Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


У васьмідзясятыя, дзевяностыя ды, мабыць, і ў нулявыя гады словазлучэнне «руская мафія» рэгулярна гучала ў навінах. Крымінальныя разборкі, велізарныя партыі наркотыкаў і зброі, гучныя затрыманні… Большасць удзельнікаў тых падзей даўно выправілася на той свет. А вось апошні бос рускай мафіі Нью-Ёрка (дарэчы, падобна называецца кніга пра яго) дагэтуль жывы. Яму 76 гадоў, а нарадзіўся і пражыў маладосць ён у беларускім Гомелі. Расказваем вам гісторыю Барыса Найфельда.

Пачатак гісторыі Найфельда і нараджэнне рускай мафіі ў ЗША

Барыс Найфельд нарадзіўся ў Гомелі ў 1947 годзе ў габрэйскай сям'і. Яго бацька Міхаіл трапіў у сталінскі ГУЛАГ, маці пазней кінула сям’ю, таму яго з братам Веніямінам выхоўвалі бабуля і дзядуля.

За шэсць гадоў да нараджэння Барыса, у 1941-м, апошнія з пачаткам вайны змаглі эвакуявацца ў Казахстан, пасля вайны вярнуліся ў Гомель, дзе сутыкаліся з антысемітызмам. У юнацтве Біба — менавіта такую мянушку хлопец атрымаў у дзяцінстве — займаўся барацьбой і веславаннем, а таксама надоўга прападаў на вуліцы і ўжо ў 18 гадоў атрымаў за хуліганства тры гады, якія адседзеў у Бабруйску.

Ісці ў войска ён не хацеў, таму сімуляваў псіхічныя праблемы. Нейкі час Барыс вучыўся на кухара ў Гомелі, потым пачаў працаваць маляром, але «ў вольны ад працы час» быў часткай злачыннага свету, займаючыся з братам кватэрнымі крадзяжамі, а таксама рабуючы падпольных камерсантаў — цахавікоў.

У 1979-м, калі Барысу было 32 гады, ён са сваёй сям’ёй, а таксама з братам эміграваў у ЗША — афіцыйна, з рэлігійных прычын. Акурат у тым годзе здарыўся пік габрэйскай эміграцыі з СССР: за мяжу адпусцілі больш за 51 тысячу чалавек. Аднак у канцы года савецкая армія ўвайшла ў Афганістан, пасля чаго разрадка з Захадам спынілася, а маштабы эміграцыі габрэяў рэзка знізіліся. Для параўнання, у цэлым за 1982−1986 гады з СССР выехала менш за 7 тысяч габрэяў і членаў іх сем’яў. Так што Найфельдам пашанцавала. Цікава, што ў тым самым годзе, што і Найфельд, на Захад з’ехаў і ўраджэнец Мінска, што таксама меў габрэйскія карані, Валерый Фабрыкант, які пазней усяго за некалькі хвілін забіў чатырох калег-прафесараў па канадскім універсітэце.

Перабраўшыся ў ЗША, Барыс нейкі час жыў у горадзе Олбані, а потым пераехаў у Нью-Ёрк. Выбар апошняга тлумачыўся проста: у адрозненне ад іншых месцаў, там не бралі разавую плату за ўязную візу ў памеры 100 даляраў з чалавека. Каб знайсці грошы на пражытак, Барыс першы час працаваў у таксі, але потым, паводле яго ўласных словаў, звязаўся з крыміналам. Неўзабаве яго арыштавалі за крадзеж, але калі ён прызнаў віну, далі ўмоўны тэрмін.

Борис Найфельд и его старший брат на фотографии, отправленной их матерью своему мужу в ГУЛАГ. 1949 год. Фото: скриншот из книги Douglas Century "The Last Boss of Brighton: Boris "Biba" Nayfeld and the Rise of the Russian Mob in America"
Барыс Найфельд і яго старэйшы брат Гена на фатаграфіі, дасланай іх маці свайму мужу ў ГУЛАГ, 1949 год. Фота: скрыншот з кнігі Douglas Century «The Last Boss of Brighton: Boris „Biba“ Nayfeld and the Rise of the Russian Mob in America»

Пасля гэтага Біба стварыў уласную банду, што зарабляла рабаваннямі і крадзяжом каштоўнасцяў. Магчыма, у ёй быў і Веніямін. У любым выпадку неўзабаве абодва трапілі пад крыло Яўсея Агрона — мясцовага кіраўніка рускай мафіі.

