Опубликовано 25 лiстапада 2022 у 17.25
Адрес в интернете: https://zerkalo-news.xyz/news/cellar/26952.html    

У беларускага амапаўца заўважаны пісталет пятага пакалення — у Беларусі такіх быць не мусіць. Расказваем чаму

На спаборніцтвах беларускіх амапаўцаў у руках аднаго з сілавікоў быў заўважаны пісталет, мяркуючы па ўсім, выпушчаны еўрапейскай кампаніяй не пазней за 2017 год — але іх пастаўка ў Беларусь законным шляхам немагчымая. Расказваем, што гэта за зброя і як яна магла трапіць у нашу краіну.

Што здарылася

20 лістапада ў пасёлку Гарані Мінскага раёна прайшлі спаборніцтвы «АМАП-рэйд» на зноў адкрытым вучэбна-тактычным палігоне АМАП ГУУС Мінгарвыканкама (апошні знаходзіцца на тэрыторыі Цэнтра падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў МУС Рэспублікі Беларусь). Удзел у мерапрыемстве бралі ўсе падраздзяленні сталічнага атрада міліцыі асаблівага прызначэння.

На адным з апублікаваных фота быў сілавік, які цэліцца з пісталета — гэтая зброя і забрала нашую ўвагу. Канал «Я-ВОЕННЫЙ.БЕЛ» адзначыў, што ў руках у амапаўца — мадэль, падобная да аўстрыйскага Glock 17 пятага пакалення. Прыгледзеўшыся да здымка, мы можам канстатаваць, што, хутчэй за ўсё, гэта сапраўды так (чаму — раскажам ніжэй).

Гэтая мадэль пісталета адметная не нейкімі асаблівымі тэхнічнымі характарыстыкамі, а датай выпуску. Пятае пакаленне «Глок 17» з’явілася на рынку ў 2017 годзе — то-бок на шэсць гадоў пазней, чым Еўрасаюз наклаў на Беларусь зброевае эмбарга.

Нагадаем, пасля жорсткага разгону мітынгу на плошчы Незалежнасці ў снежні 2010 года Еўрасаюз узмацніў санкцыі ў дачыненні да беларускага кіраўніцтва. Спасылаючыся на пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека, дэмакратыяй і верхавенствам закона ў Беларусі, ЕС у тым ліку забараніў любыя пастаўкі афіцыйнаму Мінску зброі, ваеннай тэхнікі і тэхнікі, якая можа быць выкарыстаная для рэпрэсій унутры краіны. Таксама санкцыі прадугледжваюць абмежаванні на экспарт зброі з нашай краіны, бо забараняюць удзел арганізацый, што базуюцца ў ЕС, у перадачы грашовых сродкаў або рэсурсаў «Белтэхэкспарту» (ключавому пастаўшчыку ўзбраенняў з Беларусі на сусветны рынак).

Зброевае эмбарга падаўжалася некалькі разоў і ў цяперашні час дзейнічае да 28 лютага 2023 года — ніводнага перыяду, калі б яно не дзейнічала, з 2011 года не было.

Мадэль Glock 17 вырабляецца з 2017 года кампаніяй Glock GmbH з Аўстрыі, чальца Еўрасаюза. Адпаведна, у Беларусь гэты пісталет мог быць пастаўлены толькі ў абыход еўрапейскага заканадаўства.

Што значыць «пісталет пятага пакалення»?

Пятае пакаленне — умоўная назва пятай па ліку мадэрнізацыі Glock 17, якая не такая маштабная, каб лічыць яе новай мадэллю.

Якім бы прасунутым для свайго часу ні быў пісталет на момант прыняцця на ўзбраенне, з часам ён састарваецца. З’яўляюцца новыя інжынерныя рашэнні, у іншых краінах таксама выпрабоўваюць і прымаюць новыя ўзоры, выкарыстоўваюцца новыя матэрыялы. Можна, вядома, на аснове вынаходак рабіць новы пісталет і пастаўляць у сілавыя структуры — але гэта абыдзецца ў вельмі вялікую суму, плюс асабістаму складу давядзецца часта перавучвацца на чарговую мадэль, за што ён «дзякуй» наўрад ці скажа.

Ёсць яшчэ варыянт зрабіць выгляд, што прагрэсу не існуе — і дзесяцігоддзямі пакідаць на ўзбраенні старую мадэль. Так зрабіў СССР: прыняты ў канцы 1940-х гадоў пісталет Макарава ў першыя гады службы быў цалкам прыстойнай зброяй, адпаведнай свайму часу. Аднак на момант распаду Савецкага Саюза гэты ж ПМ быў ужо вельмі састарэлай з усіх пунктаў гледжання мадэллю — а ніякай масавай замены яму не было, ды і цяпер няма. Такая палітыка рана ці позна пакіне войска з безнадзейна адсталым узбраеннем.

