Падаткавікі нагадалі індывідуальным прадпрымальнікам, якія гандлююць харчовымі таварамі на кірмашах або на рынках, што яны мусяць да 1 студзеня набыць плацежныя тэрміналы. У МПЗ расказалі, што пагражае тым, хто гэтага не зробіць.
Што пагражае, калі працаваць з 1 студзеня без плацежнага тэрмінала
За адсутнасць касавага абсталявання (або працы без яго, хоць плацежны тэрмінал закуплены) пагражае штраф да 50 базавых велічынь (1600 рублёў), для ІП — да 100 базавых (3200 рублёў), а для юрыдычных асоб — да 200 (6400 рублёў).
Падрабязнасці новаўвядзення па касавых апаратах
Цяпер працаваць без касавых апаратаў яшчэ можна тым ІП, якія гандлююць некаторымі харчовымі таварамі, у тым ліку сельскагаспадарчай прадукцыяй на гандлёвых месцах на рынках або на кірмашах (напрыклад, у палатках). Аднак да 1 студзеня 2023 года гэтыя ІП мусяць набыць касавыя падсумавальныя апараты або праграмныя касы. Для гэтага яны могуць выкарыстоўваць смартфоны і планшэты з неабходным праграмным абсталяваннем.
Фактычна пасля 1 студзеня прадаваць што-небудзь без выкарыстання плацежных тэрміналаў можна будзе толькі фізічным асобам. Усе суб’екты гаспадарання — ІП і кампаніі — павінныя будуць мець плацежныя тэрміналы.
Раней гэтых ІП абавязалі набыць плацежныя тэрміналы да 17 траўня гэтага года, але пазней перанеслі крайні тэрмін на пачатак 2023 года.
Да 1 студзеня трэба падключыцца да сістэмы кантролю касавага абсталявання (СККА). Пры гэтым заяўку трэба падаць не пазней за 15 снежня гэтага года. Калі гэта зрабіць пазней, то іх могуць не паспець выканаць.
Нагадаем, для кампаній і індывідуальных прадпрымальнікаў увядуць і іншыя змены па працы з касавымі апаратамі. Новаўвядзенні запрацуюць паэтапна. Некаторыя — з 10 сакавіка 2023 года, іншыя — з 22 ліпеня 2023-га, яшчэ адны — з 1 ліпеня 2023-га.