Баец палка Каліноўскага Мікіта Забуга — асоба рознабаковая. Атрымаў тры дыпломы аб вышэйшай адукацыі (у тым ліку Акадэміі МУС і Оксфарда), займаўся бізнесам у Літве, інвеставаў у будаўнічую галіну роднай Астравеччыны. Забуга цікавіцца гісторыяй і геральдыкай — удзельнічаў у раскопах парэштак паўстанцаў Кастуся Каліноўскага, стварыў Геральдычную раду (якая ўзнавіла беларускія нацыянальныя ўзнагароды). Таксама ён аўтар ідэі пашпарта Новай Беларусі. «Люстэрка» пагутарыла з Мікітам Забугам пра ўсё гэтае, а таксама пра тое, якімі ён бачыць сканчэнне вайны ва Украіне і будучыню Беларусі.
«Мішка залечыць свае зубы і кіпцюры — і працягне»
— У вас ёсць жонка і трое дзяцей. Як вы прынялі рашэнне пайсці добраахвотнікам у полк Каліноўскага?
— Жонка і дзеці ў мяне падрыхтаваныя. З самага пачатку вайны ва Украіне я шчыльна ўзаемадзейнічаў з палком. Гэта быў свядомы выбар — проста фармалізацыя таго, што павінна было здарыцца значна раней. Наша арганізацыя (Геральдычная рада) стварыла палкавы сцяг, арганізавала яго асвячэнне праз Раду Беларускай Народнай Рэспублікі. Я таксама валанцёрыў — дастаўляў палку аўтамабілі медыцынскай эвакуацыі, нават машыну цесця давялося перавезці. Так што рашэнне было прынята даўно.
— Здаецца, што нават калі сям’я падрыхтаваная, навіна пра тое, што бацька і муж ідзе на вайну, не можа застацца без эмоцый.
— Вядома, усе перажываюць, але яны ведаюць, што іх бацька — чалавек, які ідзе за праўдай. Я і на Майдане стаяў у 2013−2014 гадах. Напружанне ёсць, ніхто ад гэтага не застрахаваны. Усе людзі, усе перажываюць. Але, як кажуць, вочы баяцца, а рукі робяць.
— Чым вы займаецеся ў палку?
— Зараз я знаходжуся на Запарожскім напрамку ў падраздзяленні беспілотных лятальных апаратаў. На дадзены момант выконваю функцыі старшыны па забеспячэнні атрада.
— Цяжка цяпер ваяваць, асабліва маральна, на фоне размоваў пра магчымы мір?
— Сярод нас ёсць хлопцы-героі, якія ваююць ужо па два, па тры гады. Зразумела, што прыходзіць маральная стомленасць, многія ўжо былі параненыя і вярталіся назад. Людзям цяжка маральна. За гэтыя гады яны сталі выдатнымі спецыялістамі з рознымі ваеннымі навыкамі — кіраванне БПЛА, дронамі-камікадзэ, выкананне разведвальных задач.
У палку розныя сітуацыі, як і розныя людзі. Але ў цэлым усе разумеюць, што канец вайны пакуль немагчымы. Гэта будзе толькі перадышка. Мішка залечыць свае зубы і кіпцюры — і працягне. У нас сур’ёзны і каварны вораг. Стомленасць ёсць, але ўсе разумеюць важнасць таго, што робяць.
— Ці адчуваеце вы асабіста стомленасць ад вайны? Як даеце рады?
— Мой рэцэпт: калі адчуваеш безвыходнасць — дапамагай іншым. Тады сілы прыходзяць. Калі робіш слушную справу, абараняеш гонар нацыі — сілы абавязкова знойдуцца. Але ва ўсіх па-рознаму. Хлопцы і дзяўчаты ў асноўным маральна падрыхтаваныя. Усе ваяры, што прайшлі праз полк, — тысячы людзей — гонар нацыі. Яны ўстойлівыя да перамен.
«Пры мне афіцэры насілі пагоны з „Пагоняй“»

— Раней вы працавалі ў ДАІ. Як туды трапілі і чаму сышлі?
