Опубликовано 4 красавiка 2023 у 08.21
Адрес в интернете: https://zerkalo-news.xyz/news/life/36083.html    

Улады Беларусі адмянілі беларускую лацінку, як і хацелі прапагандысты

Дзяржкамітэт па маёмасці 4 красавіка апублікаваў пастанову «Пра перадачу найменняў геаграфічных аб’ектаў з беларускай і рускай моваў на іншыя мовы». Яна адмяняе патрабаванне транслітараваць геаграфічныя назвы ў Беларусі толькі з беларускай мовы і выкарыстоўваючы традыцыйную беларускую лацінку, якое існавала больш за 20 гадоў.

Таблички с использованием латинки в Минске. Скриншот докладной записки
Шыльды з выкарыстаннем лацінкі ў Мінску. Скрыншот дакладной запіскі

Пастанова зацвярджае новую Інструкцыю па перадачы найменняў геаграфічных аб’ектаў з беларускай і рускай моваў на іншыя мовы і транслітарацыі найменняў геаграфічных аб’ектаў літарамі лацінскага алфавіту і адмяняе дзеянне ранейшай Інструкцыі па транслітарацыі геаграфічных назваў Рэспублікі Беларусь літарамі лацінскага алфавіту, прынятай такім самым чынам — пастановай Дзяржкамітэта па маёмасці № 15 ад 23 лістапада 2000 года.

Ключавыя змены: паводле старой інструкцыі, перадача геаграфічных назваў Беларусі на лацінцы ажыццяўлялася выключна зыходзячы з іх напісання на беларускай мове. Цяпер жа назвы на картах, вулічных шыльдах, паказальніках можна транслітараваць і з рускай мовы. Выбар мовы ніяк не рэгламентуецца — то-бок залежыць ад жадання гаспадарчага суб’екта.

Было: «Перадача геаграфічных назваў Рэспублікі Беларусь на лацінку ажыццяўляецца з іх правільнага напісання на беларускай мове, засведчанага афіцыйнымі крыніцамі».

Стала: «Перадача найменняў геаграфічных аб’ектаў з беларускай і рускай

моваў на іншыя мовы ажыццяўляецца з іх сучаснага напісання на беларускай

і рускай мовах, прысвоеных у адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь

„Пра назвы геаграфічных аб’ектаў“».

Патрабаванне выкарыстоўваць для транслітарацыі толькі беларускую аснову засталося толькі для аднаго выпадку — «пры стварэнні картаграфічных і іншых твораў на замежных мовах, прызначаных для міжнароднага выкарыстання».

Далей у пастанове прыводзіцца сама інструкцыя па транслітарацыі. Дакладней, цяпер іх дзве: для беларускай і рускай моваў (у старой пастанове была толькі адна, бо руская мова не выкарыстоўвалася).

Інструкцыя для беларускай мовы часткова супадае з транслітарацыяй, якую выкарыстоўваюць улады для перадачы імёнаў беларусаў у пашпартах. Але ёсць і прыкметныя адрозненні.

Галоўнае новаўвядзенне ў параўнанні са старой інструкцыяй — цалкам выключанае выкарыстанне дыякрытычных (надрадковых) знакаў «˘» і «´», уласцівых традыцыйнай беларускай лацінцы для перадачы шыпячых і мяккіх свісцячых гукаў: Ž ž (ж), Č č (ч), Š š (ш), Ć ć (ць), Ś ś (сь), Dź dź (дзь) і гэтак далей. Такіх напісанняў, як на загалоўным фота матэрыялу, больш не будзе. Шыпячыя гукі цяпер перадаюцца па правілах англійскай мовы: Zh, Ch, Sh.

Змененая перадача і іншых гукаў:

  • цалкам страчаная спецыфічнасць беларускага фрыкатыўнага «Г»: раней ён перадаваўся больш блізкай літарай «H», цяпер жа — «G», якую замежнік, безумоўна, будзе чытаць як выбухны «Г» (такі ж, як у рускай мове);
  • гук «Ў» цяпер перадаецца не графемай «Ŭ» і нават не «U», як у пашпарце, а «W»;
  • гук «Х» цяпер перадаецца літарай «H» (раней было «Ch», бо «H» быў для беларускага «Г»).

У астатнім захоўваюцца ранейшыя правілы, якія перадаюць вымаўленне беларускай мовы.

Скриншот инструкции
Скрыншот інструкцыі

А вось інструкцыя для рускай мовы горш адпавядае фанетыцы і будзе выклікаць блытаніну ў тых, хто паспрабуе транслітараваныя паводле гэтых правілаў назвы чытаць. Галоўная праблема — транслітарацыя літар «Е», «Ё», «Ю», «Я»: як у сітуацыях, калі яны даюць два гукі («Й» + галосны), так і калі яны змякчаюць папярэдні зычны.

Так, літара «Е» ў пачатку слова будзе перадавацца проста як «E» — без зычнага, які абазначае ёт. Прыведзены нават прыклад: назва «Еленка» перададзеная як Elenka. Для тых, хто валодае замежнымі мовамі, відавочна, што яно будзе чытацца няправільна — «Эленка». Пры гэтым літара «Ё» ў пачатку слова суправаджаецца «J»: «Ёні» перадаецца як «Joni».

Скриншот инструкции
Скрыншот інструкцыі

Але следам гэтая ж літара «J» выкарыстоўваецца не для перадачы ёта, а як знак, што змякчае папярэдні зычны. І мы бачым транслітарацыю назваў «Берёзки» як Berjozki, «Тростянка» як Trostjanka, «Припять» як Pripjat, «Любань» як Ljuban. Пры тым што побач стаяць словы, дзе «J» абазначае ёт: «Заозерье», «Улуковье», «Подъелье», «Курганье» — Zaozerje, Ulukovje, Podjelje, Kurganje. Цяжка ўявіць, як замежнікі будуць адрозніваць, дзе ім чытаць так, а дзе гэтак, што будзе прыводзіць да прачытання: «Припьят», «Льюбан», «Берьёзки» і гэтак далей. Апафеоз блытаніны ў новай сістэме — апошні прыклад у табліцы на літару «Я»: «Якимово Лядо» — Jakimovo Ljado (у адной назве літара «J» абазначае розныя гукі). Незразумела, што перашкаджала выкарыстаць тут той самы падыход, што ў беларускай мове, і пісаць Pripiat, Liuban, Bieriozki, Trostianka, Jakimovo Liado.

Пастанова, якая адмяняе беларускую лацінку ў транслітарацыі геаграфічных назваў, падпісаная кіраўніком Дзяржкамітэта па маёмасці Дзмітрыем Матусевічам і ўзгодненая з МУС, МЗС, Міністэрствам культуры і Нацыянальнай акадэміяй навук. Яно ўступае ў сілу пасля афіцыйнага апублікавання — то-бок 5 красавіка.

Нагадаем, за адмену беларускай лацінкі ў транслітарацыі геаграфічных назваўзмагаліся прарасійскія і праўладныя актывісты і блогеры на чале з адыёзнай гродзенкай Вольгай Бондаравай. Яшчэ ў канцы 2022 года стала вядома, што ўлады пайшлі ім насустрач, і на паседжанні Рэспубліканскага савета па гістарычнай палітыцы было прынятае рашэнне адмовіцца ад лацінкі.

«Зеркало»


Распечатано с портала ZERKALO.IO