Яе прадстаўнікі пачалі прыбываць у ЗША пасля 1974-га, калі Кангрэс прыняў закон, які спрыяе палітычным уцекачам з СССР. Савецкія эмігранты аблюбавалі паўднёвую частку Брукліна на ўзбярэжжы Атлантычнага акіяна (гаворка пра той самы легендарны Брайтан-Біч). Да пачатку 1980-х іх тут было ўжо каля 50 тысяч, і раён пачалі называць маленькай Адэсай (значная частка насельніцтва менавіта гэтага горада была габрэямі, і многія з іх склалі касцяк эміграцыі ў ЗША).

Ураджэнец Ленінграда (цяперашні Санкт-Пецярбург), Агрон прыбыў у ЗША, хутчэй за ўсё, у 1975-м і хутка збіў невялікую групоўку, што абклала данінай усіх гандляроў на Брайтан-Біч. Тых, хто спрабаваў скардзіцца ці даваць паказанні, жорстка забівалі: напрыклад, адну з жанчын адправілі на той свет разам з сынам, папярэдне выкалаўшы няшчасным вочы. З’яўленне рускай мафіі шмат у чым было невыпадковым: толькі пазней амерыканцы зразумелі, што КДБ з дапамогай эміграцыі негалосна экспартуе ў Амерыку крымінальнікаў.

Саюзнікамі Агрона сталі італьянцы — ён дамовіўся пра супрацоўніцтва з прадстаўніком сям'і Джэнавезе, аднаго з крымінальных кланаў сіцылійскай мафіёзнай групоўкі «Коза ностра», плаціў ім працэнты з рэкету і дапамагаў у махінацыях. У пачатку 1980-х пад кіраўніцтвам Яўсея было каля 500 чалавек.

Евсей Агрон в начале 1980-х. Фото: threadreaderapp.com, en.wikipedia.org
Яўсей Агрон у пачатку 1980-х. Фота: threadreaderapp.com, en.wikipedia.org

Сярод іх аказаліся і браты Найфельды. Веніямін, які стаў на чале брыгады баевікоў, «праславіўся» на Брайтан-Біч тым, што забіў крыўдзіцеля сваёй дзяўчыны: той абразіў яе на аўтастаянцы ў Брукліне, пасля чаго ўраджэнец Гомеля падняў яго левай рукой за каўнер кашулі, а правай усадзіў нож у грудзі. Шматлікія сведкі заявілі ў судзе, што Веніямін абараняўся. Яго адпусцілі, а справу закрылі. Бібу ж Агрон неўзабаве зрабіў сваім шафёрам і па сумяшчальніцтве целаахоўнікам.

Тым часам канкурэнты першага боса рускай мафіі не драмалі, бо Яўсей моцна падставіўся. Яго паплечнікі, сярод якіх вылучаўся Давід Багацін (паводле некаторых звестак, у мінулым ён быў агентам савецкай вайсковай разведкі, які ваяваў у В’етнаме), прыдумалі афёру з падаткамі на бензін, на якой яны штогод зараблялі 1,5 млрд даляраў. Іх прыкрывала італьянская сям’я Каломба, яшчэ адны прадстаўнікі «Коза ностры».

Брайтон-Бич в Нью-Йорке, 2011 год. Фото: Multiplicitous, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org
Брайтан-Біч у Нью-Ёрку, 2011 год. Фота: Multiplicitous, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org

Як адзначала выданне «Нож», «нягледзячы на сваю жорсткасць, Агрон кепска кантраляваў сваіх уласных людзей. Багацін, Балагула (пра яго мы скажам ніжэй. — Заўв. рэд.), браты Найфельды — усе яны мелі ўласны бізнес, інтрыгавалі з італьянцамі і падпарадкоўваліся Агрону роўна настолькі, каб гэта не перашкаджала ім зарабляць самастойна». Але Яўсей паспрабаваў таксама паўдзельнічаць у бензінавай афёры, пасля чаго ад яго са згоды італьянцаў вырашылі пазбавіцца.

