У межах 11-й надзвычайнай сесіі па Украіне 14 лістапада Генеральная асамблея ААН прыняла рэзалюцыю, якая стварае міжнародны механізм для кампенсацыі Украіне шкоды, нанесенай расійскай агрэсіяй. У падтрымку дакумента выступілі 94 дзяржавы, 14 прагаласавалі супраць, 73 устрымаліся. Дакумент вызначае, што РФ мусіць быць прыцягнутая да адказнасці за любыя парушэнні міжнароднага права, дапушчаныя падчас агрэсіі, і абавязвае яе да пакрыцця нанесенай Украіне шкоды. Для вызначэння яе памеру мусіць быць створаны міжнародны рэестр, які будзе фіксаваць доказы нанесенай шкоды і стратаў нашай паўднёвай суседцы з боку РФ. Разбіраемся, ці значыць гэта, што цяпер Расія дакладна будзе плаціць Украіне рэпарацыі, як у мінулым ажыццяўляліся такія выплаты і пры чым тут Беларусь.
Зрынанне дыктатара ад рэпарацый не вызваляе: досвед Кувейта і яго 52 мільярдаў
Вядома, сама па сабе рэзалюцыя Генасамблеі не зможа прымусіць Расію кампенсаваць велізарную шкоду, нанесеную ёю ўкраінскай дзяржаве, а таксама мясцовым фізічным і юрыдычным асобам. Рашэнні гэтага органа не з’яўляюцца юрыдычна абавязковымі дакументамі, у адрозненне ад рэзалюцый Савета Бяспекі ААН. Тым не менш гэта важны крок для міжнароднай легалізацыі кампенсацыйных выплат, якія агрэсар павінен будзе выплаціць у выпадку сваёй паразы.
Самым блізкім па часе прэцэдэнтам выплаты кампенсацый агрэсарам з дапамогай механізмаў ААН можна лічыць рэпарацыі, якія да нядаўняга часу пералічваў Кувейту Ірак. У 1991 годзе, адразу пасля ваеннага разгрому рэжыму Садама Хусэйна міжнароднай кааліцыяй, Савет Бяспекі ААН прыняў рэзалюцыю 687, якая прызнавала адказнасць Ірака за шкоду, нанесеную Кувейту падчас уварвання і акупацыі. Але паколькі ў цяперашнім Савеце Бяспекі ААН адзін з пастаянных чальцоў, якія маюць права вета, з’яўляецца адначасова і агрэсарам, шанцаў правесці такую рэзалюцыю праз гэты орган фактычна няма. Зрэшты, рашэнне Генеральнай асамблеі ААН таксама цалкам падыходзіць на ролю адпраўнога пункта для стварэння міжнароднага механізму спагнання рэпарацый.
Наступным крокам для спагнання выплат з агрэсара ў 1991 годзе стала стварэнне пры ААН спецыяльнага органа — кампенсацыйнай камісіі. Яе паўнамоцтвы заключаліся ў разглядзе прэтэнзій і вызначэнні памераў кампенсацый за страты і шкоду, панесеныя падчас уварвання Ірака ў Кувейт і ў перыяд іракскай акупацыі краіны. Прэтэнзіі прымаліся на падставах, звязаных са стратай маёмасці, смерцю людзей і шкодай іх здароўю, стратай прыродных рэсурсаў і шкодай, нанесенай навакольнаму асяроддзю. Кампенсацыйная камісія атрымала каля 2,7 мільёна прэтэнзій на агульную суму больш чым 350 млрд даляраў. З іх заддаволілі каля 1,5 млн прэтэнзій на 52,4 млрд даляраў. Выплаты рэпарацый расцягнуліся на 30 гадоў — апошнія 44 млн даляраў Кувейту цэнтральны банк Ірака выплаціў у снежні 2021 года.
Важная дэталь: нягледзячы на тое, што непасрэдную адказнасць за ўварванне ў Кувейт нёс рэжым дыктатара Садама Хусэйна, Ірак працягнуў выплачваць рэпарацыі ў поўным аб’ёме і пасля яго зрынання ў 2003 годзе.
Як відаць ужо з прыкладу з Іракам, найважнейшай умовай выплаты рэпарацый, акрамя прызнання законнасці такіх патрабаванняў міжнароднай супольнасцю, з’яўляецца ваенная параза боку, змушанай да выплаты. Без падтрымкі саюзнікаў, і ў першую чаргу ЗША, Кувейт не змог бы перамагчы Ірак — а тым больш змусіць яго выплачваць кампенсацыю.
