Экс-кіраўнік Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці (БФСС) Аляксандра Герасіменя, якая пакінула арганізацыю ў красавіку мінулага года, у інтэрв'ю для «Новай газеты Еўропа» больш дэталёва расказала пра прычыны таго кроку.
— Па-першае, у мяне ўзніклі пытанні наконт празрыстасці фінансавання, і я пачала іх задаваць, але замест адказаў атрымала даволі сур’ёзную негатыўную рэакцыю, — сказала Герасіменя. — А па-другое, пачалася вайна, і Фонду трэба было вельмі сур’ёзна перапрафіляваць дзейнасць. У сітуацыі вайны мы не можам бегаць і прасіць дапамогі для апальных беларускіх спартоўцаў: якая дапамога, калі з тэрыторыі нашай краіны ляцяць ракеты? Або прасіць санкцый супраць беларускага спорту — навошта, калі ўсе санкцыі пасля пачатку вайны ўводзяцца без усялякіх просьбаў?
Паводле слова трохразовай прызёркі Алімпіяды, падчас пераезду ў Польшчу Фонд сутыкнуўся «з праблемай двайной дыскрымінацыі». Беларускія дзеці, сем'і якіх беглі ад крымінальнага пераследу на радзіме, не маглі займацца ў польскіх спартовых секцыях праз свой пашпарт.
— І я адразу ж уключылася ў гэтую сітуацыю. Мы размаўлялі з журналістамі, з чыноўнікамі, я тлумачыла праблему. Потым пасля сустрэч з супрацоўнікамі польскага міністэрства спорту была нарэшце створаная рабочая група, якая займалася вырашэннем гэтых праблем. І такія рабочыя групы трэба было ствараць у кожнай краіне. Але тут мы не сышліся ў меркаваннях з [Аляксандрам] Апейкіным (выканаўчы дырэктар БФСС. — Заўв. рэд.). Плюс недавер з прычыны фінансавай непразрыстасці — карацей, я проста сышла, — заявіла Герасіменя.
Нагадаем, што 26 снежня 2022 года Мінскі гарадскі суд «завочна» асудзіў Герасіменю і Апейкіна на 12 гадоў калоніі. Іх прызналі вінаватымі па ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, скіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь).
Распечатано с портала ZERKALO.IO