Упраўленне па стратэгічных камунікацыях УСУ паведаміла, што на адным з франтоў вайны з Расіяй украінскі снайпер-спецназавец ліквідаваў праціўніка з рэкорднай адлегласці ў 2710 метраў. Стралок такім чынам стаў другім у свеце па далёкасці паспяховага стрэлу — трапіць з такога адлегласці ў цэль амаль немагчыма. Расказваем пра іншыя самыя гучныя снайперскія поспехі.
Гэты тэкст — аповед пра гісторыі вядомых снайпераў-рэкардсменаў. Аднак гаворка ў ім ідзе пра забойствы людзей. Рэдакцыя «Люстэрка» выступае супраць войнаў і гвалту ў любых яго праявах.
Што здарылася
13 лістапада ў тэлеграм-каналах пачало распаўсюджвацца відэа, на кадрах якога відаць чалавек, па якім страляюць са снайперскай вінтоўкі, што мае прыцэл з цеплавізарам (усё відавочна адбываецца ў цёмны час сутак). У выніку стралок трапляе ў цэль.
Неўзабаве Упраўленне стратэгічных камунікацый Узброеных сіл Украіны дапоўніла інфармацыю пра тое, што адбылося. Паводле сцверджанняў ведамства, украінскі стралок трапіў у цэль з вялікай адлегласці — 2710 метраў. Для параўнання — асноўная снайперская зброя постсавецкіх краін, снайперская вінтоўка Драгунова (СВД), дае магчымасць больш-менш эфектыўна страляць на 600 метраў, а рэкордная далёкасць для яе ў баявой абстаноўцы — 1350 метраў. Зрэшты, СВД ніколі не была найлепшай у сваім класе. Аднак нават на сусветным узроўні для ўсіх мадэляў вінтовак 2710 метраў — шалёна вялікая далёкасць.
Страляць на два кіламетры тым больш вельмі цяжка, бо даводзіцца ўлічваць цэлы шэраг фактараў. Каб навесці вінтоўку па вертыкалі, неабходна зрабіць папраўкі на від боепрыпасу, тэмпературу паветра, падоўжны вецер (то-бок вецер, што дзьме ў кірунку палёту кулі або супраць яго) і вугал месца цэлі (вугал паміж уяўнай гарызантальнай лініяй прыцэльвання і вышынёй цэлі адносна гэтай лініі). Па гарызанталі папраўкі робяцца ўжо на бакавы вецер, рух цэлі і дэрывацыю (адхіленне кулі пад уздзеяннем кручэння, якое надаюць ёй нарэзы ствала).
Усе гэтыя параметры даводзіцца ўлічваць ужо на адлегласці ў некалькі сотняў метраў, а калі гаворка ідзе пра кіламетр і тым больш пра два, нават найменшая памылка ў папраўцы адпраўляе кулю на многія метры ўбок — уверх ці ўніз. Таму ўдалыя стрэлы на такую дыстанцыю вылічаюцца адзінкамі за ўсю гісторыю чалавецтва.
Якую канкрэтна зброю выкарыстаў снайпер, страткам УСУ не паведамляе. Аднак у тэлеграм-канале «Інформаційний Спротив» сцвярджаецца, што страляў вайсковец спецпадраздзялення «Амега» Нацыянальнай гвардыі Украіны.
У пасце ёсць і фатаграфія снайпера са зброяй, якую практычна дакладна можна апазнаць як канадскую буйнакаліберную «антыматэрыяльную вінтоўку» (то-бок прызначаную для знішчэння не толькі жывой сілы, але і «ваенных матэрыялаў», у першую чаргу небраніраванай тэхнікі) McMillan TAC-50 — гэта адна з самых дальнабойных і дакладных мадэляў у свеце, сапраўды здольных знішчаць цэлі на вельмі вялікіх дыстанцыях. Ніжэй мы яшчэ ўспомнім пра яе. Хоць зброя родам з Канады, яно дакладна стаіць на ўзбраенні ва Украіне — пра гэта стала вядома ў 2017 годзе, пасля таксама з’яўляліся звесткі пра перадачу канадскім бокам УСУ такіх вінтовак.