— Я вучыўся спачатку ў беларускамоўнай школе, потым скончыў гродзенскі ліцэй, адзін з лепшых у Беларусі. У 1997 годзе паступіў у Акадэмію МУС, прайшоў вялікі конкурс — восем чалавек на месца. Тады была іншая акадэмія, іншыя выкладчыкі. Пры мне афіцэры насілі пагоны з «Пагоняй». Я пайшоў у вышук ДАІ — шукаў кіроўцаў, што збеглі з месца ДТЗ. Адпрацаваў роўна год, потым паступіў у Літоўскі ўніверсітэт права і застаўся ў Літве.
— У вас тры вышэйшыя адукацыі, у тым ліку Оксфард. Можа вучыцеся і цяпер?
— Пасля Літоўскага ўніверсітэта я скончыў магістратуру па фінансах у Оксфардзе, потым MBA (магістратуру бізнес-адміністравання. — Заўв. рэд.) там жа, але ў іншым каледжы. Мне падабаецца вучыцца. Хтосьці з філосафаў казаў, што імкненне да ведаў — найважнейшая якасць чалавека. Цяпер таксама вучуся, але не скажу дзе — спачатку скончу.
— Гэта працяг папярэдняга ці новы кірунак?
— Гэта вайсковая спецыяльнасць.
— Які ў вас быў бізнес у Беларусі?
— Бізнес у мяне ад самага пачатку быў у Літве, але ў Беларусі я інвеставаў у будаўніцтва гандлёвых цэнтраў, крамаў на сваёй малой радзіме, у Астравецкім раёне. Пабудаваў — і з’ехаў (смяецца). Застаўся без інвестыцый, якія калісьці ўклаў.
— Шмат страцілі?
— Не скажу. Лепш вярнуся ў Беларусь і аднаўлю свае правы на ўласнасць.
«Знайшлі парэшткі Каліноўскага ў 2018-м — і тут пачалося!»

— Вы ўдзельнічалі ў раскопках парэшткаў паўстанцаў Кастуся Каліноўскага. Кажуць, што менавіта вы знайшлі яго магілу. Гэта праўда?
— Мне проста пашанцавала. Мой сябра, намеснік дырэктара Нацыянальнага музея Літвы, ведаў маё стаўленне да нашай агульнай гісторыі і запрасіў мяне прыняць удзел у раскопках на гары Гедыміна ў Вільні разам з групай археолагаў. Мы два гады шукалі паўстанцаў. У выніку знайшлі парэшткі 21 чалавека. Потым трэба было праводзіць ДНК-аналіз і ўстанавіць асобы.
Памагло тое, што экзекуцыі былі добра задакументаваныя расійскімі ўладамі — яны фіксавалі, каго павесілі, каго расстралялі. Звычайна паўстанцаў хавалі групамі. З часам нам удалося ўстанавіць усіх. Кастуся Каліноўскага апазналі паводле ДНК, пераломах шыйных пазванкоў і з дапамогай фотаэкспертызы чэрапа. Таму сумненняў быць не можа.
— Такая знаходка — вялікая ўдача для археолага. Што адчулі, калі зразумелі, каго знайшлі?
— Ёсць такі анекдот: Як справы ў Беларусі? Ну, знайшлі парэшткі Каліноўскага ў 2018-м — і тут пачалося!
Вядома, я быў задаволены. З дзяцінства Вільня была маім другім горадам — я вырас на беларуска-літоўскай мяжы. Калі быў маладым, выбітны дзеяч беларускай дыяспары Сяржук Вітушка з натхненнем распавядаў мне пра Каліноўскага, казаў, што ён пахаваны на гары Гедыміна. Я вырашыў, што абавязкова трэба знайсці, дзе менавіта. І праз дзесяцігоддзі змог асабіста ўдзельнічаць у раскопках, трымаць у руках яго парэшткі, знайсці ягоных нашчадкаў у Беларусі. Вядома, гэта крута і вельмі натхняла.
— Як вы адшукалі нашчадкаў?
— У нас у Геральдычнай радзе ёсць гісторык і спецыяліст па Каліноўскім, які працуе з архівамі. Ён аднавіў усю радаслоўную. У Сямёна Каліноўскага, бацькі Кастуся, было 19 дзяцей. Мы знайшлі іх нашчадкаў, яны жывуць на поўдні Беларусі. Гэтыя людзі нават не ведалі, што з’яўляюцца прапрапраўнукамі Каліноўскага. З іх дазволу мы ўзялі мазкі для ДНК-аналізу і такім чынам правялі ідэнтыфікацыю.