Нарэшце, ёсць найлепшы, як здаецца, падыход — пільна сачыць за навінамі і перыядычна ўносіць у канструкцыю пісталета самыя важныя змены, робячы яго крыху лепшым. А потым яшчэ раз, і яшчэ. У кожны канкрэтны момант невялікія мадэрнізацыі не вельмі радыкальныя і дарагія — а ў выніку байцы заўсёды будуць мець больш-менш сучасную зброю.

Glock 17 первого поколения. Фото: wikipedia.org
Glock 17 першага пакалення. Фота: wikipedia.org

Мадэль Glock 17 змянялася менавіта так. Першапачаткова стваральнік зброі Гастон Глок рабіў свой пісталет для невялікай аўстрыйскай арміі — замоўленая ў 1982 годзе партыя складала ўсяго 25 тысяч экзэмпляраў (на сёння выраблена каля 20 мільёнаў пісталетаў). Аднак зброя аказалася вельмі надзейнай, дакладнай і лёгкай дзякуючы шырокаму выкарыстанню палімераў замест сталі.

Пісталет пачалі купляць ва ўсім свеце, і ўжо ў 1989 годзе з’явілася другое пакаленне «глока». Змены аказаліся невялікімі — да прыкладу, новая тэкстура паверхні рукаяткі спрыяла лепшаму трыманню. Трэцяе пакаленне атрымала выемкі пад пальцы стралка на рукаятцы, мацаванне для падствольнага ліхтара, чацвёртае — мацнейшую спружыну для лепшай працы затвора, магчымасць з дапамогай зменных насадак адаптаваць рукаятку пад рукі розных памераў і іншыя змены (усе мы пералічваць не будзем).

Пятае пакаленне Glock 17 стала пабочным прадуктам няўдалай спробы кампаніі Glock узброіць сваімі пісталетамі войска ЗША — амерыканцы абвясцілі конкурс, які завяршыўся ў студзені 2017 года. Перамог канкурэнт «глока» — SIG Sauer P320, аднак аўстрыйскія напрацоўкі, зробленыя падчас распрацоўкі мадэлі, захаваліся і заахвоцілі пяты раз мадэрнізаваць Glock 17.

Галоўнымі плюсамі новага пісталета сталі велізарная надзейнасць і даўгавечнасць плюс высокая дакладнасць. Новае «алмазападобнае» пакрыццё затвора nDLC дазволіла забяспечыць лепшую абарону ад карозіі і драпін. У мадэлі з’явіўся новы ствол Glock Marksman Barrel (GMB), які дазваляе страляць дакладней (уласна, назва перакладаецца прыкладна як «снайперскі ствол Глока»). Пісталет стаў значна «лаяльнейшы» да выкарыстання ляўшамі — цяпер і кнопка выкіду магазіна, і кнопка затрымкі затвора дубляваныя з абодвух бакоў.

Glock 17 пятого поколения. Фото: us.glock.com
Glock 17 пятага пакалення. Фота: us.glock.com

Выемкі пад пальцы зніклі — пасля выкарыстання гэтага новаўвядзення ў трэцім і чацвёртым пакаленнях пісталета распрацоўшчыкі ўсё ж вырашылі, што памер рук у людзей занадта розны, каб гэта было зручна ўсім (а яшчэ ў залежнасці ад сітуацыі стралок можа насіць ці не насіць пальчаткі).

Некаторыя паляпшэнні закранулі магазін — цяпер яго стала прасцей мяняць. І без таго надзейны пісталет стаў цяпер літаральна незабівальным — калі першапачаткова рэсурс стральбы без асечак і затрымак для «глокаў» складаў 11 000 стрэлаў, то ў пятым пакаленні ён вырас да 30 000.

У продажы новыя «глокі» з’явіліся ў 2017 годзе, на сёння гэта самая сучасная версія зброі.

Чаму мы лічым, што ў руках сілавіка менавіта пісталет пятага пакалення

Частку адметных асаблівасцяў, па якіх апазнаецца пятае пакаленне, на здымку не разгледзець. Да прыкладу, незразумела, ці ёсць у рукаяткі выемкі пад пальцы — зброю трымае ў руках амапавец, і рукаятка практычна не відаць. Аднак калі прыгледзецца, то можна выразна разгледзець, што ў пярэдняй частцы затвора пісталета ёсць відавочны скос, дэталь нібы сыходзіць на конус (гэта так і называецца — конусные пярэднія грані затвора). Ва ўсіх папярэдніх пакаленнях «Глока 17» затвор выкананы без гэтых вынаходстваў (адрозненні можна ўбачыць на здымку ніжэй).