Два замахі на караля рускай мафіі аказаліся няўдалымі, а вось у 1985-м кілер быў дакладны. У тую суботнюю раніцу Агрон, як звычайна, збіраўся папарыцца ў лазні. Як толькі Яўсей націснуў кнопку выкліку ліфта, да яго наблізіўся мужчына ў спартовым касцюме і, прыставіўшы пісталет да скроні, спусціў курок. Зрабіўшы кантрольны стрэл, ён знік.

У момант замаху Біба мусіў праверыць пад’езд і чакаць свайго боса ў машыне. Але ён нечакана знік за некалькі хвілін да стрэлу і з’явіўся ў штаб-кватэры Агрона праз некалькі дзён. Гамяльчук так нічога і не змог расказаць паліцэйскім (ён адмаўляў сваю датычнасць да забойства), справа завісла, а мужчына вярнуўся да сваёй працы — цяпер ён стаў целаахоўнікам і кіроўцам новага боса рускай мафіі — Марата Балагулы.

У Бібы быў свой матыў для забойства: ён і сам быў незадаволены палітыкай, якая праводзілася Яўсеем, лічачы, што можна зарабляць больш. Акрамя таго, ён распрацаваў схему гандлю гераінам, не паведамляючы пра гэта шэфу, а той мог пра гэта даведацца. Таму, магчыма, Найфельд на просьбу Балагулы дапамог прыбраць свайго боса. Аднак даказаць яго датычнасць да забойства паліцыя не змагла.

Борис Найфельд (в центре) в колонии в Бобруйске. Фото: скриншот из книги Douglas Century "The Last Boss of Brighton: Boris "Biba" Nayfeld and the Rise of the Russian Mob in America"
Барыс Найфельд (у цэнтры) у калоніі ў Бабруйску. Фота: скрыншот з кнігі Douglas Century «The Last Boss of Brighton: Boris „Biba“ Nayfeld and the Rise of the Russian Mob in America»

Калі Агрон у асноўным тэрарызаваў імігрантаў з СССР, то яго пераемнік пашырыў «прадпрыемства» і захапіў падпольны рынак нафтапрадуктаў. Ён дамовіўся з італьянцамі: даходамі ад бензінавага бізнесу пачалі дзяліцца з сем’ямі Джэнавезе, Каломба і Лукезе. У абмен Балагула атрымаў абарону ад закона і канкурэнтаў, а таксама поўную свабоду дзеянняў на Брайтан-Біч.

Гэта спадабалася не ўсім. Выклік новай камандзе кінуў бандыт Вадзім Рэзнікаў. У лютым 1986-га ў офісе Балагулы сабраліся яго целаахоўнікі. У тым ліку браты Найфельды, якім, як адзначалася, належала бензінавая кампанія Platinum Energy, што знаходзілася ў Брукліне на Авеню U, непадалёк ад Брайтан-Біч, — яна ўваходзіла ў «бензінавую імперыю» Балагулы. Апоўдні ў офіс увайшоў Рэзнікаў і адкрыў агонь з аўтамата. Адзін з прысутных, сябар Барыса Найфельда Ілля Зельцэр, быў забіты (у гонар яго Біба назваў свайго сына, які нарадзіўся неўзабаве пасля гэтага, Іллёй), двое параненыя, уключаючы самога гамельчука, параненага ў палец рукі. Яго брат схаваўся пад стол і не пацярпеў. На следстве браты Найфельды не сказалі ні слова. Праз месяц Рэзнікава на просьбу Балагулы застрэліў італьянец з мясцовага клана.