Хто яшчэ плаціў рэпарацыі
У гэтым месцы трэба зрабіць тэрміналагічнае ўдакладненне. Часта выплаты грошай пераможцу пераможанымі называюць не рэпарацыямі, а кантрыбуцыяй. Пры гэтым, як правіла, патрабаванні кантрыбуцый таксама абгрунтоўваюцца неабходнасцю пакрыцця шкоды і ваенных выдаткаў, хоць часта шматкроць завышаюцца, ператвараючыся, па сутнасці, у адну з мэтаў вайны. Правесці выразную мяжу паміж «справядлівымі» рэпарацыямі і «рабаўніцкімі» кантрыбуцыямі часцяком вельмі няпроста. Таму далей у тэксце могуць выкарыстоўвацца абодва гэтыя тэрміны.
Рэпарацыі і кантрыбуцыі ў тым ці іншым выглядзе вельмі даўно зрабіліся фінансавым складнікам войнаў. У прыватнасці, па выніках Першай Пунічнай вайны ў 241 годзе да нашай эры Карфаген не толькі страчваў землі Сіцыліі, але і цягам 10 гадоў абавязваўся выплаціць Рыму 3200 эўбейскіх талантаў (82 тоны) срэбра.
Вельмі актыўна грашовых выплат з боку пераможаных патрабавала Францыя ў перыяд рэвалюцыйных і напалеонаўскіх войнаў. У гэты час яна не падпісала ніводнай мірнай дамовы на сваю карысць без кантрыбуцый з боку праціўніка. Усяго з 1795 па 1808 год краіна атрымала больш за 20 кантрыбуцый у памеры 535 млн франкаў, у тым ліку 210 млн ад Галандыі ў 1795 годзе і 120 млн ад Прусіі ў 1808 годзе.
Але гэтым разам гістарычны бумеранг вярнуўся даволі хутка. Пасля паразы ў напалеонаўскіх войнах Францыя была змушаная пераможцамі да кантрыбуцыі ў памеры 700 млн франкаў. Выплаты мусілі ажыццяўляцца 15 роўнымі долямі раз на месяц. Для кантролю за выкананнем умоваў капітуляцыі на тэрыторыі краіны тры гады размяшчалася 150-тысячная акупацыйная армія саюзнікаў, чыё ўтрыманне абыходзілася Парыжу яшчэ ў 150 мільёнаў франкаў за год. Акрамя гэтага, на Францыю былі накладзеныя абавязанні па будаўніцтве абарончых збудаванняў на межах краін антынапалеонаўскай кааліцыі з самой Францыяй. У выніку агульны памер усіх выплат ад Францыі пераможцам склаў 1,86 млрд франкаў — паводле некаторых ацэнак, гэта былі самыя вялікія рэпарацыі ў гісторыі, калі суадносіць іх з памерам эканомікі дзяржавы, якая плаціць.
У 1871 годзе Францыя прайграла Франка-прускую вайну. Гэтым разам Прусія па ўмовах Франкфурцкай дамовы спагнала з пераможанай краіны астранамічную як на тыя часы суму ў 5 млрд франкаў. 1 мільярд трэба было заплаціць у 1871 годзе, астатнія 4 млрд — цягам наступных трох гадоў. Нявыплачаная частка павялічвалася на 5% у год, таму Францыя аддала ўсю суму датэрмінова, да верасня 1873 года. Цікава, што падчас разліку памеру кантрыбуцыі Прусія кіравалася не атрыманай за вайну шкодай, а проста павялічыла прапарцыйна колькасці насельніцтва суму, якую Напалеон у 1808 годзе атрымаў ад самой Прусіі.
Па выніках руска-турэцкай вайны 1877−1878 гадоў Расія наклала на Турцыю кантрыбуцыю ў памеры 802 млн франкаў. У 1895 годзе Кітай, які прайграў вайну Японіі, выплачваў апошняй 230 млн лянаў (8600 тон) срэбра. Прайграная Грэцыяй грэцка-турэцкая вайна 1897 года абышлася ёй у 92 млн драхмаў (4 млн залатых асманскіх лір). Для гэтых выплат Грэцыя ўзяла крэдыт у Аўстра-Венгрыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Расіі і Францыі, збанкрутавала, будучы не ў стане яго аплачваць, і перадала сваю эканоміку пад міжнародны фінансавы кантроль.
Рэпарацыйны марафон Германіі даўжынёй у 91 год
Мабыць, самымі вядомымі выпадкамі выплаты рэпарацый «адзначыліся» ў гісторыі сусветныя войны.
