньвае па-іншаму, у адрозненне ад сітуацыі з грамадзянамі Расіі.
«Калі ў некаторых дэпутатаў Еўрапарламента ёсць канкрэтныя заўвагі наконт таго, што трэба выправіць з пункту гледжання бяспекі або працэдур міграцыі, то давайце пагаворым пра гэтыя працэдуры», — дадаў ён.
Нагадаем, 31 снежня дэпутат Еўрапарламента ад Літвы Пятрас Аўштравічус заявіў пра неабходнасць абмежаваць паездкі беларусаў у Літву і літоўцаў у Беларусь.