Качанава вярнулася да тэмы чайлдфры. Хоча «своечасова растлумачыць» моладзі, што ўсе іх поспехі прападуць дарма без перадачы досведу дзецям
19 сакавiка 2025 у 1742364600
Ігнат Пекарэвіч / «Зеркало»
Беларусі навязваюць субкультуру чайлдфры, і таму моладзі трэба «своечасова растлумачыць, што жыццёвы поспех і досвед бессэнсоўныя, калі іх няма каму перадаць», заявіла кіраўніца Савета Рэспублікі Наталля Качанава. Яна расказала, што ў традыцыях славян - мець вялікія сем'і, паведамляе прэс-служба Савета Рэспублікі.
«Адным з выклікаў, якія навязваюцца нам звонку, з'яўляецца навамодная субкультура "чайлдфры", сутнасць якой - у свядомым нежаданні нараджаць і выхоўваць дзяцей. Як кажа наш прэзідэнт, парадыгму такога мыслення трэба мяняць. Ёсць рэчы, якія маладыя людзі проста не могуць зразумець з прычыны свайго ўзросту. Але мы, старэйшае пакаленне, можам і павінныя своечасова растлумачыць, што жыццёвы поспех і досвед бессэнсоўныя, калі іх няма каму перадаць», - сказала Наталля Качанава.
Паводле яе словаў, «любая папулярызацыя ідэй бяздзетнай сямейнай пары ў нашай інфармацыйнай і культурнай прасторы недапушчальная». А ад уладаў патрабуюцца новыя рашэнні, скіраваныя на «стабілізацыю і паляпшэнне дэмаграфічнай сітуацыі, павышэнне нараджальнасці, умацаванне інстытуту сям'і і шлюбу».
«У нашых традыцыях, славян, - гэта вялікія сем'і, гэта сем'і з дзецьмі, гэта мама-тата, якія выхоўваюць сваіх дзяцей у традыцыях, якія ёсць на нашай беларускай зямлі», - заявіла Качанава.
Яна лічыць, што на нараджэнне дзяцей у Беларусі ўплываюць больш не матэрыяльныя стымулы, а ўсё «ідзе з сям'і». Таму трэба з дзяцінства прышчапляць дзіцяці, «наколькі каштоўна сёння мець вялікую сям'ю».
Нагадаем, барацьба ўладаў з чайлдфры ідзе не першы год. Так, яшчэ ў 2023 годзе тэматычныя супольнасці ў сацсетках былі првзнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Падставай стала «распальванне варожасці да дзіцячага насельніцтва».
Пры гэтым інфармацыю па нараджальнасці і смяротнасці Белстат апошні раз абнаўляў у траўні 2020 года. З таго часу арганізацыя перастала публікаваць гэтыя звесткі (і не толькі іх).
Апошні «Дэмаграфічны штогоднік» ведамства выпусціла па выніках 2019 года. Пасля гэтага Белстат спраўна абнаўляў інфармацыю пра насельніцтва Беларусі ў цэлым, выпускаў штогадовыя зборнікі з мноствам паказчыкаў. Але пра колькасць народжаных і памерлых там не паведамлялі, як не публікавалі і паказчыкаў міграцыі.
Чытайце таксама