Гэта нядзіўна, бо супрацоўніцтва дзвюх злачынных арганізацый было ўзаемавыгадным. Бос рускай мафіі выплачваў італьянцам два цэнты з кожнага прададзенага галона бензіну. Італьянцы і рускія толькі за 1986 год скралі ва ўрада падаткаў на мільярд даляраў. З іх дзвесце мільёнаў пайшлі італьянцам.

Марат Балагула. 2019 год. Фото: cdn.muckrock.com, commons.wikimedia.org
Марат Балагула, 2019 год. Фота: cdn.muckrock.com, commons.wikimedia.org

У тым самым годзе Балагула, які папаўся на махлярстве з крэдытнымі карткамі, збег з ЗША, але працягваў кіраваць мафіяй дыстанцыйна. У 1989-м яго затрымалі, даставілі ў Штаты і праз два гады асудзілі. На волю ён выйшаў толькі ў 2004-м, калі ў рускай мафіі паспела змяніцца некалькі пакаленняў.

Узыходжанне Бібы на трон і вайна з канкурэнтам

Пасля пасадкі Балагулы яго месца заняў Барыс Найфельд. Магутнасць яго папярэднікаў шмат у чым грунтавалася на кантактах і супрацоўніцтве з італьянскай мафіяй. А вось Найфельду не пашанцавала. Італьянскія кланы зрабілі стаўку на яго канкурэнтаў. Таму Біба так і не змог узяць у свае рукі бензінавы бізнес, імперыя яго папярэдніка пачала павольна развальвацца. Тады ўраджэнец Гомеля пераключыўся на пастаўкі гераіну, чым займаўся і раней.

Ён купляў наркотыкі ў Тайландзе, перавозіў іх у Сінгапур, а потым, хаваючы ў тэлевізійных кінескопах, адпраўляў у Польшчу праз створаную ў Бельгіі кампанію. Ужо адтуль рускія кур’еры з сапраўднымі пашпартамі ЗША завозілі гераін у Штаты праз нью-ёркскі аэрапорт пад выглядам мукі для бруклінскіх пякарняў. Такая схема працавала год, пакуль яе не раскрылі. З часам кур’еры пашырылі геаграфію сваёй дзейнасці на Бостан, Чыкага і іншыя амерыканскія гарады. «Я браў кіло з дастаўкай па 25−27 тысяч [даляраў], — тлумачыў Біба, — а прадаваў за 115 тысяч!»

Борис Найфельд (в центре) с двумя друзьями по криминальному миру. Конец 1960-х годов. Фото: скриншот из книги Douglas Century "The Last Boss of Brighton: Boris "Biba" Nayfeld and the Rise of the Russian Mob in America"
Барыс Найфельд (у цэнтры) з двума сябрамі па крымінальным свеце ў Гомелі, канец 1960-х гадоў. Фота: скрыншот з кнігі Douglas Century «The Last Boss of Brighton: Boris „Biba“ Nayfeld and the Rise of the Russian Mob in America»

З імем гамельчука таксама звязаная гучная гісторыя пра падводную лодку. Ужо пасля распаду СССР удзельнікі тамбоўскай групоўкі разам са знакамітым Медэлінскім картэлем Пабла Эскабара з Калумбіі збіраліся купіць расійскую дызельную субмарыну «Факстрот», здольную пасля вымання тарпедных апаратаў перавозіць да 40 тон какаіну. Першапачатковую цану ў 20 мільёнаў даляраў удалося збіць да пяці — але праз гібель некаторых ключавых фігур угоды (у тым ліку Эскабара) яна так і не адбылася. Праўда, якую ролю ў гэтай задумцы граў Найфельд, дакладна не вядома.

Аднак неўзабаве ў Барыса з’явіліся канкурэнты. У першую чаргу гаворка ішла пра Моню Эльсона. Апошні таксама пачынаў кар’еру ў камандзе Яўсея Агрона. Потым усю другую палову 1980-х праседзеў у ізраільскай турме за гандаль наркотыкамі, пасля чаго вярнуўся на Брайтан-Біч і стаў працаваць на братоў Зільбераў (Уладзіміра і Алекса), якія дапамагалі яму фінансаваць закупкі гераіну ў Паўднёва-Усходняй Азіі і перапраўляць у ЗША, дзе прадавалі яго італьянцам. Такім чынам Моня перайшоў гамельчуку дарогу.

