Чаму ўдзельнікі пратэстаў 2020 года не падпадуць пад абвешчаную ў Беларусі амністыю, расказала ў інтэрв'ю расійскаму інфармацыйнаму агенцтву Sputnik Беларусь чалец Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Марына Лянчэўская.
У адпаведнасці з законам аб амністыі больш за 8 тысяч асуджаных будуць вызваленыя або ім будзе скарочаны тэрмін адбыцця пакарання. Пры гэтым пад амністыю не падпадуць беларусы, якія ўдзельнічалі ў пратэстах 2020 года, а таксама тыя, каго прызналі вінаватымі па злачынствах, звязаных з «экстрэмізмам і тэрарызмам».
— Тут у нас была спрэчка, таму што вельмі многія прадстаўнікі канструктыўнай апазіцыі лічылі, што неабходна да гэтых асобаў прымяніць амністыю. У нас было абмеркаванне гэтага законапраекта вельмі адкрытае, прысутнічалі прадстаўнікі канструктыўнай апазіцыі, палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў, дзяржаўных органаў, і мы вельмі спрачаліся. І пераканаліся, што не варта прымяняць да асобаў, якія ўчынілі такія злачынствы, амністыю, ― расказала Лянчэўская.
Палітычным зняволеным дэпутат параіла звяртацца па памілаванне.
— Калі сапраўды хтосьці заблукаў, разгубіўся, паддаўся псіхалогіі натоўпу, пафамільна і індывідуальна гатовыя сёння разглядаць яго заяву аб памілаванні, і гэта таксама будзе рабіць кіраўнік нашай дзяржавы і, адпаведна, камісія па памілаванні, якая ў нас існуе, — расказала Лянчэўская.
— То-бок у людзей, якія гатовыя перагледзець свае палітычныя і светапоглядныя пазіцыі, ёсць шанец? — удакладніў супрацоўнік Sputnik Беларусь.
— Безумоўна.
Пры гэтым падчас гутаркі дэпутат падкрэсліла, што «толькі моцная і сапраўды народная дзяржава здольная на акт міласэрнасці: можа не толькі караць, але і чалавекалюбства праявіць».
Нагадаем, 6 верасня Аляксандр Лукашэнка правёў нараду, на якой абмяркоўвалася амністыя для асуджаных па «палітычных» справах, якую збіраліся прымеркаваць да дня народнага адзінства. Тады ён прызнаў, што сярод асуджаных па пратэсных справах ёсць самыя розныя людзі, у тым ліку тыя, хто здзейсніў нязначныя з пункту гледжання беларускіх уладаў «злачынствы». Падчас наведвання комплексу «Хатынь» 23 верасня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што па амністыі «выйдуць адзінкі» палітвязняў.