Украінскія вайскоўцы паведамілі, што расійскія войскі працягваюць абстрэльваць з артылерыі населеныя пункты на лініі фронту. У Мінабароны РФ заявілі, што збілі чарговы МіГ-29 і нанеслі ўдары па двух камандна-назіральных пунктах УСУ. Ваенная разведка Вялікабрытаніі лічыць, што Расія шукае спосабы заткнуць дзіркі ў бюджэце для працяглай вайны. Пераказваем галоўнае са зводак штабоў і высноваў экспертаў на 406-ы дзень вайны.
«У Вялікай Кардашынцы Херсонскай вобласці праз перамяшчэнне цяжкай тэхнікі акупантаў у ваколіцах населенага пункта амаль цалкам абмежаваны ўезд і выезд усіх мясцовых жыхароў, людзям забаронена пакідаць свае дамы. Узмоцненая праверка дакументаў і мабільных тэлефонаў», — паведамілі ў Генштабе УСУ.
На Валынскім, Палескім, Северскім і Слабажанскім напрамках аператыўная абстаноўка без істотных зменаў, прыкмет фармавання наступальных груповак праціўніка не выяўлена. На іншых напрамках расійскія войскі абстрэльвалі населеныя пункты з артылерыі.
Расійскія войскі працягваюць засяроджваць асноўныя намаганні на вядзенні наступальных дзеянняў на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках — за суті было адбіта больш за 60 атак праціўніка. У эпіцэнтры баявых дзеянняў застаюцца Бахмут і Мар'інка.
«За мінулыя суткі праціўнік нанёс 3 ракетныя і 47 авіяцыйных удараў, у прыватнасці, выкарыстаў 17 БПЛА тыпу „Шахед-136“. 14 з іх былі знішчаныя сіламі СПА. Таксама вораг здзейсніў 42 абстрэлы з рэактыўных сістэм залпавага агню. Ёсць загінулыя і параненыя сярод цывільнага насельніцтва», — адзначылі ўкраінскія вайскоўцы.
Паводле звестак Генштаба УСУ, украінская авіяцыя нанесла дзевяць удараў па раёнах канцэнтрацыі праціўніка. Таксама быў збіты высокадакладны БПЛА тыпу «Куб». Украінскія ракетчыкі і артылерысты нанеслі ўдары па 3 пунктах кіравання, 2 раёнах канцэнтрацыі жывой сілы, 2 рэактыўных сістэмах залпавага агню «Град» і станцыі радыёэлектроннай барацьбы праціўніка.
«У Мелітопалі акупанты працягваюць псіхалагічна ціснуць на мясцовае насельніцтва, распаўсюджваючы ўлёткі пра эвакуацыю ў Расію. Палохаюць людзей блізкім надыходам Узброеных сіл Украіны», — падсумавалі ў Генштабе.