Моня Эльсон. Фото: скриншот видео
Моня Эльсон. Фота: скрыншот відэа

Як пісала расійскае выданне «Коммерсант», «Найфельду, натуральна, усё гэта не падабалася. Оптавы гандаль наркотыкамі — вельмі спецыфічная рэч. Тут ніхто і ніколі не дае крэдытаў. Вялікія партыі наркотыкаў ніколі не аддаюць у доўг. Яны пераходзяць з рук у рукі толькі ў абмен на грошы. У гэтым бізнесе не бывае падзелу працы ці «даху». Кожны вырашае свае праблемы сам. Таму Найфельду было цяжка змагацца за «італьянскіх пакупнікоў» з Эльсонам, у якога былі такія грашовыя мяшкі, як Зільберы. Стаўшы партнёрамі італьянцаў у бензінавай афёры, яны атрымалі доступ да карумпаваных амерыканскіх паліцэйскіх і чыноўнікаў — чаго ў рускіх раней ніколі не было. А гэта вельмі важна і для наркабізнесу. З «чужымі» наркадзялкамі будуць бязлітасна змагацца мясцовыя ўлады. Усё гэта Найфельд вельмі добра разумеў. Таму, па-першае, у 1990 годзе ён выправіўся ў Еўропу, каб знайсці сабе наркафінансаванне і рэалізаваць старую мару свайго боса Балагулы — прыватызаваць савецкую эканоміку. А па-другое, абвясціў вайну Моню Эльсону.

За жыццё свайго галоўнага канкурэнта Біба прапанаваў 100 тысяч даляраў. Зразумела, той не стаў чакаць незайздроснай долі. У той час Барыс перамяшчаўся паміж бельгійскім Антверпенам, дзе жыў у кватэры са сваёй каханкай, і Стэйтэн-Айлэндам, акругай у штаце Нью-Ёрк, дзе жылі яго жонка і дзеці. У студзені 1991 года людзі Эльсона падклалі бомбу пад глушыцель машыны Найфельда. Назаўтра Барыс паехаў у школу, каб забраць адтуль дзяцей, тыя залезлі на задняе сядзенне. Ад смерці іх выратаваў вартаўнік, які заўважыў пад машынай дзіўны прадмет. Бомба, якая мусіла спрацаваць ад гарачага паветра, што ішло з глушыцеля, зрушылася і не выбухнула своечасова.

Пасля гэтага Найфельд з’ехаў у Бельгію і пачаў кіраваць «баявымі дзеяннямі» адтуль. Біба і Моня Эльсон палявалі адзін на аднаго па ўсіх штатах — вядома, не наўпрост, а праз падначаленых. Напрыклад, на загад Найфельда кілер здзейсніў замах на жыццё Эльсона — апошняму ўсадзілі пяць куляў у жывот. Мужчыну давялося выдаліць нырку, ён страціў здольнасць нармальна ператраўліваць ежу, але застаўся жывы. Праз некалькі дзён кілер, паплечнік гамельчука, быў забіты. Прайшло яшчэ трохі часу, і Барыс, які ехаў у машыне па Маскве, раптам рэзка павярнуў таму перад домам, дзе яго чакала засада, і застаўся жывы. «Шчыра кажучы, што б я ні рабіў, я ніколі не кідаў спробаў забіць Моню», — гаварыў Найфельд.

