Беларускі студэнт падаў заяўку, каб стаць валанцёрам на Алімпіядзе ў Парыжы сёлета, але яму адмовілі. Такі ж лёс напаткаў і яго знаёмага. Пра гэта паведамляе channelnewsasia.com.
Адзначаецца, што 19-гадовы Дзмітрый Шаляпін вучыцца ў Сарбоне і ўжо даўно марыць стаць валанцёрам на Гульнях. Калі на гэтым тыдні яму прыйшла адмова, ён адразу не зразумеў, у чым рэч.
«Ты разумееш, што нас выганяюць з Алімпіяды?» — сказаў яму адзін з валанцёраў, які таксама атрымаў адмову.
Шаляпін прызнаўся, што не змог стрымаць слёз праз гэтую навіну. «Яны абыходзяцца з намі як з тэрарыстамі», — сказаў ён.
Паводле інфармацыі выдання, забараняюць быць валанцёрамі не толькі беларусам, але і расіянам.
Адна з расіянак расказала, што ўжо была валанцёркай на Гульнях у Сочы ў 2014-м, яе кандыдатуру спачатку ўхвалілі і ў Парыжы, але потым у апошні момант адмовілі, спаслаўшыся на тое, што яна не прайшла праверку.
Адзначаецца, што многія алімпійскія валанцёры з расійскімі і беларускімі пашпартамі (некаторыя жывуць у Францыі, іншыя — у сваіх краінах) паведамляюць, што атрымліваюць аднолькавыя адмовы са спасылкай «на пагрозу бяспецы». Паводле іх звестак, такія паведамленні ўжо атрымала блізу 20 чалавек, але афіцыйнай статыстыкі няма.
У МУС Францыі не каментуюць сітуацыю.
Тым часам даследчык палітычнай гісторыі Алімпійскіх гульняў, прафесар паліталогіі Ціхаакіянскага універсітэта ў Арэгоне (ЗША) Жуль Байкоф выказаў меркаванне, што сітуацыя незвычайная і прымушае задумацца наконт працэсу праверкі. «Ці з’явілася нейкая новая інфармацыя пра гэтых валанцёраў? Ці гэта проста дыскрымінацыя прымае такую выродлівую форму?» — сказаў ён.
Распечатано с портала ZERKALO.IO