У Кіраўскім раёне сям’я атруцілася чадным газам, паведамілі ў МНС.
32-гадовая жыхарка Гомеля разам з мужам і трохгадовай дачкой прыехала ў госці да маці ў вёску Стайкі Кіраўскага раёна. Каб дзецям было цёпла і ўтульна, гаспадыня прапаліла ў печы.
«Вось толькі, відаць, паспяшалася закрыць засланку печы», — выказалі здагадку ў МНС.
Ноччу сям’я прачнулася ад моцнага галаўнога болю і галавакружэння. Яны выклікалі хуткую. Каля 3.00 іх павезлі ў бальніцу з дыягназам «атручанне чадным газам».
«На шчасце, яны своечасова прачнуліся і звярнуліся па медыцынскую дапамогу, пасля абследавання сям’я вярнулася дадому», — расказалі ў МНС, падкрэсліўшы, што з пачаткам ацяпляльнага перыяду выпадкі атручання чадным газам «нярэдкія».