Такім чынам, пяройдзем да самых далёкіх снайперскіх стрэлаў у гісторыі.
1 месца — 3540 метраў

Самы далёкі паспяховы снайперскі стрэл у баявых умовах здзейсніў неназваны вайсковец канадскага спецпадраздзялення Joint Task Force 2 у іракскім горадзе Масул у чэрвені 2017 года. Пра гэта паведаміла выданне Канады Globe and Mail — паводле інфармацыі гэтага СМІ, цэллю стаў адзін з баевікоў ІДІЛ, якія атакавалі салдат іракскіх сіл бяспекі, што дазволіла прадухіліць атаку тэрарыстаў.
Цікавая дэталь заключаецца ў тым, што канадскія сілы ў Іраку сур’ёзна абмежаваныя ў магчымасцях выкарыстання зброі — да прыкладу, ужываць бомбы, якія могуць параніць мірных жыхароў, яны не маюць права. Звышдакладныя снайперскія стрэлы сталі «кропкавымі ўдарамі», забароны на якія ў Іраку ў канадцаў не было. Каб мець дастатковы агляд для стральбы, снайпер знаходзіўся на даху вышыннага будынка.
Інфармацыю пацвердзіла і камандаванне войскаў спецыяльнага прызначэння Канады. Аднак нават праз гады ні абставіны бою, ні імя снайпера так і не былі раскрытыя.
Затое вядомая мадэль зброі, з якой быў здзейснены рэкордны стрэл. Гэта такая ж канадская «антыматэрыяльная» вінтоўка McMillan TAC-50. Яна зараджаецца патронамі буйнога калібра 12,7×99 мм і тэарэтычна здольная біць цэлі на адлегласці больш чым сем кіламетраў.
3 месца — 2475 метраў

Пасля першага месца ідзе адразу трэцяе, бо другое ўжо, імаверна, «зарэзерваванае» за ўкраінскім снайперам. Зрэшты, капрал брытанскага кавалерыйскага палка «Каралеўскія і сінія» (гэта адна з самых тытулаваных частак арміі Вялікабрытаніі) Крэйг Харысан цягам васьмі гадоў увогуле быў рэкардсменам — свой стрэл ён ажыццявіў у 2009 годзе, задоўга да канадца ў Іраку. Гэта здарылася ў правінцыі Гільменд у Афганістане. Тады калегі Харысана з пешага патруля трапілі ў засаду баевікоў руху «Талібан» — тыя ўдала размясцілі кулямётны разлік з двух чалавек, і іх агонь не даваў брытанцам падняць галовы.
Магчымасці знішчыць кулямёт дальнабойнай зброяй накшталт мінамётаў не было, і гэта падахвоціўся зрабіць снайпер, які знаходзіўся на пэўнай адлеўласці ад групы таварышаў па службе, якая трапіла ў засаду. Крэйг Харысан быў узброены добрай вінтоўкай L115A3 Long Range Rifle (іншая назва — Accuracy International AWM, яе «паліцэйская» версія можа быць вядомая аматарам камп’ютарных шутараў як «слон») — але гэта зусім не зброя для стральбы на рэкордныя дыстанцыі, звычайная для гэтай вінтоўкі аддаленасць ад цэлі — крыху больш за кіламетр. Адлегласць, якая больш чым удвая перавышае «пашпартную» прыцэльную далёкасць вінтоўкі, капрала не збянтэжыла — спачатку ён зрабіў дзевяць прыстрэлачных стрэлаў.
Затым Харысан здзейсніў літаральна немагчымае: двума стрэламі забіў абодвух талібаў з кулямётнага разліку, а трэцім вывеў са строю сам кулямёт. Каб зафіксаваць рэкорд, камандаванне не паленавалася адправіць на пазіцыю верталёт AH64 Apache, які з дапамогай лазернага дальнамера дакладна вымераў дыстанцыю, з якой былі зробленыя стрэлы.