Борис Найфельд обнимает свою девушку в московском ресторане в начале 1990-х. Фото: скриншот из книги Douglas Century "The Last Boss of Brighton: Boris "Biba" Nayfeld and the Rise of the Russian Mob in America"
Барыс Найфельд (у цэнтры) абдымае сваю дзяўчыну ў маскоўскім рэстаране ў пачатку 1990-х. Фота: скрыншот з кнігі Douglas Century «The Last Boss of Brighton: Boris «Biba» Nayfeld and the Rise of the Russian Mob in America»

Забойствы аўтарытэтаў рускай мафіі ў ЗША ішлі адно за адным. У гэтым супрацьстаянні італьянцы ў асноўным падыгрывалі Эльсону, але ў іх хапала сур’ёзнейшых праблем, таму ў цэлым босы мафіі проста чакалі, чым скончыцца канфлікт. У гэты час у вайну ўступіла трэцяя сіла. У 1992-м у ЗША прыехаў Вячаслаў Іванькоў, вядомы як Слава Япончык. Менавіта ён стаў новым партнёрам сям'і Гамбіна з «Коза ностры» і пачаў аб’ядноўваць рускую мафію вакол сябе.

Супрацьстаянне ж двух старых канкурэнтаў скончылася нечакана. У 1993-м Эльсону давялося тэрмінова з’ехаць з ЗША ў сувязі з пільнай увагай спецслужбаў. А ў 1994-м у аэрапорце Нью-Ёрка за кантрабанду наркотыкаў быў арыштаваны і Найфельд. Ён пачаў даваць паказанні супраць Эльсона, якога ў наступным годзе арыштавалі ў Італіі. Як казаў Барыс, ён не хацеў супрацоўнічаць са следствам і трымаўся 13 месяцаў, але потым да яго дайшло, што 34 гады, якія абяцаюць яму пракуроры, — гэта зашмат. Ён сцвярджаў, што даў паказанні толькі на Эльсона і нічога на іншых. Але многія ў гэта не паверылі. «Закладваць не да канца — гэта як быць напалову цяжарным», — адзначаў адзін з прадстаўнікоў рускай мафіі.

Біба стаў сведкам абвінавачання і прызнаў сябе часткова вінаватым. У выніку ў траўні 1998-га ён атрымаў 4 гады і 4 месяцы турмы і выйшаў на волю. У прысудзе было адзначана, што тэрмін пакарання яму зніжаны «на хадайніцтва ўладаў у выніку істотнай дапамогі падсуднага» — менавіта гэтая дапамога дапамагла праваахоўнікам адправіць за краты Эльсона.

Маленькая пенсія і спробы вярнуць ранейшы ўплыў

Пасадка Найфельда азначала крах яго прэтэнзій на лідарства ў рускай мафіі. У яго не было такога аўтарытэту, як у папярэднікаў. Чакаць яго выхаду з-за кратаў ніхто не збіраўся. Тым часам яго брат Веніямін адышоў у цень, а вось Барыс пасля вызвалення працягнуў крымінальны бізнес, але ўжо на ўзровень ніжэй: ён заняўся кантрабандай цыгарэт. У 2008-м яго зноў арыштавалі. Біба і тут пачаў супрацоўнічаць са следствам. Пракуратура прасіла суддзю праявіць да яго максімальную спагаду, але той усё роўна даў гамельчуку пяць гадоў турмы, адкуль ён выйшаў у лютым 2014 года.

Апынуўшыся на волі, Біба страціў усё і жыў на пенсію па ўзросце памерам 750 даляраў на месяц. Магчыма, менавіта гэта штурхнула яго на новае злачынства. Не прайшло і двух гадоў, як у студзені 2016-га яго затрымалі па абвінавачанні ў вымагальніцтве. Яго багацейшы кампаньён Барыс Катлярскі на наступны дзень замовіў платнага адваката, а Біба пад прысягай заявіў пра неплацежаздольнасці, і яму далі казённага абаронцу. Абодва злачынцы хацелі выбавіць у неназванага пацярпелага бізнесоўца (пазней стала вядома, што гаворка ішла пра багатага расійскага суднаходнага магната) 125 тысяч даляраў, пагражаючы забойствам. Той звярнуўся да амерыканскіх сілавікоў, якія з лістапада папярэдняга года вялі змоўнікаў, запісваючы іх размовы. Урэшце пацярпелы выпісаў чэк сваёй карпарацыі на 50 тысяч даляраў без пазначэння атрымальніка і ўручыў яго Найфельду, які выйшаў з рэстарана і адразу быў арыштаваны. Падчас арышту Біба нецэнзурна вылаяўся і парваў чэк.