Вясной 1918 года быў заключаны сепаратны Брэсцкі мір паміж Савецкай Расіяй і Цэнтральнымі дзяржавамі (Германіяй, Аўстра-Венгрыяй, Асманскай імперыяй і Балгарыяй). Паводле ўмоваў заключанага ў жніўні дадатковага дагавора бальшавікі абавязваліся да сакавіка 1920 года выплаціць Германіі ў якасці кампенсацыі «за шкоду, нанесеную ў выніку расійскіх дзеянняў» і выдаткаў на ўтрыманне ваеннапалонных рэпарацыі ў памеры 6 мільярдаў марак, у тым ліку 1,5 мільярда золатам (245,5 тоны). Зрэшты, пазней савецкі бок адмовіўся выконваць умовы дагавора — немцы да сваёй паразы ў вайне паспелі атрымаць толькі два гружаныя золатам эшалоны з 93,5 тоны каштоўнага металу.
Памер рэпарацый Германіі перад Антантай па ўмовах Версальскага дагавора 1919 года мусіў скласці 132 мільярды залатых марак (33 мільярды тагачасных даляраў ЗША, або 473 мільярды даляраў у цэнах 2019 года). Разбураная пасляваенная эканоміка краіны аказалася няздольнай да выплаты даўгоў у такіх памерах. Праз пратэрміноўку па плацяжах у 1923 годзе Францыя нават акупавала Рурскі прамысловы раён на паўночным захадзе Веймарскай рэспублікі. Урэшце сума доўгу для Германіі была зніжаная да 113,9 мільярдаў залатых марак, якія Германія мусіла пералічыць да 1988 года.
Усяго да прыходу нацыстаў да ўлады ў 1933 годзе Германія паспела выплаціць рэпарацый па выніках Першай сусветнай вайны на суму каля 20 мільярдаў залатых марак. Потым плацяжы спыніліся і аднавіліся толькі пасля Другой сусветнай, калі леглі ўжо на плечы Заходняй Германіі (ФРГ) — праўда, яна атрымала адтэрміноўку па выплаце часткі доўгу да ўз'яднання з ГДР. У 1953 годзе саюзнікі пагадзіліся спісаць палову сумы, якая засталася на той момант. Апошні плацёж, звязаны з пагашэннем рэпарацый за Першую сусветную вайну, Германія правяла 3 кастрычніка 2010 года. Такім чынам, з моманту накладання на краіну абавязанняў што да выплаты кампенсацый па выніках Першай сусветнай вайны да заканчэння пералічэнняў па іх прайшоў больш чым 91 год. Апошнія нямецкія кампенсацыі плацілі праўнукі і прапраўнукі ўдзельнікаў вайны.
А вось выплаты рэпарацый за Другую сусветную вайну гэтая краіна зацягнуць не змагла. Паводле пагаднення, прынятага на Ялцінскай канферэнцыі, саюзнікі па антыгітлераўскай кааліцыі адмаўляліся ад рэпарацый з боку Германіі ў грашовай форме. Замест гэтага яна страціла прыкладна чвэрць сваіх тэрыторый (у межах 1937 года). Акрамя таго, рэпарацыі канфіскоўваліся ў выглядзе:
-
дэмантажу нямецкай прамысловасці, што засталася пасля бамбардавання, і перадачы дэмантаванага прамысловага абсталявання;
-
усіх вагонаў, лакаматываў і караблёў;
-
усіх замежных інвестыцый Германіі;
-
усяго золата, срэбра і плаціны любых нямецкіх установаў і асобаў;
-
усёй замежнай валюты;
-
усіх патэнтаў і даследчых дадзеных, якія адносяцца да ваеннай сферы;
-
наяўнай прадукцыі прамысловай вытворчасці.
Савецкі Саюз збіраў належную сабе і Польшчы долю рэпарацый у сваёй зоне акупацыі. ЗША, Вялікабрытанія і Францыя дзялілі канфіскаваныя ў сваіх зонах акупацыі каштоўнасці паміж сабой і астатнімі саюзнікамі па антыгітлераўскай кааліцыі.
Яшчэ адной формай рэпарацый было выкарыстанне прымусовай працы немцаў. У прыватнасці, у СССР працавала некалькі мільёнаў нямецкіх ваеннапалонных. Працоўныя лагеры для немцаў існавалі таксама на тэрыторыях, забраных у Германіі на карысць Польшчы. На тэрыторыі савецкай зоны акупацыі Германіі прымусовая праца немцаў выкарыстоўвалася на ўранавых рудніках у Рудных гарах.