4 месца — 2430 метраў
У 2002 годзе стралок трэцяга батальёна канадскай лёгкай пяхоты імя прынцэсы Патрыцыі Роберт Ферланг удзельнічаў у аперацыі саюзных сіл у Афганістане, у даліне Шан-і-Кот. Сітуацыя, у якую трапіў канадскі снайпер, была падобная да той, што адбылася з Крэйгам Харысанам: у горнай мясцовасці трое байцоў руху «Талібан» занялі выгадную пазіцыю, якая дазваляла абстрэльваць саюзныя войскі. Лепшага спосабу, чым расстраляць праціўніка са снайперскай вінтоўкі, на той момант не знайшлося, таму Ферланг вырашыў адкрыць агонь. Праўда, у адрозненне ад брытанскага снайпера, ён быў узброены нашмат больш дальнабойнай і ўжо двойчы згаданай McMillan TAC 50 калібра 12,7×99 мм. Усяго канадзец зрабіў тры стрэлы і толькі з трэцяга разу трапіў у цэль.
Пасля адлегласць, на якую страляў Роберт Ферланг, была спецыяльна вымераная і склала 2430 метраў. Рэкорд пратрымаўся сем гадоў — да тых самых стрэлаў Крэйга Харысана.
5 месца і самы доўгатрывалы рэкорд — 2286 метраў
Як лёгка заўважыць, усе самыя далёкія стрэлы, акрамя двух траплянняў Харысана, былі зробленыя з вінтовак 50-га калібра. Нічога дзіўнага ў гэтым няма: цяжкія буйнакаліберныя кулі захоўваюць сваю забойчую сілу на значна большых дыстанцыях. Аднак «антыматэрыяльныя» 12,7-міліметровыя вінтоўкі масава распаўсюдзіліся як снайперская зброя параўнальна нядаўна, пачынаючы з 1980-х гадоў.
Да гэтага снайперам даводзілася выкарыстоўваць звычайную зброю пад стандартны вінтовачны патрон (7,62×51 мм у краінах NATO і дзяржавах, якія закупляюць зброю «натаўскага» ўзору, 7,62×54 мм у СССР і яго саюзнікаў). Аднак самы доўгатрывалы рэкорд звышдалёкага стрэлу ў баявой абстаноўцы быў зроблены акурат са зброі калібрам 12,7 міліметра. Праўда, не з вінтоўкі, а з кулямёта.
Карлас Хэткак быў снайперам Корпуса марской пяхоты ЗША, гэтага вайскоўца называюць найбольш выніковым стралком амерыканскіх узброеных сіл за ўсю В’етнамскую вайну. Лічыцца, што камандаванне Паўночнага В’етнама прызначыла за ягоную галаву ўзнагароду ў 30 тысяч даляраў (у той час — каласальныя грошы). Сам Хэткак сцвярджаў, што забіў за вайну 300−400 байцоў В’етнамскай народнай арміі і В’етконга. Ён любіў бравіраваць сваім майстэрствам і насіў на галаўным уборы белае пяро — пасля нават хадзілі легенды, што на яго паляваў цэлы ўзвод паўночнав'етнамскіх снайпераў, і байцы падраздзялення Хэткака спецыяльна насілі белыя пёры, каб іх падмануць.
Для стральбы Карлас Хэткак выкарыстоўваў самую розную зброю, уключаючы асноўны буйнакаліберны кулямёт арміі ЗША M2 Browning — гэтая мадэль была распрацаваная яшчэ ў 1919 годзе і зараджалася тымі ж патронамі 12,7×99 мм, што і ўсе буйнакаліберныя снайперскія вінтоўкі заходняй вытворчасці. Хэткак добра прыстраляў свой «снайперскі кулямёт» і ў адзін момант пачаў трэніравацца ў вядзенні агню на звышдалёкія дыстанцыі — так, ён трапляў у роставую мішэнь на адлегласці да 1800 метраў.
У 1967 годзе снайпер здзейсніў стрэл, які стаў легендарным: ён трапіў у паўночнав'етнамскага партызана з дыстанцыі 2286 метраў. На той момант гэта было літаральна за межамі магчымага, і рэкорд пратрымаўся 35 гадоў — да таго часу, як амерыканцы, узброеныя ўжо буйнакалібернымі «барэтамі» і «макміланамі», увайшлі ў Афганістан.
Чытайце таксама