У расійскім ваенным ведамстве расказалі пра атакі на пазіцыі УСУ:
— на Купянскім напрамку ўдарамі аператыўна-тактычнай і армейскай авіяцыі, агнём артылерыі Заходняй групоўкі войскаў нанесенае паражэнне падраздзяленням УСУ ў раёнах населеных пунктаў Гранікаўка, Цімкаўка Харкаўскай вобласці і Стальмахоўка Луганскай вобласці. Акрамя таго, спыненыя дзеянні пяці ўкраінскіх дыверсійна-разведвальных груп. На гэтым напрамку забітыя да 40 украінскіх вайскоўцаў, знішчаныя дзве баявыя браніраваныя машыны і два пікапы;
— на Чырвона-Ліманскім напрамку агнём артылерыі і цяжкіх агнямётных сістэм групоўкі войскаў «Цэнтр» сарваная контратака праціўніка ў раёне населенага пункта Северск Данецкай вобласці, а таксама пабітыя падраздзяленні УСУ ў раёнах населеных пунктаў Неўскае і Чырвоная Дзіброва Луганскай вобласці. Забітыя звыш 80 украінскіх вайскоўцаў, знішчаныя баявая браніраваная машына, два аўтамабілі і гаўбіца Д-30;
— на Данецкім напрамку ў выніку актыўных дзеянняў падраздзяленняў Паўднёвай групоўкі войскаў, удараў аператыўна-тактычнай авіяцыі і агню артылерыі знішчаныя два бронетранспарцёры, адзін танк, чатыры баявыя браніраваныя машыны, два аўтамабілі і гаўбіца Д-30. Страты жывой сілы праціўніка склалі больш за 410 чалавек;
— на Паўднёва-Данецкім і Запарожскім напрамках ударамі авіяцыі і агнём артылерыі групоўкі войскаў «Усход» нанесенае паражэнне падраздзяленням УСУ ў раёнах населеных пунктаў Нікольскае і Наваполь Данецкай вобласці. Акрамя таго, спыненая дзейнасць трох дыверсійна-разведвальных груп у раёнах населеных пунктаў Уладзіміраўка, Мірнае і Нікольскае. На гэтых напрамках забітыя да 30 украінскіх вайскоўцаў, знішчаны адзін бронеаўтамабіль, два пікапы, а таксама два склады боепрыпасаў падраздзяленняў УСУ;
— на Херсонскім напрамку падчас агнявога паражэння забітыя да 20 украінскіх вайскоўцаў, знішчаныя два аўтамабілі і самаходная гаўбіца «Акацыя».
Удары расійскай арміі па тэрыторыі Украіны за суткі:
28 сакавіка 2023 года прэм’ер-міністр Расіі Міхаіл Мішусцін заявіў, што ўлады працуюць над пераходам да выпуску часткі суверэнных даўгавых абавязанняў Расіі ў замежнай валюце. Расія разлічвае на знешнюю фінансавую падтрымку з боку замежных дзяржаваў, якія яна лічыць «дружалюбнымі», паведамляе ваенная разведка Вялікабрытаніі.
Паводле звестак ведамства, як толькі распрацоўка будзе завершаная, інвестары з іншых краін змогуць купіць суверэнны доўг Расіі і такім чынам прафінансаваць некаторыя з будучых бюджэтных дзірак. Пры гэтым такія інвестары будуць ускосна фінансаваць вайну ва Украіне.
Паведамляецца, што ў апошнія месяцы расійскія банкі былі асноўнымі суб’ектамі, якія выкупляюць дзяржаўны доўг Расіі. Аднак малаімаверна, што яны будуць у стане цалкам пагасіць чаканы дэфіцыт бюджэту ў будучыні.
«Расійскія афіцыйныя асобы, імаверна, разглядаюць выпуск знешніх даўгавых абавязанняў як адзін са спосабаў закрыць праломы ў сваіх фінансах, бо яны плануюць працяглую вайну ва Украіне. Аднак застаецца незразумелым, ці ўдасца Расіі рэалізаваць гэтыя меры», — гаворыцца ў заяве разведкі.
«Крэмль, імаверна, паспрабуе змусіць Беларусь да далейшай інтэграцыі ў Саюзную дзяржаву, калі Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка сустрэнуцца ў Маскве 5−6 красавіка», — сцвярджаюць эксперты амерыканскага Інстытута па вывучэнні вайны (ISW).
Таксама аналітыкі лічаць, што Крэмль працягвае выкарыстоўваць ядзерныя пагрозы, каб стрымліваць прадстаўленне Захадам ваеннай дапамогі Кіеву напярэдадні запланаванага контрнаступлення Украіны.
Ключавыя высновы ISW:
Ва ўмовах ваенных дзеянняў мы не можам аператыўна праверыць дакладнасць звестак афіцыйных асобаў пра канфлікт. Любыя паведамленні праціўнікаў пра свае і чужыя страты варта ўспрымаць з пэўнай доляй скепсісу.
Распечатано с портала ZERKALO.IO