Адмова ад рэпарацый у грашовай форме не значыла, што Германія не рабіла ніякіх выплат па выніках Другой сусветнай вайны. На яе плечы легла ўтрыманне акупацыйных войскаў на сваёй тэрыторыі. Акрамя таго, у пасляваенны час Германія ажыццяўляла выплаты ахвярам Халакосту (па стане на 2005 год па гэтым артыкуле было пералічана 63,2 млрд еўра) і прымусова вывезеным у Германію рабочым.
Яшчэ адзін агрэсар Другой сусветнай вайны, Японія, паводле Сан-Францыскай мірнай дамовы, адмовіўся ад усіх замежных актываў (ацэньваюцца ў 23,7 млрд даляраў таго часу). Акрамя таго, на краіну былі накладзеныя рэпарацыі на карысць Філіпін (550 млн даляраў) і В’етнама (39 млн даляраў). Яшчэ 4,5 млн фунтаў стэрлінгаў Японія пералічыла Чырвонаму Крыжу для кампенсацыі ваеннапалонным. Шматлікім азіяцкім краінам Японія ажыццяўляла выплаты ў межах пасляваенных двухбаковых пагадненняў — фармальна рэпарацыямі яны не з’яўляюцца.
Галоўнае для Беларусі: што адбывалася з саюзнікамі агрэсараў
Беларусі, якая па волі ўладаў стала саўдзельніцай агрэсіі супраць Украіны, можа быць цікавы рэпарацыйны досвед саюзнікаў Германіі па Другой сусветнай вайне, а таксама краін, акупаваных ёю перад вайной.
Акупаваныя Германіяй яшчэ да пачатку Другой сусветнай вайны Аўстрыя і Чэхаславакія ніякіх рэпарацый не выплачвалі. Нават нягледзячы на тое, што іх прамысловасць выкарыстоўвалася для вытворчасці ўзбраенняў і ваеннай тэхнікі, а многія жыхары аказаліся ў шэрагах вермахта.
Італія, якая ўступіла па волі дыктатара Беніта Мусаліні ў Другую сусветную вайну на баку Германіі, у 1943 годзе перайшла на бок саюзнікаў. Пры гэтым у яе паўночнай частцы з нямецкай падтрымкай была створаная марыянеткавая Італьянская Сацыяльная Рэспубліка, якая працягвала заставацца на баку восі. Па выніках вайны Італія выплаціла 360 мільёнаў даляраў рэпарацый, у тым ліку 125 мільёнаў даляраў Югаславіі, 105 мільёнаў Грэцыі, 100 мільёнаў СССР, 25 мільёнаў Эфіопіі і 5 млн Албаніі.
Румынія перайшла на бок антыгітлераўскай кааліцыі ў 1944 годзе. Яна заплаціла 300 мільёнаў даляраў рэпарацый Савецкаму Саюзу. Яшчэ ў 75 мільёнаў даляраў ёй абышлося ўтрыманне савецкай арміі на сваёй тэрыторыі. 150 мільёнаў даляраў Румынія страціла ў выглядзе рэквізаванай маёмасці, 200 мільёнаў даляраў — у форме адмовы ад даўгоў з боку Германіі.
Фінляндыя, якая таксама перайшла на бок саюзнікаў у 1944 годзе, паводле ўмоваў Маскоўскага перамір'я з СССР, мусіла паставіць яму караблі і машыны на суму 300 млн даляраў цягам шасці гадоў. Пазней памер рэпарацый быў скарочаны да 226,5 млн даляраў (эквівалент 4,36 млрд даляраў у цэнах 2021 года). Апошнюю пастаўку па рэпарацыях ажыццявілі ў 1952 г. Сярод тавараў, атрыманых Савецкім Саюзам ад Хельсінкі за кошт рэпарацый, былі ледаколы, шхуны, цеплавозы, электрарухавікі, трансфарматарныя падстанцыі і драўляныя дамы.
Як сведчыць гісторыя, адной толькі рэзалюцыі Генасамблеі ААН будзе недастаткова, каб прымусіць агрэсара выплачваць кампенсацыю пацярпеламу боку. Пры гэтым такі дакумент — неабходны адпраўны пункт для стварэння міжнародных механізмаў, якія ў выпадку паразы Расіі ў вайне змогуць ацаніць маштабы нанесенай Украіне шкоды, разлічыць памер рэпарацый і кантраляваць ход іх выплат.
Беларусь пры такім павароце падзей, хутчэй за ўсё, таксама будзе плаціць рэпарацыі, хай і ў значна меншым аб’ёме, чым сама Расія. Калі, вядома, не будзе прызнаная краінай, акупаванай на момант пачатку ўварвання — як Аўстрыя ці Чэхія ў пачатку Другой сусветнай вайны.
Чытайце таксама