Фото: t.me/iammilitary
Пісталет, заўважаны ў руках беларускага сілавіка (пад ствалом замацаваны здыманы ліхтар). Фота: t.me/iammilitary

Такое рашэнне патрэбнае для таго, каб пісталет лягчэй уваходзіў у кабуру — «скошаны» затвор зніжае шанец таго, што зброя зачэпіцца. Такая канструкцыя раней выкарыстоўвалася толькі ў кампактных (Glock 26) і камерцыйных (Glock 34) мадэлях, але не ў класічным Glock 17.

Калі прыгледзецца да затвора цалкам, то можна ўбачыць, што ён афарбаваны ў досыць глыбокі чорны колер, мала адрозны ад колеру астатніх частак зброі. Такая афарбоўка характэрная менавіта для пятага пакалення і невыпадковая: так выглядае ўжо згаданае «алмазападобнае» пакрыццё nDLC — папярэднія варыянты «глокаў» апрацоўвалі па іншай тэхналогіі, якая дае трохі святлейшую афарбоўку з выразным металічным бляскам.

Слева Glock 17 пятого поколения, справа четвертого. Видна разная форма передних граней затвора-кожуха и несколько более темный цвет у модели слева. Скриншот видео
Злева — Glock 17 пятага пакалення, справа — чацвёртага. Відаць розная форма пярэдніх граняў затвора-кажуха і трохі цямнейшы колер у мадэлі злева. Скрыншот відэа YouTube-канала ARHADYR

Ускосным сведчаннем можа служыць таксама наяўнасць насечак і ў пярэдняй, і ў задняй частцы затвора. Яны патрэбныя для таго, каб лягчэй узводзіць затвор — да прыкладу, калі рукі стралка мокрыя. Абавязковай наяўнасць пярэдніх насечак (па-англійску яны называюцца front serrations) на «глоку» пятага пакалення не з’яўляецца, іх заказваюць апцыянальна. Цяпер кампанія-вытворца прапануе такую магчымасць толькі для Glock 17 пятага пакалення, аднак раней падобнае сустракалася (хоць і рэдка) і на чацвёртым. Таму гэты доказ мы можам выкарыстоўваць толькі ў дадатак да астатніх.

Ці мог пісталет быць выраблены ў Расіі?

Не, легальна ў Расіі «глокі» пятага пакалення ніколі не вырабляліся. Зборка аўстрыйскіх пісталетаў расійскімі прадпрыемствамі мела месца — да прыкладу, гэтым займалася група кампаній «Промтехнологии». Аднак зборка вялася з 2012 года — тады пятага пакалення яшчэ фізічна не існавала, і на прадпрыемстве збіралі чацвёртае.

Таксама расіяне выпускалі клон «глока» пад маркай GM-100, аднак для яго выкарыстоўваліся дэталі яшчэ больш ранняй версіі — трэцяга пакалення. Зрэшты, у расійскіх збройных крамах «Глок 17» апошняй версіі можна купіць і цяпер.

Мы адправілі пытанне пра тое, як магла аўстрыйская зброя трапіць да беларускіх сілавікоў, у кампанію Glock GmbH. Як толькі мы атрымаем адказ, ён будзе апублікаваны ў гэтым артыкуле.

Ці сустракаліся пісталеты або іншая падсанкцыйная зброя ў беларускіх сілавікоў?

«Глокі» — не. Аўстрыйскія пісталеты ёсць у некаторых спецпадраздзяленняў Беларусі, аднак, мяркуючы па ўсім, яны былі пастаўленыя яшчэ да ўвядзення эмбарга. Так, Glock 17 былі ўзброеныя байцы «Альфы», якія ўдзельнічалі ў разгонах пратэстаў у жніўні 2020 года. Аднак па здымках ні разу нельга было дакладна сказаць, што пісталеты належаць да пятага пакалення. Да прыкладу, 17-я мадэль была заўважаная падчас падрыхтоўкі беларускіх вайскоўцаў да «Армейскіх міжнародных гульняў» у ліпені 2022 года — пісталет знаходзіцца ў кабуры байца, і ясна бачныя выемкі для пальцаў на рукаятцы (то-бок гэта альбо трэцяе, альбо чацвёртае пакаленне).

У 2020 годзе падчас здушэння пратэстаў беларускія сілавікі выкарыстоўвалі таксама светлашумавыя гранаты чэшскай вытворчасці з пазначанай на карпусах датай 2012. Улічваючы, што зброевае эмбарга было ўведзенае ў 2011-м, гэта можа служыць сведчаннем паставак узбраенняў у абыход санкцый — аднак дата можа быць проста тэрмінам прыдатнасці боепрыпасаў.

«Зеркало»


Распечатано с портала ZERKALO.IO