— Якімі людзьмі яны апынуліся?
— Абсалютна звычайнымі, простымі беларусамі.
— Чым займаюцца, кім працуюць?
— Шчыра кажучы, я не пытаўся. Гэта было для іх нечакана, таму не хацелі іх моцна турбаваць. Проста расказалі ім іх гісторыю, хто яны такія. Яны былі здзіўленыя, але пагадзіліся даць ДНК для параўнання.
«Хутка мы сустрэнемся ў Беларусі, прад’явіўшы на мяжы менавіта гэты пашпарт»

— Як вы трапілі ў Геральдычную раду і чым там займаліся?
— Адразу адзначу: я не геральдыст. Проста ўмею арганізоўваць людзей. Кажуць, у мяне гэта добра атрымліваецца.
З пачаткам вайны з’явілася патрэба ў вайсковай сімволіцы для беларускіх фарміраванняў. Сэнс геральдыкі — у вызначэнні «свой — чужы». Вайна абвастрыла неабходнасць стварыць нацыянальную Геральдычную раду, а не савецкую, дзе манкурты навязваюць нам чужую гісторыю.
Я пачаў шукаць геральдыстаў — знайшоў адных з лепшых, такіх спецыялістаў у Беларусі амаль не засталося. Былі і вайскоўцы, і цывільныя геральдысты, спецыялісты па нумізматыцы. Мы ўзмацнілі каманду гісторыкамі і стварылі моцную Геральдычную раду, распрацавалі ўсю сістэму ўзнагарод. Некаторыя аднавілі, іншыя стварылі нанова. Я проста рады быў дапамагчы аб’яднаць гэтых светлых людзей.
— Наколькі нам вядома, вы — аўтар ідэі пашпарта Новай Беларусі. Гэта так?
— Так, ідэя першапачаткова была мая. Мы прыйшлі з ёй у Офіс Святланы Ціханоўскай. Гістарычна ўрады ў выгнанні заўсёды мелі свае дакументы. У Літвы быў такі пашпарт, яго выдавалі яшчэ 30 гадоў таму. І дзіўна, што цяпер літоўцы чыняць нам перашкоды — з маральнага пункту гледжання гэта няправільна.
Такія дакументы былі ў Латвіі, Эстоніі, Польшчы. Нацыянальны пашпарт — аб’яднаўчы дакумент, які дапаможа беларусам не стаць апатрыдамі (асобамі без грамадзянства. — Заўв. рэд.). Рэжым хоча нас размыць, зрабіць апатрыдамі найлепшых беларусаў, што выехалі ў іншыя краіны.
— Падаецца, што праект пашпарта цяпер прыпынены, і ён пакуль не можа быць паўнавартасным дакументам.
— У вас памылковая інфармацыя. Калі зараз зойдзеце на сайт Беларускага пашпартнага цэнтра, зможаце падаць заяўку і атрымаць пашпарт. Біяметрычныя дадзеныя збіраюцца ў Літве, але плануецца адкрыццё пунктаў ва Украіне і Польшчы. Адзінае — друк перанеслі ў іншую краіну, каб зняць напружанне ў літоўскіх партнёраў.
— Вы верыце, што пашпарт Новае Беларусі стане сапраўдным дакументам, а не застанецца сувенірам?
— Абсалютна. Таксама веру, што хутка мы сустрэнемся ў Беларусі, куды прыедзем, прад’явіўшы на мяжы менавіта гэты пашпарт. Нас спрабуюць уцягнуць у дэпрэсію — маўляў, нічога не атрымаецца. Але атрымаецца. У свеце 194 краіны. Некаторыя дакладна нас прызнаюць, і пашпарт стане паўнавартасным.
Паводле некаторых дадзеных, з моманту прыходу Лукашэнкі да ўлады з краіны выехалі больш за два мільёны чалавек. З кожным днём гэтае пытанне будзе станавіцца ўсё больш вострым.
МУС Беларусі заяўляла, што толькі ў 2021−2022 гадах з краіны з’ехалі больш за 200 тысяч чалавек. У кастрычніку 2023 года намеснік міністра ўнутраных спраў Мікалай Карпянкоў ацаніў агульную эміграцыю ў 350 тысяч. У іншых крыніцах фігуруюць ацэнкі ад 100 да 500 тысяч чалавек, якія пакінулі краіну з 2020 года.