Борис Найфельд на Брайтон-Бич. 2021 год. Фото: скриншот из книги Douglas Century "The Last Boss of Brighton: Boris "Biba" Nayfeld and the Rise of the Russian Mob in America"
Барыс Найфельд на Брайтан-Біч, 2021 год. Фота: скрыншот з кнігі Douglas Century «The Last Boss of Brighton: Boris «Biba» Nayfeld and the Rise of the Russian Mob in America»

Прысуд за гэты эпізод Найфельду вынеслі ў чэрвені 2017-га. Тады памочнік пракурора ЗША заявіў, што Біба фактычна выкарыстаў сваю рэпутацыю, каб атрымаць грошы, але насамрэч быў ужо не такі страшны, як раней. «Таму я думаю, што, магчыма, мы знаходзімся ў моманце, калі цыкл [падзей], што ўмацоўвае міф пра Барыса Найфельда, падышоў да канца», — адначыў ён. «Гэта яшчэ трэба будзе высветліць», — пракаментавала суддзя. Але Біба зноў супрацоўнічаў са следствам, таму атрымаў 23 месяцы турмы. На той момант ён адседзеў ужо 18 з паловай месяцаў, таму выйшаў яшчэ да канца года, у кастрычніку 2017-га. У дадатак Біба атрымаў яшчэ тры гады паліцэйскага нагляду.

У студзені 2018-га ён быў поўны рашучасці не вяртацца ў турму. Грошы ён планаваў зарабіць дзякуючы ўдзелу ў рэаліці-шоу з іншымі былымі ўдзельнікамі рускага злачыннага свету. «Я страціў усё, — казаў тады Найфельд. — Я страціў працу <…>. Я страціў жонку. Гэтага пакарання мне дастаткова». У інтэрв'ю ён выказваў жаданне вярнуцца на радзіму, пад якой, зрэшты, відавочна разумеў Расію, дзе «навыкі зносін з бізнесоўцамі ўсіх масцяў прынясуць больш важкія дывідэнды».

«Дайце мне шанец пачаць новае жыццё», — прасіў ён журналістаў Associated Press, якія пазіцыянавалі яго як «самага вядомага з жывых рускіх гангстараў Нью-Ёрка». На пытанне, ці шкадуе ён пра свой лад жыцця, ён адказаў так: «Ніколі. Не. Калі б у мяне быў яшчэ адзін шанец, я б зрабіў тое самае».

Борис Найфельд. Фото: скриншот из сериала Families Of The Mafia / youtube.com/@mtvreality
Барыс Найфельд. Скрыншот з серыяла Families Of The Mafia / youtube.com/@mtvreality

Здаецца, Бібу ўсё ж удалося вярнуцца на постсавецкую прастору. У студзені 2019 года ён прыляцеў з Масквы ў Кішынёў, сталіцу Малдовы. Найфельда суправаджалі двое мужчын, адзін з якіх меў аўстрыйскае грамадзянства. Усе трое не маглі адэкватна растлумачыць мэту свайго візіту (напрыклад, Барыс заявіў, што хоча прадэгуставаць мясцовае віно), таму ім забаранілі ўезд, і Найфельд вярнуўся ў Маскву.

Хутчэй за ўсё, менавіта там ён і знаходзіцца цяпер. У 2020−2021 гадах у ЗША знялі два сезоны серыяла Families of the Mafia. Адзін з эпізодаў акурат быў прысвечаны Найфельду. Ніжэй, да прыкладу, можна ўбачыць фрагмент шоў, у якім жонка Барыса кажа пра жаданне развесціся з ім.

У сінопсісе згадвалася, што тады Барыс адбываў умоўны тэрмін у Маскве. Так што, мяркуючы з усяго, 76-гадовы гамяльчук, якога ў прысвечаным яму падкасце называлі «самым небяспечным рускім гангстарам, якога калі-небудзь ведала Амерыка», узяўся за старое і не збіраецца спыняцца.

Чытайце таксама