— Якая краіна першай прызнае пашпарт і калі?
— Я ведаю, але не скажу — каб не сурочыць. Ідуць перамовы. Трымаем пальцы за наш агульнанацыянальны праект.
— Гэта будзе краіна ЕС? І ці адбудзецца прызнанне сёлета?
— Акрамя еўрапейскіх краін, ёсць яшчэ шмат іншых, у тым ліку астраўныя дзяржавы. Не магу сказаць — не маю паўнамоцтваў. Давайце пашыраць колькасць уладальнікаў пашпарта — і ў нас усё атрымаецца.
«У нас ёсць каласальны патэнцыял, але былыя байцы палка працуюць у „Жабках“ і „Бедронках“»

— На пасяджэнні Каардынацыйнай рады вы прапанавалі стварыць міратворчыя падраздзяленні з беларусаў па ўсёй Еўропе. Навошта і што гэта дасць?
— Мы цяпер у турбулентнай сітуацыі — няма гарантый ні ад ЗША, ні ад Еўропы. Зараз ЕС мае патрэбу ў чалавечых рэсурсах. А ў нас ёсць матываваныя беларусы, якія жадаюць вярнуцца на радзіму.
Нас ужо сотні тысяч. За 30 гадоў шмат хто з беларусаў прайшоў вайсковую службу. Так, можна сказаць, што яны не ваявалі. Але мой досвед у палку Каліноўскага паказвае: розніца паміж тымі, хто ваяваў і хто не, знікае пасля пары баёў. Галоўнае — падрыхтоўка. Гэтыя людзі будуць патрэбныя ЕС. Еўрапейцы пачынаюць выходзіць з «цёплых ваннаў».
Пры адпаведным матэрыяльным забеспячэнні беларускіх вайскоўцаў згодна з іх пасадамі, спецыяльнасцямі і рангамі, а таксама легалізацыі ў Еўрасаюзе, многія з іх пагадзіліся б абараняць свой новы дом у Еўропе. І таксама рыхтавацца да вызвалення радзімы. Бо прыйшоў час вяртаць Беларусь.
Я размаўляў з першакласнымі беларускімі вайскоўцамі, якія ў баі даказалі сваю эфектыўнасць і веданне сучаснай вайны. Яны гатовыя дапамагаць і дзяліцца сваімі ведамі з еўрапейскімі арміямі.
— Нават прызнанне пашпарта праходзіць з цяжкасцю. Чаму вы думаеце, што ЕС пагодзіцца фактычна на іншаземную армію на сваёй тэрыторыі?
— Гэта адбудзецца арганічна. Ужо праз тры дні пасля нападу Расіі на Украіну прэзідэнт Уладзімір Зяленскі падпісаў указ аб стварэнні Інтэрнацыянальнага легіёна. Гэта проста пытанне часу.
Зараз у ЕС не стае палітычнай волі, але ўмовы зменяцца. Мы павінны быць гатовыя да гэтага. Праз Каардынацыйную раду, Аб’яднаны пераходны кабінет, Офіс Ціханоўскай ужо цяпер трэба распрацоўваць методыку.
Ніхто не можа нам забараніць фарміраваць агульнанацыянальны супраціў. Такія моманты ўзнікаюць раз у сто гадоў. Зараз — наш шанец. У нас ёсць каласальны патэнцыял, але былыя байцы палка працуюць у «Жабках» і «Бедронках» (сеткі крамаў у Польшчы. — Заўв. рэд.). Гэта пілоты дронаў, сапёры, мінамётчыкі, снайперы. Еўропа магла б выкарыстаць гэты патэнцыял. Трэба гаварыць і прыбіраць раздражняльнікі. У нас няма імперскіх амбіцый — мы нацыя стваральнікаў. Наша місія — дапамагчы Еўропе. А заўтра Еўропа дапаможа нам.
— Як вы бачыце заканчэнне вайны ва Украіне і будучыню Беларусі?
— Беларусь я бачу толькі ў саюзе з еўрапейскімі краінамі. Магчыма, не НАТО, але саюз Міжмор'я — Польшча, краіны Балтыі, Украіна і Беларусь. Але дакладна магу сказаць: наша месца — у Еўропе. Прагнозаў наконт заканчэння вайны даваць не хачу. Праціўнік у нас сур’ёзны.